Стаўка на знясіленне. Чаму невысокія тэмпы контрнаступу ЗСУ не павінны ўводзіць у зман


Украінскае контрнаступленне трывае ўжо больш за месяц. Пакуль дасягненні ЗСУ абмяжоўваюцца тактычнымі поспехамі, глыбіня прасоўвання застаецца невялікай. Аднак характар аперацыі ў любы момант можа змяніцца – галоўны ўдар дагэтуль не нанесены. Belsat.eu разбірае сітуацыю з контрнаступам Украіны.

Украінскія вайскоўцы ў вёсцы Урэмаўка ў Данецкай вобласці. 8 ліпеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Што цяпер адбываецца на фронце

На дзень 11 ліпеня ЗСУ працягваюць наступальныя аперацыі на поўдні – на мэлітопальскім (заходняя частка Запарожскай вобласці) і бэрдзянскім кірунках (заходняя частка Данецкай вобласці на мяжы з Запарожскай). Імаверна, наступленне на абодвух участках фронту разлічанае на тое, каб адрэзаць або рассекчы паўднёвую групоўку войскаў РФ. Аднак пакуль украінцы пераадолелі толькі першую лінію расейскай абароны і, імаверна, наблізіліся да асноўнай лініі.

У Мінабароны Украіны падкрэсліваюць, што на поўдні цяпер «трываюць гарачыя баі». Расейскія вайсковыя карэспандэнты-прапагандысты паведамляюць пра новую хвалю ўкраінскіх атакаў на поўдні і нават некаторыя поспехі ўкраінцаў, на што акупанты адказваюць контратакамі. Расейцы наогул стараюцца прытрымвацца тактыкі актыўнай абароны і пасля здачы тых ці іншых пазіцыяў спрабуюць адразу адбіць іх. Гэтая тактыка, на думку брытанскага вайсковага гісторыка Лорэнса Фрыдмэна (Lawrence Freedman), можа быць на руку ЗСУ, «таму што расейскія сілы становяцца больш уразлівымі, калі яны сыходзяць са сваіх схаваных і абароненых пазіцыяў».

Адначасова ЗСУ працягваюць наступ на флангах у ваколіцах Бахмуту – аперацыя тут пачалася яшчэ ў сярэдзіне траўня. Мяркуючы з ўсяго, украінскія атакі на гэтым адцінку першапачаткова мелі абмежаваны характар і былі разлічаныя ў першую чаргу на скоўванне расейскіх рэзерваў. Аднак нават у такім абмежаваным фармаце ЗСУ здолелі стварыць для расейцаў сур’ёзныя праблемы ў гэтым раёне. Найбольшых поспехаў ЗСУ дасягнулі на паўднёвым флангу, каля Клішчыеўкі, Андрыеўкі і Курдзюмаўкі. Паводле «Conflict Intelligence Team», калі ўкраінцы здолеюць заняць гэтыя паселішчы, то расейцы будуць вымушаны адступіць да чыгункі, пасля чаго ўзнікне пагроза, што ЗСУ перарэжуць дарогу з Бахмуту і Горлаўкі.

Паводле намесніцы міністра абароны Ганны Маляр, у ваколіцах Бахмуту байцы ЗСУ «трымаюць пад агнявым кантролем уваходы, выхады і перамяшчэнне ворага па горадзе». «Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў працэсе прасоўвання наперад нашыя войскі ўзялі пад кантроль асноўныя паноўныя вышыні вакол Бахмуту», – заявіла яна 10 ліпеня.

Не выключана, што з улікам гэтых акалічнасцяў у далейшым значэнне бахмуцкага кірунку ў планах камандавання ЗСУ можа істотна вырасці.

Цуду не здарылася, але высновы рабіць рана

Спікер Генштабу ЗСУ Андрэй Кавалёў заявіў 10 ліпеня, што за апошні тыдзень украінскія вайскоўцы прасунуліся на поўдні больш чым на кіламетр і вызвалілі яшчэ звыш 10 квадратных кіламетраў. Агулам прасоўванне на Мэлітопаль і на Бэрдзянск з пачатку аперацыі складае 8,6 км. Агулам вызвалена 169 км² – гэта сувымерна з плошчай гораду Адэса. На бахмуцкім кірунку на мінулым тыдні ЗСУ вызвалілі ад акупантаў яшчэ 4 км² (агулам – 24 км² з пачатку аперацыі).

Украінскія вайскоўцы 57-й брыгады на пазіцыі ля Бахмуту, Данецкая вобласць. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

Інстытут вывучэння вайны (ISW) падлічыў, што за пяць тыдняў контрнаступу Украіна вярнула пад свой кантроль 253 км² тэрыторыі (методыка падліку амерыканскіх аналітыкаў адрозніваецца ад методыкі Генштабу ЗСУ). Гэта не нашмат менш, чым заваявала Расея ад пачатку 2023 года падчас зімова-вясновага наступу і бясконцых штурмаў Бахмуту. Аднак гэтая лічба не ідзе ні ў якое параўнанне з контрнаступленнем ЗСУ ў Харкаўскай вобласці ў верасні 2022 года – 3800 км² вызваленых тэрыторыяў за тыдзень. Тэмпы цяперашняй аперацыі таксама ніжэйшыя за тэмпы наступлення на Херсоншчыне ўвосень мінулага года: тады за 5–6 тыдняў ЗСУ вызвалілі 1170 км².

Пры гэтым варта разумець, што цяперашняе контрнаступленне ЗСУ праходзіць у зусім іншых умовах, чым наступальныя аперацыі восені 2022 года. Тады на баку Украіны гуляў эфект нечаканасці, наступ вёўся на слаба падрыхтаваныя пазіцыі, і Расея яшчэ не закончыла на той час мабілізацыю – то бок людскіх рэзерваў таксама не хапала. Цяпер гэтых козыраў ЗСУ пазбавіліся. Акупанты мелі шмат часу для таго, каб падрыхтаваць эшаланаваную абарону і вельмі шчыльна замінаваць палі на шляху ўкраінскіх вайскоўцаў. Пры гэтым Расея па-ранейшаму захоўвае перавагу ў агнявой моцы, у тым ліку за кошт авіяцыі, што само па сабе застаецца велізарнай праблемай. Былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Годжэс (Ben Hodges) у інтэрв’ю выданню «NV» адзначыў, што натаўскія генералы наогул ніколі б не кінулі сваіх вайскоўцаў у наступленне на падрыхтаваныя пазіцыі, не маючы поўнай перавагі ў паветры.

У гэтых умовах паўтарыць тэмпы Харкаўскага наступу было проста немагчыма. Таму замест імклівага прарыву цяпер можна заўважыць паступовае выгрызанне і расхістванне расейскай абароны. Дарэчы, украінскае кіраўніцтва і вайсковыя эксперты ніколі і не абяцалі бліцкрыгу. «Вы не можаце чакаць цуду ў кожнай аперацыі», – казаў на гэты конт міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

У Пэнтагоне лічаць, што занадта рана рабіць высновы аб эфектыўнасці ўкраінскага контрнаступу. «Мы цяпер перабываем у пачатку сярэдняй фазы», – заявіў прадстаўнік Пэнтагону ў палітычных пытаннях Колін Кол (Colin Kahl) 7 ліпеня.

Аналітыка
Контрнаступ ЗСУ: што мы ведаем і што застаецца загадкай. Аналізуем сітуацыю на фронце
2023.06.23 19:44

«Тэорыя шкла» або «тэорыя жалеза»?

Галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Вялікай Брытаніі Тоўні Радакін (Tony Radakin) лічыць, што наракаць на тэмпы ўкраінскага контрнаступу няма падставаў. Паводле яго, стратэгія Украіны палягае на тым, каб абяскровіць праціўніка, расцягваць расейскую абарону і наносіць удары. Гэтыя дзеянні паступова разбураюць расейскія абарончыя лініі. «Вось чаму вы бачыце, што Украіна спрабуе дзейнічаць на розных кірунках і робіць шмат манеўраў», – падкрэсліў ён у інтэрв’ю «Financial Times».

Аналагічны чынам ацэньвае сітуацыю аўстралійскі генерал у адстаўцы Мік Раян (Mick Ryan). Паводле яго, украінцы «няўхільна нарошчваюць ціск шырокім фронтам», шукаючы аптымальнае месца для пранікнення праз галоўную абарончую лінію расейскага войска.

У ISW лічаць, што на цяперашнім этапе для ЗСУ важная не хуткасць вызвалення тэрыторыяў, а «знясіленне расейскай арміі». Пра гэта гаворыць і сакратар РНБА Аляксей Данілаў: ён адзначае важнасць максімальнага знішчэння жывой сілы, тэхнікі, складоў паліва і боепрыпасаў, камандных пунктаў, артылерыі і сілаў СПА расейскай арміі. «Цяпер вайна на знішчэнне роўная вайне за кіламетры», – растлумачыў ён.

Украінскія вайскоўцы 57-й брыгады на пазіцыі ля Бахмуту, Данецкая вобласць. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

Аналітык аўтарытэтнага брытанскага Каралеўскага інстытуту аб’яднаных даследаванняў (RUSI) Джэк Ўотлінг (Jack Watling) мяркуе, што цяперашнімі атакамі адначасова на шэрагу адцінкаў ЗСУ хочуць прымусіць расейцаў кінуць у бой рэзервы і праявіць слабыя месцы ў абарончых лініях. «У нейкі момант украінцам трэба будзе вырашыць, куды накіроўваць асноўныя штурмавыя падраздзяленні, і наступ пяройдзе ў вызначальную фазу», – тлумачыць Ўотлінг. Аднак гэтае рашэнне мусіць быць заснаванае не на зафіксаваным графіку, а на ўмовах, якія цяпер украінскія вайскоўцы спрабуюць стварыць на фронце.

Карэспандэнт Бі-Бі-Сі Эндру Гардынг (Andrew Harding) назваў такі погляд на контрнаступленне ЗСУ «тэорыяй шкла». У адпаведнасці з гэтым падыходам, ніякага адхілення ад графіку няма: украінцы проста паступова нарошчваюць ціск, і праз некалькі тыдняў (або месяцаў) расейская абарона проста рассыплецца як шкло, што дазволіць ЗСУ вызваліць велізарныя тэрыторыі і падысці да Крыму.

Разам з тым, Гардынг у сваім артыкуле вызначае яшчэ два магчымыя сцэнары контрнаступлення – «тэорыю жалеза» і «тэорыю дрэва». У адпаведнасці з гэтымі падыходамі, ЗСУ здольныя толькі адсунуць лінію фронту на некалькі дзясяткаў кіламетраў, можа нават значна прарваць расейскую абарону, але разграміць праціўніка і паўтарыць поспех сваіх восеньскіх аперацыяў усё роўна не змогуць.

Такога песімістычнага пункту гледжання, у прыватнасці, прытрымваецца прафесар Гарвардскага ўніверсітэту імя Дагласа Дылана Грэям Элісан (Graham Allison). Паводле яго, істотна змяніць тэмпы наступлення ЗСУ не здолеюць, а пры цяперашняй хуткасці яны могуць вызваляць акупаваныя тэрыторыі яшчэ 16 гадоў. Ва Украіне таксама хапае тых, хто занепакоены тэмпамі аперацыі. Напрыклад, пра гэта заяўляў экс-камандуючы Аэрамабільнымі (дэсантна-штурмавымі) войскамі Украіны Іван Якубец. Ён лічыць, што «чым больш часу мы трацім на прасоўванне, тым больш мы будзем несці стратаў».

Крытычны этап

Пры гэтым усе эксперты пагаджаюцца з тым, што асноўныя сілы ЗСУ ў бой яшчэ не ўвялі. Па розных ацэнках, у рэзерве застаюцца ад 2/3 да 3/4 падрыхтаваных для контрнаступлення падраздзяленняў, а мо нават болей. На якім кірунку будзе нанесены галоўны ўдар і калі – таксама невядома.

Украінскія вайскоўцы ў Данецкай вобласці. 9 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

Брытанскі гісторык Лорэнс Фрыдмэн зазначае: на цяперашнім этапе контрнаступлення патэнцыял для прагрэсу ёсць, але ён пакуль не зрэалізаваны. Толькі калі наступіць фаза галоўнага ўдару, эфектыўнасць контрнаступу можна будзе вымяраць на мапе. «Гэта крытычны этап вайны, і шмат што залежыць ад таго, што адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні», – піша ён у сваім артыкуле за 8 ліпеня.

Такім чынам, галоўнае пытанне палягае ў тым, ці створаць бліжэйшым часам ЗСУ ўмовы для ўвядзення ў бой асноўных рэзерваў і ці здолеюць гэтыя рэзервы разбурыць расейскую абарону ды прынцыпова змяніць характар наступальнай аперацыі.

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў