Міна запаволенага дзеяння. Як мяцеж Прыгожына паўплываў на Расею і вайну


Пасля вайсковага мяцяжу ПВК Вагнэра мінула ўжо пяць тыдняў. Як гэтыя падзеі змянілі пуцінскую Расею і што далей будзе з Яўгеніем Прыгожынам? Ці адбіўся мяцеж на сітуацыі на фронце? Belsat.eu спрабуе адказаць на гэтыя пытанні.

Кіраўнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын разам з прадстаўніком ЦАР.
Фота: Дмитрий Сытый / Facebook

27 ліпеня падчас эканамічнага форуму Расея-Афрыка, які адбываўся ў Санкт-Пецярбургу, звязаныя з вагнэраўцамі Telegram-каналы распаўсюдзілі здымкі Яўгенія Прыгожын з прадстаўнікамі афрыканскіх краінаў. На адным фота бізнесовец цісне руку генеральнаму дырэктару дзяржаўнага пратаколу прэзідэнта ЦАР, на іншым – медыяфункцыянеру з Камеруну. Прыгожынскія рэсурсы прэзентавалі гэтыя здымкі як сустрэчы заснавальніка ПВК Вагнэра ў кулуарах форуму, які ладзіў Уладзімір Пуцін. Гэта мусіла стаць дэманстрацыяй таго, што Прыгожын нягледзячы ні на што застаецца ўплывовай фігурай у краіне.

Праўда, хутчэй за ўсё, Прыгожына не было ў выставачным цэнтры «Экспафорум», дзе выступаў Пуцін. Адзін са здымкаў зроблены ў гатэлі «Трэзіні», а лакацыя другога наогул не высветлена. Аднак сваёй мэты піаршычкі Прыгожына ў любым выпадку дасягнулі: аўдыторыі быў дасланы выразны мэсідж аб тым, што Крэмль нічога з бунтаўшчыком зрабіць так і не здолеў.

Крэмль: захаванне статус-кво цаной здаровага сэнсу

Прычынай вайсковага мяцяжу стаў канфлікт Прыгожына і кіраўніцтва Мінабароны РФ. Вагнэраўцы 24 чэрвеня рухаліся на Маскву, патрабуючы адстаўкі міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава. Спыненне маршу на сталіцу само па сабе не ставіла кропку ў гэтым сюжэце, бо перастаноўкі ў вайсковым кіраўніцтве сапраўды напрошваліся.

Па-першае, моцная незадаволенасць асобай Шайгу існавала не толькі ў ПВК Вагнэра. Міністр яшчэ ў канцы 2022 года ўвайшоў у топ самых непапулярных расейскіх палітыкаў, што было звязана з шэрагам ганебных правалаў на фронце і вялікімі стратамі арміі. Пра стаўленне да Шайгу ў войску можна рабіць высновы, аналізуючы тое, як першапачаткова канфлікт Мінабароны і Прыгожына адлюстроўваўся ў мілітарысцкіх Z-каналаў. Ваенкоры, якія ў сваіх допісах звычайна імкнуліся захоўваць баланс паміж лаяльнасцю Пуціну і «акопнай праўдай», фактычна прызнавалі, што прэтэнзіі заснавальніка ПВК Вагнэра мелі пад сабой падставы і да кіраўніцтва Мінабароны сапраўды ёсць шмат пытанняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы ПВК Вагнэра пераходзяць вуліцу падчас дыслакацыі ля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Па-другое, Шайгу і Герасімаў падчас падзеяў 23-24 чэрвеня паказалі сябе найгоршым чынам. Яны не проста не здолелі перадухіліць мяцеж або ліквідаваць яго на ранняй стадыі, а ўвогуле зніклі з публічнай прасторы, стварыўшы ўражанне, што ў крытычны момант армія засталася без кіраўніцтва. Усё гэта выклікала заканамерныя пытанні, ці адпавядае Шайгу сваёй пасадзе нават з пункту гледжання жорсткіх прынцыпаў пуцінскай сістэмы.

Не дзіўна, што ў першыя дні пасля мяцяжу Z-каналы не хавалі сваёй надзеі, што Пуцін сапраўды здыме Шайгу – у вачах часткі ўльтрапатрыетаў гэта стала бы заканамерным вынікам «смуты». Пасаду міністра прадказвалі тульскаму губернатару, былому камандзіра сілаў спецыяльных аперацыяў Аляксею Дзюміну. Аднак Шайгу не быў адпраўлены ў адстаўку. Пуцін замест гэтага абраў прапагандысцкі наратыў, паводле якога ўсе органы ўлады падчас мяцяжу дзейнічала ўзорна і бездакорна. А значыць і рабіць перастаноўкі ў вайсковым кіраўніцтве не трэба.

Логіку Пуціна зразумець не цяжка: імаверна, ён вырашыў, што адстаўка Шайгу пасля мяцяжу будзе ўспрынята як праява слабасці. Паколькі ад яго дамагаліся кадравых зменаў, значыць ніякіх зменаў дапускаць нельга. Але такая пазіцыя дрэнна спалучаецца з рашэннем дараваць здраду Прыгожыну і вагнэраўцам. На гэтым фоне бескампраміснасць Пуціна выглядае ірацыянальна ды проста фальшыва. Перамовы з мяцежнікамі ў Крамлі нясуць куды больш шкоды іміджу жорсткага лідара, чым любая вымушаная адстаўка ў вышэйшых эшалонах улады.

Рэпрэсіі і карэктаванне іміджу

Разам з тым, нельга сказаць, што Крэмль не зрабіў высновы з мяцяжу. Не маючы пакуль магчымасці разабрацца з Прыгожынам і вагнэраўцамі, Пуцін распачаў чысткі ў кіраўніцтве расейскай арміі. Паводле інфармацыі «The Wall Street Journal», былі затрыманыя мінімум высокапастаўленых 13 афіцэраў, якіх падазраюць у сувязях ПВК Вагнэра. Сярод іх – намеснік камандуючага расейскімі войскамі ва Украіне генерал Сяргей Суравікін. Яго дакладнае месцазнаходжанне дагэтуль невядомае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін узганагароджвае ордэнам Святога Георгія III ступені Сяргея Суравікіна. 31 снежня 2022 года.
Фота: kremlin.ru

Адначасова Крэмль змяніў правілы гульні для прыхільнікаў вайны. Раней актыўная падтрымка агрэсіі супраць Украіны давала ўльтрапатрыётам пэўную свабоду дзеянняў: ім дазвалялася публічна крытыкаваць недахопы сістэмы і нават некаторыя рашэнні Крамля. Аднак пасля мяцяжу ўлады вырашылі, што крытыка з боку ўльтрапатрыётаў таксама можа быць небяспечнай і распачалі прафілактычную зачыстку ў праваенным лагеры.

Галоўнай мішэнню стаў былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў-Гіркін – 21 ліпеня яго арыштавалі паводле абвінавачвання ў «экстрэмізме». Паплечнікаў Стралкова таксама прыстрашылі: на Уладзіміра Клачкова завялі адміністратыўную справу «за дыскрэдытацыю арміі», а Паўла Губарава пачалі правяраць на экстрэмізм. Парадокс заключаецца ў тым, што Гіркін і ягоныя паплечнікі якраз выступалі рэзка супраць мяцяжу Прыгожына і ў крытычны момант падтрымалі Пуціна.

Мяцеж Прыгожына таксама прымусіў пераасэнсаваць публічны вобраз Пуціна. На фоне «мачысцкага» іміджа Прыгожына вобраз «мудрага патрыярха», які замацаваўся за прэзідэнтам РФ у апошнія гады, стаў выглядаць вельмі няўдала. Таму цяпер Пуцін пачаў часцей з’яўляцца на публіцы, дзе арганізоўваліся праявы народнай любві да бяззменнага кіраўніка. Насамрэч, паводле неафіцыйных звестак, рэйтынг Пуціна пасля мяцяжу абваліўся на 9-14%.

Прыгожын: тактычнае адступленне з захаваннем галоўнага козыра

Першапачаткова заява пра тое, што Прыгожын «сыдзе ў Беларусь» выглядала доказам поўнай перамогі Крамля ў канфлікце з ПВК Вагнэра: атрымлівалася, што Пуцін хоць і паабяцаў не караць наймітаў, але пры гэтым прымусіў іх пакінуць краіну. Аднак вельмі хутка стала зразумела, што на ссылку гэта зусім не падобна. Вагнэраўцы з пераездам не спяшаліся і толькі праз тры тыдні распачалі перагрупаванне. А Прыгожын хоць часам і прылятае Беларусь, але знаходзіцца ў асноўным у Санкт-Пецярбургу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сумесныя вучэнні інструктараў ПВК Вагнэра і беларускіх вайскоўцаў.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Больш за тое, 29 чэрвеня Прыгожына і вагнэраўскіх камандзіраў прымаў у Крамлі асабіста Пуцін. Прычым мяцежнікі дазволілі сабе аднагалосна сказаць «не» прэзідэнту ў адказ на ягоную прапанову аб далейшым працаўладкаванні ў падраздзяленнях Мінабароны РФ. То бок паводзяць яны сябе занадта ўпэўнена для людзей, якія нібыта пацярпелі поўную паразу і мусяць турбавацца толькі аб сваёй бяспецы.

Мяцеж дорага каштаваў Прыгожыну. Колькасць ПВК Вагнэра скарацілася, наймітаў прымусілі здаць цяжкую тэхніку Мінабароны РФ. Цывільны бізнес Прыгожына таксама зазнаў страты: кампанія бізнесоўца пазбавілася кантрактаў на пастаўкі харчавання для Мінабароны. Мяркуючы па ўсім, Прыгожын будзе вымушаны закрыць сваю «фабрыку троляў» і шэраг падкантрольных выданняў.

Разам з тым, казаць пра татальнае знішчэнне ягоных актываў пакуль не выпадае. Паводле расейскіх медыяў, нават пасля мяцяжу Прыгожын атрымліваў новыя дзяржаўныя кантракты на забеспячэнне харчаваннем школаў і лякарняў. А залатыя зліткі і вялізарныя сумы наяўных грошаў, якія былі канфіскаваныя падчас ператрусаў, сілавікі вярнулі бізнесоўцу.

Аднак самае галоўнае, што Прыгожын усё ж здолеў захаваць свой галоўны актыў – ПВК Вагнэра. Групоўка не толькі не была расфармаваная, але дзякуючы свайму размяшчэнню ў Беларусі стала фактарам міжнароднай палітыкі – сродкам шантажу краінаў NATO. Дагэтуль невядома, якія ў вагнэраўцаў рэальныя планы, куды яны пойдуць і хто будзе наймітаў фінансаваць (і ці знойдуцца на гэта грошы наогул). Аднак пакуль у Прыгожына ёсць прыватная армія, з ім вымушаны лічыцца.

Калі бізнесовец сапраўды мае амбіцыі аднойчы заняць месца ў Крамлі, то ў доўгатэрміновай перспектыве мяцеж можа прынесці яму больш карысці, чым шкоды. Раней шмат хто ставіў пад сумнеў самастойнасць Прыгожына – некаторыя аналітыкі і журналісты называлі яго блазнам ці марыянеткай Крамля. Цяпер жа Прыгожын пераўтварыўся ў фігуру дзяржаўнага маштабу, якую абмяркоўваюць нароўні з Пуціным і Лукашэнкам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын пакідае штаб Паўднёвай вайсковай акругі разам з вывадам групоўкі наймітаў з гораду. Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

У разгар «маршу на Маскву» заснавальніка ПВК Вагнэра параўноўвалі з італьянскім дыктатарам Бэніта Мусаліні, які 101 год таму зладзіў «паход на Рым». Цяпер, назіраючы за Прыгожыным, варта ўспомніць досвед іншых тыранаў XX стагоддзя. У 1917 годзе параза ліпеньскага мяцяжу бальшавікоў не спыніла Леніна, а разгром нацысцкага «піўнога путчу» у 1923 годзе – Гітлера. Наадварот у далейшым гэтыя няўдачы сталі трамплінам для захопу ўлады ў Расеі і Нямеччыне.

Сітуацыя на фронце: адкладзеныя наступствы

У канцы чэрвеня галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны заявіў у інтэрв’ю «The Washington Post», што мяцеж Прыгожына ніяк не паўплываў на сітуацыю на фронце – украінцы не адчулі, каб расейская абарона аслабла. Яўных наступстваў мяцяжу не відаць і цяпер. Аднак гэта не значыць, што ніякай карысці з гэтых падзеяў Украіна не атрымала.

Па-першае, пагроза з боку ПВК Вагнэра для Украіны, як мінімум, значна знізіліся. Калі верыць самім наймітам, у выніку апошніх падзеяў групоўка скарацілася з 25 да 10 тысяч байцоў. У Кіеве выказваюць меркаванне, што ПВК Вагнэра больш не будзе ваяваць на фронце або прынамсі не здолее зрабіць нешта сур’ёзнае супраць Украіны. Прыгожын, выступаючы перад наймітамі пад Асіповічам, і сам заявіў, што ў цяперашніх падзеях на фронце ім не трэба ўдзельнічаць.

Фактычна вагнэраўцы сышлі ў тыл яшчэ ў траўні, пасля завяршэння штурму Бахмуту. Але да мяцяжу імавернасць таго, што ПВК зноў кінуць на фронт была досыць высокай. Цяпер – значна знізілася. У цяперашніх умовах перспектывы супрацы ПВК з Мінабароны выглядаюць вельмі сумнеўна.

Па-другое, наступствы мяцяжу для баявога духу і дысцыпліны расейскага войску могуць праявіцца не адразу.

Пуцін не вырашыў праблемы, якія спарадзілі мяцеж: Шайгу застаўся міністрам, ПВК Вагнэра – не расфармаваны, Прыгожын – не пакараны. Дэ-факта ён проста паставіў сітуацыю на паўзу. Пры гэтым незадаволенасць вайскоўцаў сваім кіраўніцтвам нікуды не знікла, а пасля хвалі парадаксальных чыстак магла толькі вырасці. Ужо пасля мяцяжу ў расейскай арміі выбухнула два публічных скандала: генерала Івана Папова і генерал-маёра Уладзіміра Селіверстава звольнілі за крытыку камандавання.

«Пагаршэнне стасункаў у расейскіх узброеных сілах стала больш жорсткім, чым калі-небудзь», – адзначае брытанская разведка.

Такія настроі ў войску фактычна з’яўляюцца мінай запаволенага дзеяння, якая можа спрацаваць у момант новых паразаў на фронце або крызісу ўнутры краіны.

Аналітыка
Падказка для ультрапатрыётаў. Што азначае арышт Стралкова
2023.07.23 16:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў