Контрнаступ ЗСУ: што мы ведаем і што застаецца загадкай. Аналізуем сітуацыю на фронце


Украінскі контрнаступ трывае. ЗСУ дасягнулі некаторых тактычных поспехаў, аднак глыбіня прасоўванне застаецца невялікай, а тэмпы – вельмі нізкімі. Belsat.eu разбірае ход контрнаступлення і тлумачыць, чаму яшчэ рана рабіць высновы аб яго эфектыўнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы рыхтуюцца абстрэльваць расейскія цэлі з 120-мм мінамёту ля адной з нядаўна захопленых вёсак у Макараўцы, Данецкая вобласць, Украіна. 21 чэрвеня 2023 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

«Выгрызаюць кожны метр»

Па стане на 23 чэрвеня ЗСУ працягваюць наступальныя аперацыі на поўдні – на Мелітопальскім (заходняя частка Запарожскай вобласці) і Бердзянскім кірунках (заходняя частка Данецкай вобласці на мяжы з Запарожскай). Імаверна, наступленне на абодвух участках фронту разлічана на тое, каб адрэзаць або рассекчы паўднёвую групоўку войскаў РФ.

Найбольшых поспехаў ЗСУ пакуль дасягнулі на Бердзянскім кірунку. Шэсць з васьмі вызваленых пасля пачатку контрнаступу паселішчаў знаходзяцца менавіта там. Усе яны былі занятыя ўкраінскімі вайскоўцамі яшчэ да 11 чэрвеня.

Адзіным паселішчам, якое ЗСУ здолелі вызваліць пасля 11 чэрвеня, стала сяло Пятыхаткі – яно знаходзіцца на Мелітопальскім кірунку. Сяло Пятыхатка мае важнае значэнне для расейскай абароны: яно адкрывае шлях на Васільеўку, якая ўваходзіць у апорны трохкутнік Васільеўка-Такмак-Мелітопаль, а таксама дае выхад на поўдзень праз Жарабянку. Цяпер, як адзначае суполка Conflict Intelligence Team (CIT), ЗСУ як раз наступаюць у бок Жарабянкі.

Разам з тым, вызваленне Пятыхатак не прывяло да ўзрастання тэмпаў украінскага контрнаступу. Камандаванне амаль штодзень заяўляе пра прасоўванне на некаторых участках або «частковыя поспехі», але глыбіня аперацыі застаецца невялікай – ЗСУ літаральна «выгрызаюць кожны метр зямлі ў ворага». Па стане на 19 чэрвеня намесніца міністра абароны Ганна Маляр распавяла, што агулам прасунуцца атрымалася на адлегласць да 7 км. 22 чэрвеня спікер аб’яднанага прэс-цэнтру Сілаў абароны таўрычнага кірунку Валер Шэршань паведаміў, што ўкраінскія ваяры адваявалі яшчэ да 1 км.

Ні на Бердзянскім, ні на Мелітопальскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы пакуль не выйшлі да галоўнай лініі абароны. На гэтым тыдні ЗСУ ў зоне наступальнай аперацыі ў значнай ступені былі засяроджаны на вырашэнні задачаў тактычнага ўзроўню: выроўнівалі лінію фронту, замацоўваліся на занятых рубяжах і адбівалі контратакі расейскіх сілаў. У прыватнасці, расейская армія працягвае спробы зноў захапіць Пятыхаткі, аднак поспеху не маюць. Таксама нічога не атрымалася ў расейцаў падчас атакаў пад Вуглядарам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы абстрэльваюць цэлі з мінамёту ля адной з нядаўна захопленых вёсак у Макараўцы, Данецкая вобласць, Украіна. 21 чэрвеня 2023 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Украінскі контрнаступ трывае. Расейскі ваенкор-прапагандыст Сямён Пегаў (WarGonzo) прызнае ў сваёй зводцы на раніцу 23 чэрвеня, што ЗСУ на Бердзянскім кірунку здолелі прасунуцца наперад каля Раўнаполля. Аглядальнік украінскай даследчай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Канстанцін Машавец таксама піша пра ўкраінскія атакі на Раўнаполле. Паводле яго, падраздзяленні акупантаў там знаходзяцца ў вельмі нязручных сітуацыі, вымушаны абараняцца адразу з трох бакоў, а таму, хутчэй за ўсё, неўзабаве адступяць на лінію Прыютнае-Старамаёрскае.

Машавец сцвярджае, што ўкраінцы здолелі дастаткова ўпэўнена прасунуцца ў напрамку Рабоціна на захадзе Запарожскай вобласці, нягледзячы на расейскія контратакі. Незалежны амерыканскі аглядальнік Def Mon таксама паведамляе пра паспяховае прасоўванне ЗСУ на гэтым участку. Расейскі ваенкор Аляксандр Сладкоў кажа, што пад Рабоціна ідуць цяпер цяжкія баі – «кроў льецца ракой».

