news
Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
Толькі загінулымі агрэсар страціў ад 80 да 120 тысячаў байцоў.
24.08.202309:32

Поўнамаштабная вайна паміж Расеяй і Украінай цягнецца ўжо паўтара года. За гэты час колькасць загінулых вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, перавысіла 100 тысячаў чалавек, а з улікам цяжка параненых агульныя страты бакоў могуць складаць паўмільёна. Акрамя таго, страцілі жыццё мінімум 10 тысячаў мірных жыхароў. Belsat.eu сабраў усю даступную інфармацыю пра страты РФ і Украіны ў людзях і тэхніцы.

Страты расейскай арміі

Журналісты выданняў Бі-Бі-Сі і «Медиазона» на дзень 11 жніўня здолелі высветліць імёны 30 003 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах.

На падставе гэтага спісу журналісты Бі-Бі-Сі прыйшлі да высновы, што паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі страты расейскага войска забітымі могуць быць удвая большыя – каля 60 тысячаў чалавек. Гэтая ацэнка ўскосна пацвярджаецца супольным даследаваннем «Медузы» і «Медиазоны»: журналісты разлічылі залішнюю смяротнасць расейскіх мужчынаў і зрабілі выснову, што агульныя страты Расеі ў вайне да канца траўня 2023 года склалі 47 тысячаў чалавек. З таго часу мінула тры месяцы, лічба мусіла значна ўзрасці, бо ў чэрвені пачаўся ўкраінскі контрнаступ.

Яшчэ каля 102 тысячаў атрымалі цяжкія раненні або сталіся калекамі і ўжо не здолеюць вярнуцца на фронт. Такім чынам, мяркуюць журналісты Бі-Бі-Сі, агульныя незваротныя страты Расеі на пачатак жніўня маглі скласці мінімум 162 тысячы байцоў.

Важна разумець: даследаванні Бі-Бі-Сі, «Медиазоны» і «Медузы» не ўлічваюць салдатаў узброеных фармаванняў непрызнаных ЛНР і ДНР. На аснове адкрытых крыніцаў можна казаць пра гібель прынамсі 11 500 байцоў самаабвешчаных утварэнняў. Акрамя таго, у сацсетках Бі-Бі-Сі выявіла больш за 8400 паведамленняў і допісаў людзей, якія шукаюць сваякоў мужчынскага полу з шэрагаў фармаванняў ЛДНР, што даўно не выходзілі на сувязь. Такім чынам, нават калі ўлічваць толькі публічна даступныя звесткі, сукупныя страты тых, хто ваюе на баку Расеі, могуць перавысіць 80 тысячаў чалавек загінулымі. А агульныя незваротныя страты сягаюць 215 тысячаў.

Але і гэта яшчэ не столь. Паводле заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына, толькі падчас штурму Бахмуту ягоныя найміты страцілі забітымі 20 тысячаў чалавек (палова з іх – завербаваныя вязні, палова – звычайныя найміты-кантрактнікі). Былы лідар узброеных фармаванняў непрызнанай ДНР Ігар Гіркін (Стралкоў) увогуле сцвярджаў, што вагнэраўцы страцілі забітымі мінімум у паўтара разу болей – то бок 30 тысячаў. Калі гэтыя ацэнкі дакладныя, то выключна расейскія страты (без уліку фармаванняў ДНР) мусяць значна перавышаць 60 тысячаў чалавек. Характэрна, што амерыканскі Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) прыйшоў да высновы, што каля 60–70 тысяч салдатаў агрэсара былі забітыя ва Украіне яшчэ станам на люты 2023 года.

18 жніўня аўтарытэтнае выданне The New York Times са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША паведаміла, што сукупныя страты РФ ва Украіне набліжаюцца да 300 тысячаў чалавек: 120 тысячаў загінулых і 170–180 тысячаў параненых. Гэта пакуль самая высокая лічба загінулых і параненых акупантаў, якую прыводзіць незалежныя крыніцы.

Каласальныя страты Расея зазнала і ў вайсковай тэхніцы. Паводле праекту «Oryx», які вядзе падлік на падставе адкрытых фота- і відэадоказаў, расейская армія за 1,5 года вайны страціла 11 783 адзінкі тэхнікі (яна была знішчаная, падбітая або захопленая ЗСУ). У тым ліку 2253 расейскія танкі, 2680 БМП, 949 баявых браняваных машынаў, 343 бронетранспарцёры, 499 адзінак самаходнай артылерыі, 283 гарматы, 256 РСЗА, 85 самалётаў, 102 верталёты. Усё гэта мінімальныя лічбы. Аналітык «Oryx» Якуб Яноўскі мяркуе, што насамрэч страты ў тэхніцы прыкладна на 20 % вышэйшыя.

Знішчаная расейская тэхніка ў цэнтры Кіева. 21 жніўня 2023 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Знішчаная расейская тэхніка ў цэнтры Кіева. 21 жніўня 2023 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Знішчаная расейская тэхніка ў цэнтры Кіева. 21 жніўня 2023 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

У справаздачы брытанскага Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў (IISS) адзначалася, што толькі за першы год поўнамаштабнага ўварвання Расея страціла каля 50 % сваіх сучасных танкаў. У выніку расейскае войска было вымушанае здымаць з кансервацыі старую савецкую тэхніку. У сакавіку 2023 года справа дайшла нават да танкаў Т-54/55, першыя мадыфікацыі якіх былі распрацаваныя яшчэ ў 40-50-х гадах XX стагоддзя.

Страты ўкраінскага войска

Незалежныя медыі не займаюцца сістэматычным падлікам стратаў ЗСУ, таму звестак пра забітых і параненых з украінскага боку значна меней.

Украінскія ўлады не раз падкрэслівалі, што страты сілаў абароны засакрэчаныя на час ваеннага становішча. Апошні раз прадстаўнікі афіцыйнага Кіева агучвалі адпаведныя лічбы ў канцы 2022 года. У лістападзе тагачасны дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што колькасць загінулых украінскіх жаўнераў вагаецца паміж 10 і 20 тысячамі. А дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк 1 снежня паведаміў, што ўкраінскія страты складаюць ад 10 да 12,5–13 тысячаў загінулых.

Сёлета ніякія лічбы не агучваліся наагул. Прадстаўнікі Міністэрства абароны Украіны некалькі разоў казалі пра тое, што расейскіх жаўнераў на вайне гіне ў 10 разоў больш, чымся ўкраінскіх. Да такіх заяваў варта ставіцца скептычна, бо падчас вайны бакі зацікаўлены ў тым, каб завышаць чужыя і заніжаць свае страты. Аднак нават калі паверыць у суадносіны 1 да 10, то з улікам інфармацыі Генштабу ЗСУ, які заяўляе пра 258 тысячаў зліквідаваных акупантаў, атрымліваецца, што страты Украіны мелі б скласці 25–26 тысяч чалавек.

Разам з тым, шмат што ўказвае на тое, што страты Украіны сапраўды істотна ніжэйшыя за расейскія. Паводле інфармацыі амерыканскай выведкі, што ў лютым 2023 года трапіла ў медыі ў выніку выцеку, суадносіны стратаў Украіны і РФ забітымі былі прыкладна 1 да 2–2,5, а з улікам параненых – 1 да 1,5 (пры гэтым няясна, ці ўлічваліся тут загінулыя і параненыя з груповак ЛДНР). У жніўні 2023-га The New York Times са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША паведамляла пра прыкладна 70 тысячаў забітых украінскіх ваяроў і 100–120 тысячаў параненых. З улікам звестак выдання пра расейскія страты суадносіны складаюць 1 да 1,7 забітымі і 1 да 1,5 параненымі на карысць Украіны.

ДЛЯ ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗНОЎ СПАМПАВАЦЬ З FORUM! Кіеў, 21 жніўня 2023 года. Фота: Ukrinform / ABACA / Abaca Press / Forum
ДЛЯ ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗНОЎ СПАМПАВАЦЬ З FORUM!
Кіеў, 21 жніўня 2023 года. Фота: Oleksii Chumachenko / Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News
ДЛЯ ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗНОЎ СПАМПАВАЦЬ З FORUM! Кіеў, 21 жніўня 2023 года. Фота: Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum
ДЛЯ ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗНОЎ СПАМПАВАЦЬ З FORUM!

Падлік страчанай тэхнікі ўказвае на тое, што суадносіны насамрэч могуць быць для Украіны і больш аптымістычнымі. Паводле праекту «Oryx», украінскае войска за 1,5 года вайны страціла 4206 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 619 танкаў, 308 баявых браняваных машынаў, 698 БМП, 325 бронетранспарцёраў, 148 гарматаў, 206 самаходных артылерыйскіх установак, 50 РСЗА, 69 самалётаў і 32 верталёты. То бок агульныя страты расейцаў у тэхніцы ў 2,8 разу больш за ўкраінскія, у танках – у 3,6 разу, у БМП – у 3,8 разу, у РСЗА – у 5 разоў.

Высновы

Такім чынам, паводле розных ацэнак, страты расейскага войска (з улікам ПВК і фармаванняў ЛДНР) за паўтара года поўнамаштабнага канфлікту складаюць ад 80 да 120 тысячаў чалавек толькі забітымі. Гэта ў 5–8 разоў болей, чымся страціў увесь СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане. Увогуле вайна ва Украіне ўжо сталася адною з самых кровапралітных у гісторыі Расеі. Цяперашнія страты перавышаюць або нязначна саступаюць стратам Расеі ў савецка-фінскай вайне 1939–1940 гадоў (126 тысячаў загінулых), савецка-польскай вайне 1919–1921 гадоў (ад 70 да 100 тысячаў), расейска-японскай вайне 1904–1905 гадоў (каля 50 тысячаў), расейска-турэцкай 1877–1878 гадоў (больш за 100 тысячаў) і Крымскай вайне 1854–1856 гадоў (143 тысячы). За апошнія 200 гадоў толькі падчас абедзвюх сусветных войнаў Расея несла непараўнальна большыя страты, чымся пасля 24 лютага 2022-га.

Такім чынам, на вайне былі забітыя ад 105 да 190 тысяч вайскоўцаў Украіны і РФ, а з улікам параненых страты бакоў могуць дасягаць паўмільёна чалавек. Прычым у гэтым выпадку маюцца на ўвазе не ўсе параненыя (паводле экспертаў, на аднаго забітага прыпадаюць 3-4 параненых), а толькі цяжкія, якія ўжо не здолеюць вярнуцца на фронт (адпаведны каэфіцыент, паводле даследнікаў, складае 1 да 1,7).

Вялікія страты зазнала таксама цывільнае насельніцтва. Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) на дзень 13 жніўня заяўляла пра 9444 пацверджаныя выпадкі гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Яшчэ 16 940 мірных жыхароў, паводле падлікаў ААН, былі параненыя. Але звесткі OHCHR далёка не вычарпальныя – іх варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную планку, што прызнаюць самыя аўтары. Напрыклад, у гэтую лічбу не ўключаныя ахвяры аблогі і штурму Марыупалю, дзе цывільнае насельніцтва, імаверна, зазнала найбольшыя страты.

Кіеў, 22 жніўня 2023 года. Фота: Genya Savilov / AFP / East News
ДЛЯ ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗНОЎ СПАМПАВАЦЬ З FORUM! Кіеў, 22 жніўня 2023 года. Фота: Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum
ДЛЯ ПАЎТОРНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗНОЎ СПАМПАВАЦЬ З FORUM!
Кіеў, 22 жніўня 2023 года. Фота: Genya Savilov / AFP / East News

У студзені 2023 года камандуючы ўзброенымі сіламі Нарвегіі генерал Эйрык Крыстафэрсэн ацаніў сукупныя страты сярод мірных жыхароў Украіны на 30 тысячаў чалавек. У лютым 2023-га кіраўнік дэпартаменту Офісу генеральнага пракурора Юрый Белавусаў заявіў у інтэрв’ю «The Independent», што агульная колькасць ахвяраў цывільнага насельніцтва за год вайны магла скласці да 100 тысячаў чалавек.

Такім чынам, да 105–190 тысяч стратаў сярод вайскоўцаў трэба дадаць ад 10 да 100 тысячаў загінулых сярод цывільных. Атрымліваецца, што агулам у выніку 1,5 года поўнамаштабнай вайны пазбавіліся жыцця ад 115 да 290 тысячаў чалавек.

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Глеб Нержын belsat.eu