Паніка на «рынку троляў»: Кабаевай аддадуць актывы Прыгожына?


«Фабрыкі троляў» Яўгенія Прыгожына часова засталіся без наглядчыка. Арганізаваная сістэма фальшывых інтэрнэт-каментатараў, а таксама структуры, якія называюць сябе прэсай, але працуюць выключна на замову, павіслі ў паветры.

«Па рынку – “рынку троляў” – ходзяць чуткі, што хутка ў іх будзе новы гаспадар. Магчыма, яны адыдуць да медыяімперыі Кавальчукоў. Юры Кавальчук гэта вялікі сябар Пуціна і адзін з людзей, якія кантралююць «Нацыянальную медыя групу», – тлумачыць Ілья Раждзественскі з расейскага цэнтру «Досье».

Мільярдэр Юрый Кавальчук у Расеі кантралюе «Першы канал», «Рен-ТВ», «СТС» і «Пяты канал». Як нагадвае эксперт, старшыня Савету дырэктараў гэтай «Нацыянальнай медыя групы» – былая гімнастка і дэпутатка Аліна Кабаева, з якой Пуціна могуць звязваць інтымныя стасункі.

Актывы Прыгожына сёння хоць і таксічныя, але ахвотныя на іх знойдуцца. Яшчэ 4 гады таму «Белсат» распавядаў пра буйнае развіццё структураў, якія ў Расеі ствараюць ботафермы для палітычных каментароў у інтэрнэце.

«Любы паліттэхнолаг, які едзе займацца выбарчай кампаніяй, закладвае ў свой бюджэт яшчэ і фэйкавае каментаванне», – так яшчэ ў 2019-м годзе тлумачыла расейскія інтэрнэт-рэаліі Марыя Карпенка з выдання «Проект», аўтарка расследавання аб фабрыках троляў у Санкт-Пецярбурзе.

Санкт-Пецярбург – сталіца троляў. Тут у Прыгожына былі галоўныя офісы Вагнэра, медыйнага холдынгу «Патрыёт», «РИА “Федеральное агентство новостей”». Але сам Яўгеній Прыгожын – актыўны ўдзельнік, мікраменеджар гэтай дзейнасці.

«Яна сапраўды вялізная гэтая медыяімперыя. Там сотні працаўнікоў, і вядомая «РИА “ФАН”», і куча прыкормленых блогераў. Але ўсе яны хутчэй вытворная ад таго, што робіць сам Яўгеній Прыгожын», – тлумачыць Ілья Раждзественскі.

Дакументы, якія пуцінскія сілавікі знайшлі і паказалі падчас ператрусаў у Прыгожына, пралілі святло на ягоную ранейшую дзейнасць.

«У студзені 2020 года самалёт Прыгожына прызямліўся ў Літве. Прыбыў чалавек з імем, прозвішчам і датай нараджэння Прыгожына. Ён фатаграфаваўся побач з Сеймам Літвы, побач з Міністэрствам транспарту і іншымі ўстановамі. Праз некалькі дзён у расейскіх прапагандысцкіх выданнях з’явіліся публікацыі, што Прыгожын нібыта наведваў Літву і сустракаўся з уплывовымі дзяржаўнымі асобамі і бізнесоўцамі, хоць гэта было няпраўдай», – распавяла Аўрэлія Вярніцкайце з Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Гэта была інфармацыйная атака, каб скампраметаваць літоўскую ўладу ў самы цяжкі час ковідных абмежаванняў.

«У «Групы Вагнэра» шмат розных функцыяў. Гэта не толькі падонкі, якія ваююць супраць украінцаў ці выконваюць ваенныя і рабаўніцкія кантракты ў Афрыцы. Яны таксама праводзяць інфармацыйныя аперацыі супраць амерыканскай і літоўскай палітычных сістэмаў», – нагадвае старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Раней Яўгеній Прыгожын прызнаў сваё ўмяшальніцтва ў выбары прэзідэнта ЗША, калі перамог Доналд Трамп. Але інфармацыйная зброя Пуціна павярнулася супраць яго, калі прыгожынскія медыі паказалі збройны кулак вагнэраўцаў і бяссільнасць пуцінскіх сілавікоў.

«Яны сапраўды фактычна медыйна абслужылі піяр-кампанію Прыгожына, якая скончылася стыхійным паходам на Маскву. То бок літаральна папрацавалі на мяцеж. Пакуль крамлёўская брація знішчала ліберальныя СМІ, якія, паводле іх меркавання, пагражалі бяспецы Пуціна», – нагадвае Цімур Алеўскі, шэф-рэдактар ньюзруму расейскага выдання «The Insider».

Цяпер Крэмль спрабуе інфармацыйна атакаваць свайго былога працаўніка, выстаўляючы гісторыю з бунтам баевікоў Вагнэра, як спробу Прыгожына ўтрымаць фінансаванне на вайну.

«Першае – гэта грошы, другое – гэта дурныя і непамерныя амбіцыі, а трэцяе – гэта ўзбуджаны стан. Разам гэта вылілася ў спробу дзяржаўнай здрады і падман сваіх баявых таварышаў», – заявіў старшыня камітэту абароны Дзярждумы Расеі Андрэй Картаполаў.

Паводле афіцыйнай крамлёўскай версіі, крымінальная справа ФСБ аб дзяржаўнай здрадзе Прыгожына была спыненая.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»