Прывід херсонскага адступлення

У ноч на 22 чэрвеня ЗСУ нанеслі ракетны ўдар па мосце праз Чангарскі праліў у Азоўскім моры, які з’яўляецца найкарацейшым шляхам з Крыма ў Мелітопаль. Мост не быў цалкам разбураны, але рух па ім спыніўся. Чангарскі мост – гэта не адзіны шлях забеспячэння расейскай групоўкі на поўдні Украіны, у Херсонскай і Запарожскай абласцях. Аднак вывядзенне са строю гэтай пераправы ўсё роўна стварае для акупацыйных войскаў вялікія лагістычныя праблемы.

Удары па Чангарскім мосце выклікалі відавочныя паралелі з аперацыяй па вызваленню Херсонскай вобласці. Тады ўкраінскае камандаванне зрабіла стаўку на праблемы з забеспячэннем расейскай групоўкі ў ваколіцах Херсону. ЗСУ метадычна наносілі ўдары па складах з боепрыпасамі, знядзеілі ўсе стацыянарныя масты праз Дняпро і рэгулярна білі па пантонных пераправах. У выніку створаны ўкраінцамі крызіс з забеспячэннем прымусіў расейскую армію адступіць на ўсходні бераг Дняпра. Актыўная фаза аперацыі па вызваленню правабярэжжа Херсонскай вобласці заняла 2,5 месяца.

Уладзімір Зяленскі яшчэ да ўдараў па Чангарскім мосце ў інтэрв’ю BBC спаслаўся на досвед той аперацыі, спрабуючы такім чынам патлумачыць, што хуткасць не заўсёды з’яўляецца галоўным крытэрам поспеху.

«Увосень у нас былі адпаведныя контрнаступальныя дзеянні і падавалася, што гэта запаволены працэс. Але ў нейкі момант усё ўбачылі, як мы імкліва пачалі рухацца наперад. Таксама будзе і тут», – заявіў ён.

Аналогіі з Херсонскай аперацыяй ужо не раз праводзілі і расейскія Z-блогеры. Удары па Чангарскім мосце іх, відавочна, усхвалявалі. Адзін з самых папулярных вайсковых Telegram-каналаў «Рыбарь» асцярожна выказаў спадзеў, што ў расейскага камандавання ёсць запасны план і паўтору херсонскага адступлення не адбудзецца. Паводле амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), рэакцыя ваенкораў сведчыць пра тое, што расейскія войскі, імаверна, усё больш занепакоеныя сваёй здольнасцю забяспечыць абарону наземных лініяў камунікацыі на поўдні Украіны.

Пры гэтым цяпер разбурэнне расейскай лагістыкі для ЗСУ з’яўляецца больш складанай задачай, чым гэта была на правым беразе Херсонскай вобласці восенню. Па-першае, расейская групоўка на поўдні выкарыстоўвае больш шляхоў забеспячэння і таму можа быць менш уразлівая. Па-другое, незразумела, ці ёсць у ЗСУ рэсурсы, каб стварыць расейскай групоўцы лагістычны крызіс аналагічны херсонскаму. Тады ўдары па пераправах наносіліся пераважна ракетамі амерыканскіх сістэмаў HIMARS, якіх было даволі шмат. Адлегласць Чангарскага маста занадта вялікая для HIMARS (прынамсі для тых боепрыпасаў, якімі цяпер Украіна атрымлівае ад ЗША), менавіта таму першы ўдар быў нанесены з выкарыстаннем больш дальнабойных брытанскіх ракетаў Storm Shadow. А ці дастаткова гэтых ракетаў у ЗСУ – невядома. Варта разумець, што ўдары па пераправах маюць сэнс толькі ў выпадку, калі яны адбываюцца рэгулярна, каб вораг не паспяваў іх аднаўляць.

ЗСУ рыхтуюць сюрпрыз?

На гэтым тыдні тэлеканал CNN са спасылкай на трох высокапастаўленых вайсковых чыноўнікаў паведаміў, што пакуль украінскі контрнаступ не апраўдвае чаканні ні на адным з участкаў фронту. Расейскія войскі добра падрыхтавалі свае пазіцыі, у тым ліку пры дапамозе мінных палёў, а таксама эфектыўна выкарыстоўваюць авіяцыю. Абодва бакі цяпер нясуць цяжкія страты. Разам з тым, ЗША і іх саюзнікі захоўваюць аптымізм, бо контрнаступ яшчэ знаходзіцца на ранняй стадыі.

У тых ці іншых выразах фактычна пра тое ж кажуць у Кіеве. Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю BBC прызнаў, што контрнаступленне ідзе трошкі павольней, чым хацелася, аднак украінцы ўсё роўна перакананыя ў перамозе.

Украінскае контрнаступленне сапраўды знаходзіцца яшчэ на пачатковай стадыі і рабіць высновы аб яго паспяховасці вельмі рана. Фактычна тое, што мы бачым – гэта вяршыня айсбергу. Украіна пакуль не ўвяла ў бой свае асноўныя рэзервы – гэта прызнаюць усе бакі. Польскі вайсковы аналітык Конрад Музыка мяркуе, што ЗСУ задзейнічалі толькі тры з 12 брыгадаў, адмыслова падрыхтаваных да контрнаступу. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) лічыць, што ў рэзерве Украіны застаецца 2/3 або нават 3/4 усіх сабраных сілаў. Некаторыя ўкраінскія эксперты наогул кажуць, што задзейнічана толькі 10% рэзерваў.

«Нашыя галоўныя сілы яшчэ не ўступілі ў бой, і мы зараз шукаем, прамацваем слабыя месцы ў абароне ворага. Усё яшчэ наперадзе», – падкрэсліў камандуючы Сухапутнымі войскамі ЗСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю «The Guardian».

Калі асноўныя рэзервы будуць уведзены ў бой, наступальная аперацыя ўступіць у вырашальную фазу і тады ўжо падзеі могуць развіваць вельмі імкліва. Пры гэтым застаецца адкрытым пытанне, дзе будзе нанесены галоўны ўдар. Не выключана, што тут ЗСУ рыхтуюць сюрпрыз. Вайсковы аглядальнік газеты Bild Юльян Рёпка, напрыклад, мяркуе, што ўкраінскія войскі могуць распачаць наступ праз перасохлае Кахоўскай вадасховішча – на гэтым участку фронту ў расейцаў няма добра падрыхтаваных абарончых пазіцыяў і вялікіх рэзерваў. З улікам гэтага асаблівае значэнне набываюць удары па Чонгарскім мосце – расейцы атрымліваюць лагістычныя праблемы як раз у той момант, калі ім можа спатрэбіцца нарасціць сілы на Херсоншчыне.

Аналітыка
Пра што сведчаць тэмпы контрнаступу ЗСУ? Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце 
2023.06.16 19:17

Некаторыя Z-блогеры ўжо ўбачылі ў такім сцэнары вялікую пагрозу і прагназуюць, што неўзабаве ЗСУ сапраўды нанясуць удар на Херсонскім фронце. Праўда, не факт, што тэрыторыі Кахоўскага вадасховішча будуць прыдатныя для перасоўвання цяжкой тэхнікі і наогул вялікага наступлення.

Для Расеі ўсё можа быць значна горш, чым здаецца

Акрамя таго, ацэньваць эфектыўнасць украінскага контрнаступлення на гэтай стадыі перашкаджае недахоп інфармацыі пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца расейская групоўка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат запускае беспілотнік на агнявой пазіцыі ля адной з нядаўна захопленых вёсак у Макараўцы, Данецкая вобласць, Украіна. 21 чэрвеня 2023 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Заснавальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын на гэтым тыдні шакаваў Z-патрыётаў сваёй чарговай заявай: ён патлумачыў, што расейская армія знаходзіцца ў значна больш цяжкім становішчы, чым кажуць улады. Паводле яго, рэальныя лічбы расейскіх стратаў старанна хаваюцца, а насамрэч у некаторых падраздзяленнях дэфіцыт асабовага складу складае 50-60 %. У вайскоўцаў не хапае ўзбраення і боепрыпасаў. «ЗСУ праціскаюць расейскую армію. Мы мыемся крывёй», – заявіў Прыгожын. Паводле яго, скончыцца гэта можа тым, што аднойчы расейскае камандаванне заявіць, што яно «перагрупоўваецца» на новыя пазіцыі – то бок адступае. «Расея прачнецца ў нейкі дзень і высветліць, што ўжо і Крым перададзены ўкраінцам», – дадаў ён.

Безумоўна, варта ўлічваць, што Прыгожын у рамках свайго канфлікту з Мінабароны зацікаўлены ў тым, каб згушчаць фарбы. Інфармацыя бізнесоўца пра страту расейцамі некаторых паселішчаў, напрыклад, не пацвердзілася. Аднак пра тое, што не ўсё так добра, як сцвярджаюць улады, кажа не толькі ён. Ягоны праціўнік Ігар Гіркін прызнае, што ЗСУ могуць прарваць фронт і што сур’ёзныя страты нясуць не толькі ўкраінцы (як заяўляе прапаганда), але і расейскія войскі.

Што тычацца стратаў, то цікавыя дадзеныя прапануе Oryx. Паводле незалежнага маніторынгавага праекту, на цяперашні момант пацверджаныя страты бакоў у тэхніцы колькасна прыкладна роўныя. Калі падлікі Oryx адпавядаюць рэчаіснасці, то гэта сведчыць хутчэй пра эфектыўнасць украінскага контрнаступу, бо звычайна на начальным этапе наступлення армія, якая атакуе, нясе страты ў некалькі разоў больш. А Збройныя сілы Украіны, атрымліваецца, здолелі гэтага пазбегнуць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў