Мяцежнікі Шродзінгера. Што цяпер з ПВК Вагнэра і ці сапраўды найміты ўжо ў Беларусі?


Тры тыдні таму ў Расеі адбыўся вайсковы мяцеж, падчас якога найміты ПВК Вагнэра ледзь не дайшлі да Масквы. Пасля гэтага было абвешчана, што вагнэраўцы і Яўгеній Прыгожын «сыходзяць у Беларусь». Аднак пакуль перспектывы масавага перабазавання мяцежнікаў у Беларусь застаюцца туманнымі, а ў публічнай прасторы на гэты конт распаўсюджваецца шмат супярэчлівай і ненадзейнай інфармацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намётавы лагер пад Асіповічамі ў Беларусі. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Размоваў шмат, доказаў мала

26 чэрвеня, падсумоўваючы вынікі мяцяжу, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што байцам ПВК Вагнэра даецца магчымасць на выбар або заключыць кантракт з Мінабароны РФ, або вярнуцца да сваіх сем’яў, або сысці ў Беларусь. На наступны дзень, 27 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што вагнэраўцы могуць «нейкі час у нас перакантавацца», пакуль будуць вырашаць, чым ім займацца далей. Таксама ён заявіў, што беларускія вайскоўцы хацелі б пераняць ваенны досвед баевікоў.

Тады ж паведамленні пра «пераезд у Беларусь» сталі распаўсюджвацца Telegram-каналах, звязаных з наймітамі. Распавядалася, што Беларусь стане «новым баявым кірункам» і што размяшчацца вагнэраўцы будуць аж у трох палявых лагерах. Адзін з іх – у Асіповіцкім раёне.

6 ліпеня Лукашэнка выступіў з новымі заявамі па гэтай тэме. Аказваецца, пытанне аб перадыслакацыі наймітаў яшчэ не вырашана, на размяшчэнне пад Асіповічамі баевікі пакуль не пагадзіліся – у іх нібыта «іншае бачанне». На той момант, паводле слоў Лукашэнкі, вагнэраўцы знаходзіліся ў тых жа лагерах, дзе яны былі да мяцяжу – то бок за межамі тэрыторыі Беларусі. Для замежных журналістаў быў нават арганізаваны прэс-тур у палявы лагер пад Асіповічамі, які апынуўся пустым – вагнэраўцаў у ім не было. Больш за тое, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы Леанід Касінскі заявіў, што лагер ствараўся не для ПВК Вагнэра, а для трэнавання вайскоўцаў і байцоў тэрытарыяльнай абароны Беларусі.

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» 6 ліпеня паведаміў, што каля 200 вагнэраўцаў могуць знаходзіцца на палігоне «Лосвіда» ў Віцебскай вобласці. Але сведчанняў масавага перакідвання наймітаў праект не знайшоў. Не бачаць прыкметаў маштабнага перабазавання і замежныя выведкі.

«Мы пакуль не бачым ніякіх рухаў «Вагнэра» ў бок Беларусі», – падкрэсліў 11 ліпеня генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

У той жа дзень Мінабароны Беларусі выступіла з афіцыйнай заявай. Паводле ведамства, «пасля прыбыцця прадстаўнікоў ПВК Вагнэра і іх разгрупавання на палігонах для правядзення заняткаў і ўзаемнага абмену досведам, асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць прыёмам і спосабам вядзення баявых дзеянняў Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь». Тэрміны прыбыцця пры гэтым агучаны не былі. 12 ліпеня намеснікі міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў заявіў, што найміты будуць перадаваць свой «бясцэнны баявы досвед» таксама беларускім спецназаўцам. Але калі гэта адбудзецца не сказаў. Ён адзначыў толькі, што «сёння ў нас ідуць перамовы з прадстаўнікамі ПВК Вагнэра».

ПВК Вагнэра ўжо ў Беларусі?

13 ліпеня расейскі ваенкор-прапагандыст Аляксандр Коц паведаміў, што вагнэраўцы пакінулі свае палявыя лагеры і паехалі ў кірунку Масквы. Паводле яго, у калоне былі нібыта заўважаныя аўтобусы з беларускімі нумарамі, «што можа ўскосна казаць пра пункт прызначэння». Аднак інфармацыя Коца не выклікае даверу. На відэа, якое ён апублікаваў, паказаная невялікая калона з васьмі розных машынаў – некалькі пікапаў, УАЗікаў, грузавікоў і адзін аўтобус. Візуальна нішто не ўказвае на тое, што на гэтых машынах перасоўваліся вагнэраўцы. Нават калі гэта сапраўды так, то наймітаў у іх было зусім мала і не факт, што рухаліся яны ў Беларусь.

Скрыншот з відэа «Инструктора ЧВК «Вагнер» уже в Беларуси». Крыніца: ВоенТВ Беларуси / YouTube

Інфармацыю пра тое, што перадыслакацыя вагнэраўцаў ужо распачалося, апублікаваў таксама вядомы Z-блогер і вайсковы эксперт Барыс Рожын («Colonelcassad»). Паводле яго, ПВК Вагнэра «захоўваецца як арганізацыйная структура». Інфармацыю «Colonelcassad» перапосціў адзін з самых буйных паблікаў наймітаў – Telegram-канал «Оркестр Вагнера». Пры гэтым раней тыя ж каналы рэпосцілі інтэрв’ю аднаго з камандзіраў наймітаў з пазыўным «Лотас», які сцвярджаў, што вагнэраўцаў цяпер адпусцілі ў адпачынак да жніўня. З ягоных словаў можна было зразумець, што праца ў Беларусі да жніўня не пачнецца.

14 ліпеня звязаны з лукашэнкаўскімі спецслужбамі Telegram-канал «Белорусский силовик» паведаміў, што ў Беларусь «едзе афрыканскі корпус Вагнэра» (то бок тыя, хто ваяваў у Афрыцы) і «інструктарскі склад». «Судзячы па ўсім, у нас будзе інфраструктура «Вагнера» з паўнавартаснай базай», – піша «Белорусский силовик». Але давяраць гэтай крыніцы таксама не варта, бо яе «інсайды» часцяком аказваюцца дэзынфармацыяй.

Разам з тым, днём 14 ліпеня Мінабароны Беларусі паведаміла, што інструктара-вагнэраўцы ўжо трэнуюць байцоў тэрытарыяльнай абароны на палігоне пад Асіповічамі. Аналагічную інфармацыю размясціў у сябе канал «Оркестр Вагнера», дадаўшы, што гэтыя інструктары прыбылі з акупаваных тэрыторыяў Луганскай вобласці тры дні таму, прычым перасоўваліся яны па абласных гарадах «вялікай калонай». Хаця ніякіх звестак пра перасоўванне «вялікай калоны» не было, а маленькая калона, пра якую распавядаў Коц, была заўважана толькі ўчора па дарозе на Маскву.

З паведамлення Мінабароны немагчыма зрабіць выснову, колькі наймітаў цяпер задзейнічаны ў мерапрыемствах па трэнаванню тэрабароны. У сюжэце «ВоенТВ» былі паказаныя максімум 2-3 інструктара, якіх па вонкаваму выгляду (іх адрозніваюць ад астатніх маскі) можна было ідэнтыфікаваць як вагнэраўцаў. То бок доказам маштабнага перабазавання гэтую інфармацыю таксама лічыць нельга.

Дзе Прыгожын?

14 ліпеня канал «Оркестр Вагнера» апублікаваў фота Прыгожын ў намёце, якое нібыта было зроблена ў Беларусі раніцай 12 ліпеня. «Перадыслакацыя ў Рэспубліку Беларусь працягваецца», – падкрэсліваецца ў допісе.

Яўгеній Прыгожын ў намёце.
Фота: Оркестр Вагнера / Telegram

Цалкам магчыма, што фота сапраўды было зроблена ў нашай краіне. Паводле інфармацыю «Беларускага Гаюна», самалёт Прыгожына 11-12 ліпеня знаходзіўся ў Беларусі. Не выключана, што за гэты час ён праінспектаваў палявы лагер пад Асіповічамі. Аднак няма падставаў казаць пра тое, што Прыгожын у Беларусі застаўся.

Пасля правалу мяцяжу Крэмль распачаў чысткі ў кіраўніцтве расейскай арміі. Паводле інфармацыі «The Wall Street Journal», былі затрыманыя мінімум 13 афіцэраў, якіх падазраюць у сувязях ПВК Вагнэра. Сярод іх – намеснік камандуючага расейскімі войскамі ва Украіне генерал Сяргей Суравікін. Аднак саміх мяцежнікаў ніхто ў Расеі не пераследуе – пакуль Пуцін трымае сваё слова, дадзенае 24 чэрвеня. Крымінальная справа супраць Прыгожына закрытая і ніякіх праблемаў са знаходжаннем на тэрыторыі Расеі ў яго няма.

Наконт бізнесу Прыгожына паступаюць супярэчлівыя звесткі. З аднаго боку, вядома, што Мінабароны РФ разарвала кантракт на пастаўкі харчавання з прыгожынскім холдынгам «Канкорд», а супрацоўнікаў пачалі масава звальняць. Мяркуючы па ўсім, Прыгожын таксама будзе вымушаны закрыць сваю «фабрыку троляў» і шэраг падкантрольных выданняў. Разам з тым, казаць пра татальнае знішчэнне ягоных актываў не выпадае. Паводле расейскіх медыяў, нават пасля мяцяжу Прыгожын атрымлівае новыя дзяржаўныя кантракты на забеспячэнне харчаваннем школаў і лякарняў. А залатыя зліткі і вялізарныя сумы наяўных грошаў, якія былі канфіскаваныя падчас ператрусаў, сілавікі вярнулі бізнесоўцу.

З улікам гэтага не зусім зразумела, навошта ў прынцыпе Прыгожыну пераязджаць у Беларусь, а тым больш жыць у палявым лагеры. Здымак у намёце варта разглядаць перш за ўсё як піяр-акцыю прыгожынскай прэс-службы.

Крэмль і мяцежнікі за сталом перамоваў

Доказам таго, што мяцежнікі не маюць падставаў для таго, каб уцякаць з Расеі, з’яўляецца той факт, што Пуцін 29 чэрвеня тры гадзіны праводзіў перамовы з Прыгожыным і 35-цю камандзірамі вагнэраўцаў у Крамлі.

13 ліпеня ў інтэрв’ю газеце «Коммерсант» Пуцін распавёў, што падчас сустрэчы ён даў ацэнку дзеянням вагнэраўцаў 23-24 чэрвеня і прапанаваў ім варыянты далейшага нясення службы ў падраздзяленнях Мінабароны РФ.

«Многія ківалі, калі я гэта казаў. А Прыгожын, які сядзеў наперадзе і не бачыў гэтага, сказаў, выслухаўшы: не, хлопцы не згодныя з такім рашэннем», – распавёў прэзідэнт РФ.

Пасля выхаду публікацыі «Коммерсанта» у каналах, звязаных з вагнэраўцамі, з’явіўся каментар камандзіра наймітаў з пазыўным «Зомбі», які ўдакладніў: заключыць кантракт з Мінабароны не пагадзіўся ніхто. «Я або ў ПВК Вагнэра, або з радасцю адпачну дома перад тэлевізарам. І так думаюць усе», – заявіў ён.

Атрымліваецца, мяцежнікаў запрашаюць на перамовы ў Крэмль і яны пры гэтым адчуваюць сябе настолькі ўпэўнены, што могуць сказаць «не» кіраўніку дзяржавы.

Калі журналіст «Коммерсанта» удакладніў у Пуціна, ці захаваецца цяпер ПВК Вагнэра як асобная баявая адзінка, прэзідэнт даў дзіўны адказ: «Ну дык ПВК «Вагнер» не існуе! У нас жа няма закону аб прыватных вайсковых арганізацыях! Проста не існуе!.. Група ёсць, але юрыдычна не існуе!»

Паралельна Мінабароны РФ абвесціла, што завяршыўся прыём узбраенне ад ПВК Вагнэра. Прычым, калі верыць ведамству, у вагнэраўцаў забралі не толькі цяжкую тэхніку, але і каля 20 тысяч адзінак стралковай зброі. Колькі зброі і тэхнікі засталося на руках у наймітаў і ці ёсць яна наогул – невядома.

Пытанні без адказу

Такім чынам, наконт далейшага лёсу ПВК Вагнэра і планаў ў Беларусі яснасці дагэтуль няма.

Скрыншот з відэа «Инструктора ЧВК «Вагнер» уже в Беларуси». Крыніца: ВоенТВ Беларуси / YouTube

Па-першае, незразумелы сэнс перадыслакацыі. Першапачаткова стваралася ўражанне, што «сыход у Беларусь» абумоўлены тым, што з гэтым звязаныя нейкія асабістыя гарантыі бяспекі. Аднак тры тыдні, якія прайшлі пасля мяцяжу, паказалі, што вагнэраўцаў пакуль нічога ў Расеі не пагражае і таму гарантыі ад Лукашэнкі ім не надта патрэбныя.

На Захадзе агучвалася версія, што з тэрыторыі Беларусі ПВК Вагнэра можа зладзіць новы паход на Кіеў або правакацыі супраць краінаў NATO. Аднак калі Крэмль сапраўды мае такія планы, то тады незразумела, навошта найміты перадаюць сваю зброю і тэхніку Мінабароны РФ.

Па-другое, застаецца адкрытым пытанне, хто цяпер будзе фінансаваць ПВК Вагнэра. Паводле Пуціна, за апошні год толькі на выплаты наймітамі з расейскага бюджэту было выдаткавана 86,3 млрд расейскіх рублёў – гэта прыкладна $957 млн. Ніхто акрамя расейскай дзяржавы не здолее аплочваць такія выдаткі. На ўсю нацыянальную абарону Беларусі ў бюджэце краіны на 2023 год была прадугледжана меншая сума – 2,8 млрд беларускіх рублёў (каля $927 млн). Са свайго кішэня Прыгожын таксама не зможа доўга фінансаваць вагнэраўцаў, асабліва з улікам страты кантрактаў з Мінабароны.

Атрымліваецца, што выйсці тут толькі два: або ПВК Вагнэра значна скароцяць (перад пачаткам мяцяжу, калі верыць Прыгожыну, у групоўцы было 25 тысяч байцоў), або пакінуць на ўтрыманні Крамля. Але калі Пуцін пагадзіцца на такія выдаткі, то яўна не для таго, каб тэрабарона Беларусі пераймала «бясцэнны баявы досвед».

Па-трэціх, нават калі адштурхоўвацца ад афіцыйных заяваў Лукашэнкі і Мінабароны, паўстае пытанне аб колькасці наймітаў, што прыбудуць у Беларусь. Улічваючы, што ўсё беларускае войска за вылікам цывільнага персанала складае прыкладна 45-50 тысяч чалавек, колькасць інструктараў відавочна не можа складаць 25 тысяч чалавек. Нават 5 тысяч (умяшчальнасць лагеру пад Асіповічамі) выглядае не надта рэалістычнай лічбай для такіх мэтаў. Хутчэй за ўсё, гаворка можа ісці пра сотні інструктароў. Аднак тады незразумела, што будуць рабіць астатнія і ці сапраўды іх размесцяць у Беларусі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў