Што ПВК Вагнэра робіць у Афрыцы? Тлумачым, у чым інтарэс РФ


Нягледзячы на поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны, ПВК Вагнэра не толькі не скараціла сваёй прысутнасці ў афрыканскіх краінах, але, паводле некаторых ацэнак, нават пашырыла. Belsat.eu распавядае, што робяць у Афрыцы расейскія найміты і навошта гэта Крамлю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстранты нясуць транспарант у Бангі падчас маршу на падтрыманне прысутнасці Расеі і Кітаю ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. 22 сакавіка 2023 года.
Фота: Barbara Debout / AFP / East News

«Associated Press» 20 сакавіка паведаміла, што ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы баевікі атакавалі нядаўна запушчаны аб’ект для здабывання золата, які належыць Кітаю. У выніку былі забітыя дзевяць грамадзянаў КНР і параненыя яшчэ двое. Спачатку ў нападзе абвінавацілі мясцовых паўстанцаў, але тыя заявілі пра датычнасць да атакі расейскіх наймітаў з ПВК Вагнэра.

Пакуль да канца не ясна, ці сапраўды забойства кітайцаў – справа рук вагнэраўцаў. Але расейскія найміты прысутнічаюць ЦАР прынамсі з сакавіка 2018 года. ЦАР – гэта наагул самая вядомая лакалізацыя вагнэраўцаў у Афрыцы. У Расеі нават знялі пра гэта баявік «Турыст», фінансаваў стужку заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын.

Расейскія найміты ў ЦАР абараняюць улады краіны ад паўстанцаў, трэнуюць мясцовых вайскоўцаў, а таксама забяспечваюць ахову радовішчаў каштоўных выкапняў, якія ўзялі пад свой кантроль структуры Прыгожына. Уплыў вагнэраўцаў у ЦАР пашыраўся паступова: спачатку была інфармацыя пра некалькі сотняў наймітаў, а ў 2021 годзе, паводле справаздачы ААН, у краіне ўжо налічвалі каля 2300 вагнэраўцаў. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль у пачатку 2022 года заяўляў, што ПВК Вагнэра ў ЦАР «вельмі шчыльна кантралююць усе асноўныя сферы бяспекі, у тым ліку абарону прадстаўнікоў улады, бяруць удзел у баявых дзеяннях». У траўні 2022 года арганізацыя «Human Rights Watch» апублікавала даклад пра тое, што расейскія найміты ў краіне датычныя да забойстваў і катаванняў мірных жыхароў. Звесткі пра ваенныя злачынствы расейцаў публікавалі таксама заходнія журналісты.

На Захадзе мяркуюць, што ўлады ЦАР даюць расейскім наймітам магчымасць «раскрадаць рэсурсы краіны ў абмен на вайсковую дапамогу». Пры гэтым ёсць звесткі, што вагнэраўцы таксама супрацоўнічаюць з паўстанцамі, бо частка тэрыторыі краіны не кантралюецца ўрадам і там таксама ёсць радовішчы карысных выкапняў, якія эксплуатуюцца расейцамі.

Расея выцясняе Францыю з былых калоніяў

Аднак акрамя грошай у Расеі ёсць і геапалітычны інтарэс: знізіць уплыў Францыі ў сваёй былой калоніі ды ў цэлым у рэгіёне. У піку Францыі Расея ўмяшалася і ў сітуацыю ў Малі.

Малі раней лічылася адной з найбольш прафранцузскіх краінаў Афрыкі. У 2013 годзе па просьбе ўраду Малі Францыя нават скіравала ў краіну свае войскі для барацьбы з мясцовымі радыкальнымі ісламістамі, звязаных з «Аль-Каідай» і «Даіш». Тады малійцы сустракалі французаў ледзь не з кветкамі, але з часам у краіне пачалі пашырацца антыфранцузскія настроі. У 2020–2021 гадах у Малі адбыліся два дзяржаўныя перавароты, у выніку якіх да ўлады прыйшла хунта, а прафранцузскага прэзідэнта арыштавалі. Стасункі з Францыяй значна пагоршыліся, і на гэтай хвалі хунта запрасіла ў краіну ПВК Вагнэра: найміты мусілі трэнаваць малійскіх вайскоўцаў, запэўніваць бяспеку мясцовага кіраўніцтва і браць удзел у аперацыях супраць паўстанцаў. Паралельна Прыгожын заняўся бізнесам у пытанні распрацоўвання радовішчаў золата. Ёсць меркаванне, што і сам пераварот у Малі мог быць інспіраваны Расеяй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AP Photo / East News

З’яўленне ў Малі вагнэраўцаў асудзілі ў супольнай заяве 15 дзяржаваў Захаду. «Гэта найміты, задача якіх – забяспечыць уласныя бізнес-інтарэсы і абараніць хунту», – пракаментаваў сітуацыю прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ён спрабаваў пераканаць Уладзіміра Пуціна не выкарыстоўваць вагнэраўцаў у Малі, але Крэмль зрабіў выгляд, што не мае да ПВК ніякага дачынення.

Да сярэдзіны чэрвеня 2022 года ў Малі ўжо налічвалася 9 базаў вагнэраўцаў, а аперацыі з удзелам расейскіх наймітаў былі зафіксаваныя ў 32 розных пунктах краіны. Паводле «The New York Times», на сярэдзіну 2022 года ў Малі заставаліся каля тысячы байцоў ПВК Вагнэра. У дакладзе праекту All Eyes On Wagner паведамляюць, што вагнэраўцы датычныя да масавых забойстваў і пазасудовых пакаранняў, згвалтаванняў, адвольных арыштаў, рабаванняў і запалохвання мірных жыхароў. Усяго, паводле даследавання, вагнэраўцаў звязваюць больш як з 370 такімі эпізодамі. У большасці выпадкаў гвалт быў супраць прадстаўнікоў народу фульбэ, якія, як мяркуюць, падтрымліваюць ісламістаў. Паводле праваабаронцаў, адно з самых гучных ваенных злачынстваў з удзелам мясцовых вайскоўцаў і вагнэраўцаў здарылася ў Дагофры і Муры, дзе ў пачатку 2022 года загінулі больш за 330 мірных жыхароў.

Афіцыйна Масква заяўляла, што ПВК у Малі дапамагае ўраду змагацца з тэрарызмам. Але ўмяшанне Расеі не толькі не спыніла гвалту ў краіне, а толькі пагоршыла сітуацыю ў сферы бяспекі. У справаздачы ААН сцвярджаецца, што з канца 2021 года да першага кварталу 2022-га колькасць парушэнняў правоў чалавек з боку праўладных сілаў вырасла ў 10 разоў. Пры гэтым колькасць тэрактаў, паводле ЗША, вырасла на 30 %.

Яшчэ адной дзяржавай, якая трапіла пад уплыў РФ, стала Буркіна-Фасо – таксама былая французская калонія. Як і ў Малі, у Буркіна-Фасо вагнэраўцы з’явіліся пасля перавароту, які адбыўся ўвосень 2022 года. Хунта, якая захапіла ўладу, неўзабаве запатрабавала вывесці з краіны французскі кантынгент (каля 400 спецназаўцаў). Сам пераварот адбыўся пад акампанемент прарасейскіх дэманстрацыяў, а Яўгеній Прыгожын публічна вітаў змену ўлады ў краіне. Праўда, доказаў беспасярэдняга ўдзелу Масквы ў перавароце няма.

Ідэя экспансіі ў Афрыцы

Паводле расследавання выдання «Проект», ідэя экспансіі ў Афрыцы ўзнікла ў Прыгожына ў канцы 2017 года, і ён здолеў «прадаць» гэты план Пуціну. Заснавальнік ПВК Вагнэра пераканаў расейскага лідара ў тым, што гэтак Расея пашырыць свой уплыў у краінах трэцяга свету (усё ж Афрыка – гэта 54 галасы ў ААН), выцісне адтуль Захад, а можа, і Кітай. Пуцін, відаць, настолькі захапіўся ідэяй экспансіі на Чорным кантыненце, што ў 2019 годзе правёў маштабны і шалёна дарагі саміт «Расея – Афрыка», у якім узялі ўдзел 43 афрыканскія дзяржавы.

Агулам прысутнасць ПВК Вагнэра зафіксаваная больш як у 10 краінах Афрыкі. Схема звычайна аднолькавая: вагнэраўцы падтрымліваюць або дзейныя ўлады ў барацьбе з паўстанцамі, або проста адзін з бакоў грамадзянскай вайны (як гэта было ў Лівіі). Узамен Расея атрымлівае доступ да прыродных багаццяў і палітычны ўплыў. Паводле Бі-Бі-Сі, шэраг аналітыкаў мяркуе, што, дапамагаючы аўтакратам захаваць уладу, вагнэраўцы закладваюць асновы доўгатэрміновай прысутнасці ў краіне і ствараюць пры гэтым экзістэнцыйную геапалітычную залежнасць ад Крамля.

Перспектывы пашырэння прысутнасці ПВК Вагнэра ў Афрыцы выклікае занепакоенасць заходніх палітыкаў.

«Мэта Масквы – аслабіць Еўропу і адкрыць фронт там, дзе Еўропа і Францыя выглядаюць слабымі. Для дасягнення гэтай мэты Расея выкарыстоўвае розныя інструменты, у тым ліку аперацыі супраць ісламісцкіх паўстанцаў, продаж зброі, прасоўванне аўтакратыі», – заявіў дарадца французскага прэзідэнта Сам.эль Рамані ў інтэрв’ю «Financial Times» у лютым 2023-га.

Цікава, што інтарэсы РФ у Афрыцы прасоўваюць не толькі вагнэраўцы ды афіцыйныя вайсковыя дарадцы, але таксама расейская прапаганда. Прычым гаворка не толькі пра афіцыйныя медыі, як «Russia Today» і «Sputnik». Паводле французскага Інстытуту стратэгічных даследаванняў вайсковай школы (IRSEM), Расея стварыла цэлую «інфармацыйную экасістэму» з тысяч сайтаў і акаўнтаў, пры дапамозе якіх распальваюцца антызаходнія настроі. Паводле звестак Цэнтру стратэгічных даследаванняў Афрыкі ў Вашынгтоне, на працягу 2015–2022 гадоў расейскія кампаніі дэзынфармацыі былі адзначаныя ўва ўсіх афрыканскіх краінах, дзе былі заўважаныя найміты з ПВК Вагнэра. Прапаганда дазваляе сфармаваць пул прарасейскіх палітыкаў. Прыклад Малі і Буркіна-Фасо даказвае, што такія захады часам даюць вынік.

Праўда, расейская прапаганда далёка не паўсюль эфектыўная. У плане мяккай сілы таксама здараюцца правалы: напрыклад, у канцы прыгожынскія паліттэхнолагі не здолелі вывесці ніводнага прарасейскага кандыдата ў другі тур выбараў у Мадагаскары, бо проста нічога не разумелі ў мясцовых рэаліях. Вайсковае ўмяшанне таксама не заўсёды эфектыўнае: напрыклад, у Мазамбіку нечакана зазналі значныя страты ў баях з джыхадыстамі і былі вымушаны сысці.

Геапалітыка кульгае, але кантрабанда квітнее

Здавалася б, пасля 24 лютага 2022 года ва ўмовах цяжкой вайны з Украінай Расея мусіла страціць інтарэс да Афрыкі. Разам з тым, усё як раз наадварот: расейская прысутнасць паступова расце. У канцы 2022-га стала вядома пра з’яўленне вагнэраўцаў у Буркіна-Фасо, у пачатку 2023-га – у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (інфармацыя, праўда, пакуль не пацверджаная). Сярод радыкальных імперцаў такі падыход далёка не заўсёды знаходзіць разуменне. Напрыклад, былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў-Гіркін адкрыта крытыкуе вайсковую актыўнасць РФ на іншых кантынентах, бо мяркуе, што кожны падрыхтаваны жаўнер цяпер патрэбен на вайне з Украінай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Marko Djurica / Reuters / Forum

У кантэксце агрэсіі супраць Украінай Афрыка мае для Масквы інтарэс з пункту гледжання пераадолення міжнароднай ізаляцыі. Аднак практыка паказвае, што геапалітычныя бонусы ад расейскага ўмяшання ў афрыканскія справы насамрэч сумнеўныя. Расея сапраўды паступова выцясняе Францыю з Заходняй Афрыцы, але што гэта дало Крамлю на міжнародным узроўні? Супраць рэзалюцыі ААН з асуджэннем агрэсіі ва Украіне ў сакавіку 2022 года прагаласавала толькі адна афрыканская краіна – Эрытрэя. Прычым там якраз ПВК Вагнэра няма. А ў лютым 2023 года афрыканскіх саюзнікаў РФ у ААН стала два – да Эрытрэі далучылася Малі, дзе ўладу захапіла прарасейская хунта. То бок канвертаваць прысутнасць наймітаў у міжнародную падтрымку ўдалося толькі адной з больш як дзесяці краінаў Афрыкі. Нават ЦАР устрымліваецца падчас галасавання, хаця на Захадзе прэзідэнта гэтай краіны называлі «закладнікам» ПВК Вагнэра.

Варта таксама разумець, што ў Расеі атрымліваецца ўмешвацца ў справы толькі найбольш бедных і нестабільных афрыканскіх краінаў, якія вядуць бясконцыя ўнутраныя войны і часам самі перабываюць у ізаляцыі. Нарасціць свой уплыў адносна багатых паводле афрыканскіх мерак краінах Маскве якраз не ўдаецца.

Іншая рэч – грошы. Асабліва ва ўмовах санкцыяў доступ да афрыканскіх карысных выкапняў робіцца важнай крыніцай фінансавай падтрымкі пуцінскага рэжыму. У жніўні 2022 года CNN выпусціла журналісцкае расследаванне, дзе распавядалася, што расейскія найміты таемна вывозяць дзясяткі тонаў золата з Судану па змове з мясцовай хунтай. Кантрабанда золата ў сваю чаргу дазваляе Расеі фінансаваць вайну. Паводле выдання Politico, у 2022 годзе структуры Прыгожына таксама значна пашырылі сваю эканамічную актыўнасць у ЦАР: агульны прыбытак групоўкі ад здабычы карысных выкапняў можа скласці каля $ 1 млрд.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў