Ці скончыцца вайна ва Украіне ў 2023 годзе? Эксперт - пра магчымыя сцэнары


Украіна ўступае ў адзін з найважнейшых перыядаў сваёй гісторыі. У бліжэйшыя паўгода будзе вызначаны вектар далейшых абмеркаванняў фармату спынення вайны. Ва Украінскім інстытуце будучыні выступіў з дакладам палітолаг Ігар Тышкевіч. Ён распавёў пра магчымыя сцэнарыі завяршэння вайны ва Украіне, калі і пры якіх умовах гэта можа адбыцца. Распавядаем самае цікавае.

Адкрытая дыскусія-прэзентацыя «Сцэнарыі заканчэння вайны» ва Украінскім інстытуце будучыні. На здымку – спікер Ігар Тышкевіч. Кіеў, Украіна. 14 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Вайна РФ супраць Украіны вядзецца з 2014 года. За гэты час працэсы прайшлі фармат эскалацыі, спробы выйсці на палітычны трэк урэгулявання ў выглядзе менскіх пагадненняў і, нарэшце, новы, «гарачы» этап, які пачаўся ў лютым 2022 года.

Ігар Тышкевіч паспрабаваў ацаніць існуючыя сцэнары, заснаваныя на палітычнай, эканамічнай і ваенна-рэсурснай базе бакоў, а таксама на пазіцыянаванні знешніх гульцоў, так ці інакш уцягнутых у крызіс бяспекі ў рэгіёне.

У дакладзе апісваюцца сем ключавых сцэнароў заканчэння вайны. Пачынаючы з найменш магчымых і нават фантастычных на дадзеным этапе, заканчваючы цалкам магчымымі ўжо ў 2024 годзе.

«Пытанне «калі» і «як» скончыцца вайна звязаныя», – адзначыў Тышкевіч.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

Што ўплывае на тое, як скончыцца вайна

Эксперт вылучае шэсць фактараў, якія граюць ролю ў вызначэнні сцэнару развязвання ваеннага канфлікту:

– Эканоміка: якасць жыцця грамадзян і іх гатоўнасць працаваць «на вайну». Калі казаць пра расейцаў, варта адзначыць тэхналагічны голад, недахоп рэсурсаў. Для Украіны найперш важны чыннік – падзенне ўзроўню эканомікі, а таксама магчымасць вырабляць самастойна зброю;

– Вонкавыя партнёры: гатоўнасць іншых дзяржаваў дапамагаць Украіне. Гэта важна як для ўкраінцаў (палітычная і ваенная дапамога), так і для расейцаў (міжнародная ізаляцыя, адсутнасць выхаду на рынкі);

– Рызыка маштабавання канфлікту: вялікай вайны не хоча ніхто;

– Узровень стратаў і мабілізацыйны патэнцыял;

– Узровень тэхналагічнага развіцця ўласнага ВПК;

– Кансэнсус сярод супердзяржаваў.

«Для Расеі гэта не проста вайна з Украінай. Расея паступова губляла статус супердзяржавы. Па традыцыі расейскай дыпламатыі праз эскалацыю адбылася спроба прадэманстраваць сваю моц, рэсурсную і ідэалагічную базу, што Расея мае магчымасць і рэсурс уплываць на іншыя дзяржавы. Параза Украіны падвысіла б геапалітычны статус Расеі, але Расея ўлезла ва украінскую пастку, а выйсці не можа, бо выйсці без карцінкі хоць нейкай перамогі – гэта канчаткова страціць статус вялікай дзяржавы. Таму Расея, на жаль для ўкраінцаў, будзе да канца імкнуцца прадэманстраваць хоць нейкую гісторыю поспеху», – кажа Ігар Тышкевіч.

Адкрытая дыскусія-прэзентацыя «Сцэнарыі заканчэння вайны» ва Украінскім інстытуце будучыні. На здымку – спікер Ігар Тышкевіч. Кіеў, Украіна. 14 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Сцэнары для Расеі

Эксперт вылучае тры сцэнары таго, што можа адбыцца з Расеяй:

Сцэнар 1. Перамога РФ. У гэтым сцэнары распад Украіны, якая будзе слабой у цяні Крамля.

Аднак распад Украіны сёння не выгадны нікому з сусветных гульцоў, а павелічэнне ўплыву Расеі гэта хутчэй мінус сёння, чым плюс. Таму такі сцэнар малаверагодны.

Сцэнар 2. Паслабленая Расея.

Тут ёсць некалькі варыянтаў, кожны з якіх у той ці іншай ступені выгодны розным гульцам:

– Расея Пуціна. РФ выходзіць з вайны, Пуцін і яго сістэма застаюцца.

У пэўнай ступені гэты варыянт выгодны КНР, Турэччыне, Старая Еўропа і Велікабрытанія могуць з ім змірыцца (але тут кансэнсусу няма). Не выгодны гэты варыянт ЗША і Усходняй Еўропе.

– Вежы Крамля без Пуціна.

Сёння гэта базавы сцэнар. Палацавы пераварот, невялікі палітычны крызіс прывядзе да звяржэння Пуціна, але яго сістэма застанецца. Гэта выгодна ўсім сусветным гульцам, бо ім зразумела, як з такой сістэмай працаваць без «таксічнага» Пуціна.

– Крызіс і спроба дэмакратызацыі ў Расеі. Старая сістэма больш не можа надалей кіраваць працэсамі ў РФ, што азначае яе дэмантаж. Гэты варыянт прымальны практычна для ўсіх гульцоў, але вялікага крызісу ў Расеі ўсё ж баяцца.

Сцэнар 3. Паражэнне Расеі і яе распад.

Гэты варыянт прымальны толькі часткова для ЗША і Усходняй Еўропы. КНР, Турэччына, ЕЗ, Велікабрытанія – супраць. Ядравая зброя, дэстабілізацыя рэгіёну, падвешаны стан гандлёвых шляхоў – гэта вялікі страх, які дзесяцігоддзямі ўбіваўся палітыкам заходняга свету, якія не разумеюць: а што будзе, калі не будзе Расеі?

«Гэта хутчэй задача для ўкраінцаў навязваць еўрапейскім палітыкам дыскурс, што будзе, калі Расея атрымае паражэнне», – адзначыў эксперт.

Адкрытая дыскусія-прэзентацыя «Сцэнарыі заканчэння вайны» ва Украінскім інстытуце будучыні. Кіеў, Украіна. 14 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Ці мажлівы мір у 2023 годзе

Па словах Тышкевіча, у бліжэйшыя месяцы малаверагодны выхад на мірныя перамовы. Акрамя двух опцыяў: правал украінскага фронту (калі Расея пачне моцны наступ), што малаверагодна, альбо правал расейскага фронту. Усе іншыя варыянты немажлівыя.

Легітымнасць працягвання вайны

Расея: тут ёсць унутраная падтрымка вайны, стабільна высокая падтрымка Пуціна, стомленасці ад вайны ў грамадстве пакуль што няма.

Украіна: ёсць падтрымка вайны, Уладзіміра Зяленскага, але таксама крытыка атачэння ўкраінскага прэзідэнта на прымальным узроўні.

Вялікія дзяржавы не падтрымліваюць вайну ва Украіне, але часткова разумеюць амбіцыі Расеі (Аўстрыя, Вугоршчына і іншыя). Доказ гэтаму: РФ да гэтай пары не ў поўнай ізаляцыі.

Наяўнасць рэсурсаў (эканамічнага, арганізацыйнага, сілавога, ідэалагічнага)

Расея. Расейская эканоміка адаптуецца да санкцыяў. Фінансавых запасаў на вядзенне вайны такой інтэнсіўнасці хопіць яшчэ на 2-3 гады. З іншага боку, у ВПК адчуваецца недахоп тэхналогіяў, рэсурсаў і кадраў. Адбываецца зачыстка інфармацыйнага пратэснага поля, у тым ліку сярод ура-патрыётаў.

Украіна. Украінская эканоміка часткова зруйнаваная. Адчуваецца дэфіцыт знешняга гандлю, ускладненая лагістыка, і Расея спрабуе яшчэ больш пагоршыць гэтую сітуацыю, у тым ліку руйнуючы партовую інфраструктуру. Сітуацыя з ВПК пазітыўная: пачалося паступовае аднаўленне пасля шоку 2022 года. Можна казаць пра ліквідацыю прарасейскай апазіцыі, узрастанне ролі сілавых структур. У краіны ёсць сілы для ўтрымання лініі фронту, працягваецца мабілізацыя для папаўнення кадравага голаду на фронце.

Аналітыка
Стаўка на знясіленне. Чаму невысокія тэмпы контрнаступу ЗСУ не павінны ўводзіць у зман
2023.07.13 11:41

Ідэалогія

Для Расеі няма вобразу перамогі ў гэтай вайне.

«Спачатку была дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя Украіны. Пасля былі размовы вакол Луганскай і Данецкай абласцей. З чэрвеня 2023 года расейскія СМІ пачалі прасоўваць тэзу: поспех – гэта ўтрыманне тэрыторыі, якую мы ўжо занялі. Расейскае «ні кроку назад». Але вобразу перамогі тут няма, як няма і вобразу будучыні. Перамаглі – а што далей?», – адзначае Ігар Тышкевіч.

Ва Украіне ёсць адна ідэя, якая аб’ядноўвае ўсіх – абарона дзяржавы. Але вобраза перамогі таксама няма. Што Украіна можа прапанаваць прарасейскі настроеным людзям на акупаваных тэрыторыях?

Знешняя падтрымка

У Расеі ёсць рынкі, але няма знешняй, тэхналагічнай падтрымкі. І гэта моцны фактар.

Ва Украіны ёсць знешняя, тэхналагічная, фінансавая, палітычная падтрымка. Але яна не гарантаваная: гэта добрая воля ўкраінскіх партнёраў, гэта немагчыма зафіксаваць у якасці абавязку.

Такім чынам, зараз абедзве краіны знаходзяцца ў перадкрызісным стане. Але ісці на саступкі ў аднабаковым парадку – гэта значыць дэстабілізаваць сваю дзяржаву. Таму ні адна з краін без зменаў балансу сіл не пойдзе на мірныя перамовы.

Адкрытая дыскусія-прэзентацыя «Сцэнарыі заканчэння вайны» ва Украінскім інстытуце будучыні. На здымку – спікер Вадзім Дзенясенка. Кіеў, Украіна. 14 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Сцэнары заканчэння вайны (на бліжэйшыя 12 месяцаў)

  1. Правал Украіны. Тэарытычна ён быў мажлівым на самым пачатку вайны, але на сёння яго ўжо дакладна не будзе, гэты сцэнар не цікавы нікому (акрамя Расеі, канешне).
  2. Замарозка. Вельмі выгадны для Расеі сцэнар. Ён можа рэалізавацца, калі цягам 6-8 месцаў ні Расея, ні Украіна не змогуць змяніць баланс сіл на фронце, пры гэтым вайна пачне дорага каштаваць для абедзвюх краін. Гэта фактычна перамір’е, і азначае тое, што вайна пачнецца зноў. Тэарытычна сцэнар магчымы пры адсутнасці падтрымкі Украіны знешнімі гульцамі. Аднак малаверагодны – гэта адкладзеная вайна, не вырашэнне праблемных пытанняў і перакладанне іх у будучыню.
  3. Менск-3. Украіна пад гарантыі бяспекі адмаўляецца ад акупаваных тэрыторый. Як адзначае Ігар Тышкевіч, на жаль, існуе вялікая небяспека падобнага сцэнару. Гэта тая ж «замарозка», але з пэўнымі дамоўленасцямі і палітычным трэкам.
  4. 38-я паралель. Нешта кшталту сітуацыі з Паўднёвай і Паўночнай Карэямі. Мірная дамова ў фармаце «мы адбудоўваем моцную Украіну ўнутры, а пасля нешта вырашым з акупаванымі тэрыторыямі». Гэты сцэнар нясе рызыку дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Таксама ён небяспечны для краін Балтыі: калі «38-я паралель» магчыма ва Украіне, чаму яна не можа быць магчымай у Эстоніі?
  5. Тактычная параза РФ: Расея перастае быць супердзяржавай, але захоўваецца як дзяржаўнае ўтварэнне. Для расейцаў будзе вельмі балюча, калі Украіна верне кантроль хаця б над часткай анексаванага ў 2014 годзе Крыму і Данбасу. Гэта можа спарадзіць унутраны палітычны крызіс. У такім выпадку большыя палітычныя, эканамічныя рэсурсы РФ будуць засяроджаныя ўнутры краіны, для захавання стабільнасці сітуацыі.
  6. Правал Расеі да межаў 1991 года. Магчымы, але не ў кароткатэрміновай перспектыве.
  7. Смерць Пуціна. Форс-мажор для расейцаў, які можа прывесці як да актывізацыі праімперскіх расейскіх сілаў у барацьбе за ўладу, так і хуткага выйсця з вайны.

Па словах Ігара Тышкевіча, базавыя сцэнары на сёння: вежы Крамля без Пуціна і тактычная параза РФ.

Аналітыка
Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?
2023.08.10 07:06

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў