Вайна Украіны і Расеі ўсё ж будзе зацяжной? Ці можна гэтага пазбегчы? Аналізуем сітуацыю


Логіка падзеяў на фронце ў 2023 годзе паказвае на тое, што поўнамаштабная вайна Украіны і Расеі сёлета або ў пачатку 2024 года не закончыцца. Гэта дэ-факта прызнаюць у Кіеве. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заклікаў краіны Захаду рыхтавацца да зацяжной вайны і павялічваць выдаткі на абарону. Ці сапраўды вайна ва Украіне будзе цягнуцца гадамі і ці можна разлічваць на нечаканую развязку?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На лініі фронту ля Бахмуту, Данецкая вобласць.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News

Завышаныя чаканні

На Захадзе ўпершыню пачалі казаць пра пагрозу зацяжной вайны ва Украіне яшчэ ўлетку 2022 года. У прыватнасці, адпаведныя заявы рабілі Енс Стольтэнбэрг і тагачасны брытанскі прэм’ер-міністр Борыс Джонсан. Аднак бліскучы контрнаступ ЗСУ на Харкаўшчыне і Херсоншчыне ўвосень 2022 года паспрыяў з’яўленню больш аптымістычных прагнозаў, паводле якіх вайна магла закончыцца ўжо ў 2023 годзе.

Сапраўды, па выніках першых 10 месяцаў вайны Украіна здолела вызваліць 40 % акупаваных тэрыторыяў. Прычым зроблена гэта было, калі ў ЗСУ яшчэ не было ні найноўшых зенітных сістэмаў, ні сучаснай бранятэхнікі, ні дастатковай колькасць боепрыпасаў. Лагічна было дапусціць, што, атрымаўшы новую зброю і тэхніку, Украіна працягне вызваляць свае землі як мінімум тымі ж тэмпамі. Напрыклад, кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў абяцаў, што да канца лета ЗСУ выйдуць да межаў 1991 года, а да канца 2023 года баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны ўвогуле закончацца.

Аднак контрнаступ ЗСУ пайшоў не так, як планавалася. Толькі ў жніўні 2023 года ўкраінскія вайскоўцы змаглі цалкам пераадолець першую лінію абароны РФ на поўдні і ўклініцца ў «лінію Суравікіна». За тры з паловаю месяцы контрнаступу 2023 года былі вызваленыя 260 км² – у 14,5 разу менш, чым за тыдзень контрнаступу ЗСУ на Харкаўшчыне ў верасні 2022 года. Замест бліцкрыгу баявыя дзеянні набылі характар пазіцыйнай вайны, вайны на знясіленне.

Лёс контрнаступу ЗСУ ў 2023 годзе яшчэ не вызначаны. Belsat.eu не раз у сваіх матэрыялах тлумачыў, што тэмпы аперацыі на Запарожскім фронце могуць рэзка змяніцца, і ўкраінцы яшчэ маюць шанец прарвацца да мора. Абвал фронту не выключаюць і некаторыя прадстаўнікі Z-супольнасці. Разам з тым, нават калі да канца года ЗСУ дасягнуць пастаўленых мэтаў на поўдні, то гэта яшчэ не будзе азначаць выхаду да межаў 1991 года і завяршэння вайны. Сцэнар зацяжнога канфлікту цяпер выглядае значна больш імаверным, чым год таму.

Аналітыка
Момант ісціны ўсё бліжэйшы. Тлумачым, як цяпер развіваецца контрнаступ ЗСУ
2023.09.19 07:26

Праблема рэсурсаў

Зацягванню вайны спрыяе камбінацыя дзвюх фактараў: бескампраміснасць пазіцыяў Расеі і Украіны ды абмежаванасць іх вайсковых рэсурсаў.

Ні Масква, ні Кіеў не дэманструюць гатовасці ісці на палітычныя саступкі дзеля мірнага ўрэгулявання. Украінскае кіраўніцтва настойвае на поўным вызваленні акупаваных тэрыторыяў, у тым ліку Крыму. Без аднаўлення сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці Украіна нават размаўляць з Расеяй аб мірным урэгуляванні не збіраецца. Расейскае кіраўніцтва, у сваю чаргу, падкрэслівае, што статус Крыму, Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў яны абмяркоўваюць не будуць – гэтыя ўкраінскія тэрыторыі Крэмль лічыць сваймі. Акрамя таго, аналітыкі мяркуюць, што Уладзімір Пуцін не адмовіўся ад максімалісцкіх мэтаў падпарадкавання Расеі ўсёй Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец на лініі фронту ў ваколіцах Андрэеўкі, Данецкая вобласць.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News

Ні Масква, ні Кіеў не прымуць такіх умоваў супрацьлеглага боку добраахвотна. Прымусіць да гэтага праціўніка можна толькі за кошт ваеннай перамогі. Аднак тут паўстае праблема рэсурсаў: ніводны з бакоў цяпер не мае іх у тым аб’ёме, каб забяспечыць вызначальную перавагу.

Першапачатковы этап, калі Расея магла задушыць Украіну за кошт вялізарнай перавагі ў вайсковых рэсурсаў, даўно мінуў. Праз велізарныя страты расейскага войска і дзякуючы дапамозе Украіне з боку саюзнікаў магчымасці бакоў паводле шэрагу паказнікаў зраўняліся, ці прынамсі скараціўся разрыў. Імаверна, цяпер Украіна і Расея маюць парытэт у колькасці войскаў на фронце і, магчыма, у бранятэхніцы. Пры гэтым расейскае войска захоўвае бясспрэчную перавагу на моры і ў паветры, а таксама мае больш артылерыі. А ЗСУ пераўзыходзяць праціўніка ў выведцы, сродках сувязі, лагістыцы і некаторых відах высокадакладнай зброі. Не да канца зразумелай застаецца сітуацыя з боепрыпасамі – абодва бакі перыядычна скардзяцца на іх нястачу.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Фактычна Расея і Украіна на гэтым этапе маюць дастаткова рэсурсаў, каб не саступіць, але недастаткова, каб перамагчы. Расклад сілаў можа паступова змяніцца за кошт стратаў на фронце, павелічэння замежнай дапамогі і нарошчвання ўласнай вайсковай вытворчасці. Аднак на гэта спатрэбіцца час. Напрыклад, пры самым аптымістычным сцэнары Украіна здолее змяніць сітуацыю ў паветры толькі ўвесну-ўлетку 2024 года, калі на фронце з’явяцца першыя амерыканскія знішчальнікі F-16.

Аналітыка
Чым адметныя самалёты F-16 і ці здолеюць змяніць хаду вайны?
2023.08.30 08:00

Фактар Захаду, на які разлічвае Кіеў

Амерыканскі навуковец Раман П. Мэйнпрайз у лютым 2023 года напісаў артыкул, у якім праводзіў паралелі паміж цяперашняй вайной і іранска-іракскім канфліктам 1980-х. Тады Іран і Ірак таксама займалі непрымірымыя пазіцыі і пры гэтым не мелі рашучай перавагі ў вайсковых рэсурсах. У выніку вайна зацягнулася на восем гадоў і забрала жыцці мільёна чалавек.

Відавочная розніца паміж дзвюма войнамі – гэта пазіцыя міжнароднай супольнасці. Адносна вайны Іраку і Ірану Захад не меў кансалідаванай думкі і агулам вёў сябе непаслядоўна. Пазіцыі Захаду адносна расейска-ўкраінскай вайны, наадварот, вельмі ясная. Саюзнікі абяцаюць дапамагаць украінцам столькі, колькі будзе трэба.

У гэтым палягае вялізарная перавага Украіны ў супрацьстаянні з Расеяй. ЗСУ можа развівацца за кошт заходніх паставак, а расейскае войска, наадварот, зазнае тэхналагічны рэгрэс і з часам будзе ўсё больш востра адчуваць абмежаванасць сваіх магчымасцяў (тым больш пад уплывам заходніх санкцыяў). Дастаткова сказаць, што ўвесну 2023 года, калі ЗСУ сталі атрымліваць ад саюзнікаў першыя «Брэдлі», «Леапарды» і «Чэленджэры», Расея пачала здымаць з захоўвання танкі Т-54/55, першыя мадыфікацыі якіх былі распрацаваныя яшчэ ў 1940–1050-х гадах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Граната і кулі ў акопах на лініі фронту ў ваколіцах Андрэеўкі, Данецкая вобласць.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News

Праблема палягае ў тым, што тэхналагічны рэгрэс будзе адчувацца значна менш, калі расейцы будуць проста трымаць абарону. Фактычна галоўнай прычынай павольных тэмпаў контрнаступу ЗСУ ў першыя месяцы аперацыі сталі расейскія мінныя палі і магутныя фартыфікацыйныя збудаванні, стварэнне якіх не патрабуе высокіх тэхналогіяў. Тэхналагічны рэгрэс Расеі, пры ўсёй велізарнай значнасці гэтага фактару, – гэта не тое, што можа гарантаваць хуткае завяршэнне вайны.

Брытанскі генерал Рычард Бэранз выказаў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі меркаванне, што для перамогі над Расеяй Захад мусіць працяглы час забяспечваць Украіну ўсім неабходным: зброяй, тэхнікай і боепрыпасамі. «На маю думку, гэтая справа прынамсі двух гадоў – каб даць Украіне магчымасць перамагчы Расею на полі бою і вызваліць усю сваю тэрыторыю», – заявіў ён.

Кіраўнік ГУР Буданаў выказаў упэўненасць, што Расея проста фізічна не здольная весці доўгачасовыя дзеянні. Але пры гэтым даў зразумець: тэрмін яшчэ 6–12 месяцаў працяглай вайной лічыць не варта.

Фактар Захаду, на які разлічвае Масква

Расея, у сваю чаргу, разлічвае, што Захад працяглы час падтрымваць Украіну не захоча, а без гэтага Кіеў будзе вымушаны пайсці на саступкі.

Логіка, якой кіруюцца ў Маскве, вельмі простая: падтрыманне Украіны і канфрантацыя з Расеяй патрабуе ад краінаў Захаду вялікіх выдаткаў (толькі вайсковая дапамога саюзнікаў за 1,5 года вайны склала $ 100 млрд). Гэтыя выдаткі грамадзяне заходніх краінаў могуць не ўхваліць і праз некаторы час прагаласаваць за палітыкаў, якія паабяцаюць ім цяперашні курс змяніць.

Нельга сказаць, каб спадзеў Крамля быў зусім беспадстаўны. У сакавіку 2023 года прэзідэнт Чэхіі, былы генерал Пэтр Павэл у інтэрв’ю «Rzeczpospolita» прызнаўся, што Украіна мае толькі адну спробу правесці буйнамаштабны контрнаступ. «Калі яна вырашыць пачаць буйное контрнаступленне і зазнае няўдачу, то атрымаць фінансаванне на наступнае будзе вельмі складана», – адзначыў ён. Паводле Паўла, падтрымваць цяперашні ўзровень дапамогі пасля наступнай зімы будзе вельмі цяжка, у тым ліку праз стомленасць Захаду.

Трывожным сігналам у гэтым сэнсе можна лічыць і саміт NATO ў Вільні, калі Украіну не запрасілі ў Альянс. Некаторыя заходнія медыі пабачылі ў гэтым рашэнні прыкметы вагання заходніх палітыкаў, якія пад уражаннем ад вельмі сціплых дасягненняў контрнаступу ЗСУ нібыта вырашылі не спальваць усе масты ў дачыненнях з Крамлём.

Неўзабаве пасля гэтага прагучала скандальная заява кіраўніка офісу генеральнага сакратара NATO Стыяна Енсэна, які заявіў, што адным з этапаў завяршэння вайны магла б стаць адмова Украіны ад часткі сваёй тэрыторыі ў абмен на сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе. Заходнія палітыкі адразу дэзавуявалі гэтую заяву, а сам натаўскі чыноўнік назваў свае словы памылкай. Аднак менавіта спадзеў на тое, што Захад аднойчы пагадзіцца дамовіцца з Расеяй за ўкраінскі кошт падштурхоўвае Крэмль рабіць стаўку на зацяжную вайну.

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Тое, што нельга пралічыць

Разам з тым, пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ паказаў, што прагнозы, якія грунтуюцца выключна на аналізе колькасных паказнікаў, могуць быць абсалютна памылковымі. У лютым 2022 года Захад быў перакананы, што Кіеў падзе за тры дні. «Камп’ютарныя разлікі прагназавалі, што Расея пераможа за 72–96 гадзінаў», – успамінаў потым камандуючы Корпусам марской пяхоты ЗША генерал Дэйвід Бэргер.

Камп’ютарныя разлікі не ўлічваюць маральнага духу вайскоўцаў і ўзроўню кампетэнтнасці камандавання, а менавіта гэтыя фактары мелі вызначальнае значэнне для краху расейскага бліцкрыгу. Звонку ацаніць гэты складнік у поўнай ступені немагчыма: часцей за ўсё, рэальнае становішча робіцца зразумелым ужо постфактум.

Пра праблемы з баявых духам, матываванасцю і дысцыплінай у расейскім войску размовы вядуцца як мінімум з лета 2022 года. Пра гэта казалі заходнія выведкі і аналітыкі, на гэта наракаў былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) і ягоныя паплечнікі. Летась меў месца шэраг бунтаў расейскіх мабілізаваных. Фіксавалася «надзвычай вялікая» колькасць інцыдэнтаў, злачынстваў і смерцяў, звязаных з ужываннем алкаголю. Нарэшце, чэрвеньскі мяцеж ПВК Вагнэра і чысткі каманднага складу Узброеных сілаў РФ таксама паказваюць на тое, што з маральным духам у войску, мусіць, не ўсё ў парадку. Апошнім часам вырасла колькасць сведчанняў пра здачу ў палон расейскіх вайскоўцаў і самавольнае пакіданне пазіцыяў. Усё гэта суправаджаецца стомленасцю ад вайны грамадства агулам.

Калі канцэнтрацыя гэтых негатыўных з’яваў дасягне крытычнага пункту і ці дасягне ўвогуле – прадказаць абсалютна немагчыма. Аднак гісторыя паказвае, што адбыцца гэта можа раптоўна і нечакана.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У акопах на лініі фронту ў ваколіцах Андрэеўкі, Данецкая вобласць.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News

Цяперашнія падзеі на фронце часта параўноўваюць з Першай сусветнай вайной. Але Першая сусветная – гэта не толькі прыклад канфлікту, дзе мінімальнае прасоўванне войскаў суправаджалася вялізарнымі чалавечымі стратамі. Гэта яшчэ і прыклад таго, як імгненна можа змяніцца расклад сілаў якраз за кошт маральнага фактару і ўнутранай нестабільнасці. Увесну і ў пачатку лета 1918 года Нямеччына была на піку сваіх ваенных поспехаў, нямецкае войска ірвалася да Парыжу. Але потым перамогі змяніліся паразамі, маральны дух агрэсара рэзка ўпаў, і ўжо ў лістападзе Нямеччына капітулявала. Шлях ад найвышэйшых дасягненняў да поўнай паразы заняў каля чатырох месяцаў. Палітычныя лідары і генералітэт краінаў Антанты на такі паварот зусім не разлічвалі – яны планамерна рыхтаваліся да кампаніі 1919 года.

Не менш выразна гэты прынцып спрацаваў у выпадку Расейскай імперыі. Лютаўская рэвалюцыя, якая зрабіла непазбежнай выхад краіны з Першай сусветнай вайны, адбылася не на піку паразаў 1915 года, а пасля поўнай стабілізацыі фронту і нават шэрагу поспехаў. У лютым 1917 года не назіралася перадумоваў для разгрому Расейскай імперыі на полі бою. Аднак унутраная нестабільнасць спачатку прывяла да рэвалюцыі, а потым і да ваеннай катастрофы. Мяркуючы з усяго, паўтарэнне такога сцэнара – галоўная фобія Крамля і ягоных прыхільнікаў.

Агляд
Ці скончыцца вайна ва Украіне ў 2023 годзе? Эксперт – пра магчымыя сцэнары
2023.09.17 12:01

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў