У ЦАР забілі дзевяць кітайскіх работнікаў. Магчыма, вінаватая ПВК Вагнэра


19 сакавіка ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы баевікі атакавалі нядаўна запушчаны аб’ект для здабывання золата, які належыць Кітаю. У выніку былі забітыя дзевяць грамадзянаў КНР і параненыя яшчэ двое, піша AP.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Найміты ПВК Вагнэра. Крыніца: informnapalm.org

Штурм залатой рудні Чымболё пачаўся каля пятай гадзіны раніцы, калі баевікі адолелі ахову аб’екта і адкрылі агонь. Здабыча была запушчаная за некалькі дзён да гэтага. Мясцовыя ўлады заявілі, што пераследуюць нападнікаў, але адмовіліся ад далейшых каментароў.

Спачатку ў нападзе абвінавацілі мясцовых паўстанцаў, але тыя заявілі пра датычнасць да нападу расейскіх наймітаў з групы Вагнэра.

За некалькі дзён да нападу баевікі выкралі трох грамадзянаў Кітаю на захадзе краіны непадалёк мяжы з Камерунам.

Hавiны
У «Рускім доме» ў Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі ўзарвалася пасылка, пацярпеў супрацоўнік
2022.12.16 16:12

Вагнэраўцы прысутнічаюць у ЦАР прынамсі з сакавіка 2018 года на падставе дамовы з уладамі краіны. 3 траўня 2022 года арганізацыя «Human Rights Watch» апублікавала даклад пра тое, што расейскія найміты ў краіне датычныя да забойстваў і катаванняў мірных жыхароў. Таксама іх вінавацяць у забойстве расейскіх журналістаў улетку 2018 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў