news
Аналітыка
Чым адметныя самалёты F-16 і ці здолеюць змяніць хаду вайны?
F-16 не цудадзейная зброя, але здолее забяспечыць Украіне парытэт у паветры.
30.08.202308:00

Цягам апошняга тыдня ў пытанні паставак амерыканскіх знішчальнікаў F-16 намеціўся прагрэс: тры еўрапейскія дзяржавы (Данія, Нідэрланды і Нарвегія) пагадзіліся перадаць свае самалёты Украіне. У чым перавага F-16 над тымі самалётамі, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў расейска-ўкраінскай вайне? Ці могуць заходнія знішчальнікі наблізіць перамогу Украіны? Belsat.eu адказвае на гэтыя пытанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. F-16 румынскіх вайскова-паветраных сілаў з 53-й знішчальнай эскадрыллі «Warhawks». IPA / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

Пра што ўжо атрымалася дамовіцца

Украіна даўно імкнецца дамагчыся ад Захаду паставак сучасных баявых самалётаў, каб пазбавіць Расею дамінавання ў паветры. Раней Украіна атрымлівала ад сваіх саюзнікаў толькі мадэрнізаваныя савецкія знішчальнікі МіГ-29 і штурмавікі Су-25 на ўзбраенні краінаў Усходняй Еўропы. Яны не маглі змяніць цяперашняга статус-кво ў паветранай вайне. Самае галоўнае, што гэта быў абмежаваны рэсурс: запасы савецкай тэхнікі ў Еўропе заканчваюцца, саюзнікі Украіны самі яе не вырабляюць, а значыць, раней ці пазней гэта прывяло б да таго, што ЗСУ пазбавілася б магчымасці папаўняць свае страты. Таму ў доўгатэрміновай перспектыве пераўзбраенне за кошт сучаснай заходняй авіяцыі проста не мела альтэрнатывы.

У якасці прыярытэту Украіна выбрала амерыканскія знішчальнікі F-16. Спачатку ЗША адкрыта выказвалася супраць такіх паставак, але з траўня 2023 года сітуацыя пачала мяняцца. Спачатку афіцыйны Кіеў стварыў гэтак званую кааліцыю знішчальнікаў, якая мусіла лабіяваць перадачу Украіне сучасных самалётаў. Потым Белы дом ухваліў супольныя саюзніцкія праграмы рыхтавання ўкраінскіх пілотаў на F-16, даўшы зразумець, што ЗША не супраць, каб Украіна атрымала гэтыя самалёты. Хаця ніякіх фармальных абавязкаў для дастаўкі Вашынгтон на сябе не ўзяў, саюзнікі атрымалі зялёнае святло на тое, каб самастойна дамаўляцца з Кіевам.

20 жніўня адбыўся сапраўдны прарыў: Нідэрланды і Данія першымі з саюзнікаў далі канкрэтныя абяцанні перадаць Украіне свае самалёты. Данія плануе перадаць 19 знішчальнікаў F-16, а Нідэрланды – каля 40. 24 жніўня пра намер даць Украіне знішчальнікі заявіла і Нарвегія. Паводле медыяў, гаворка можа весціся пра 5–10 F-16. То бок сумарна ЗСУ могуць атрымаць 60–70 самалётаў. Галоўная ўмова перадачы – знішчальнікі мусяць выкарыстоўвацца толькі над тэрыторыяй Украіны, не заходзячы ў паветраную прастору РФ.

Навучанне палётам на новай тэхніцы ўкраінскія пілоты ўжо пачалі.

Аналітыка
Якой зброі Украіне бракуе для перамогі, і чаму Захад марудзіць з пастаўкамі
2023.08.21 16:58

У чым адметнасць F-16

Поўная назва амерыканскага самалёта – «General Dynamics F-16 Fighting Falcon» («Баявы сокал»). F-16 распрацавалі яшчэ ў канцы 1970-х гадоў і з таго часу шмат разоў абнаўляўся, што падзяляе вырабленыя F-16 на некалькі асноўных серыяў.

Украіна атрымае версію «F-16AM Block 20 MLU» (Данія, Нарвегія і Нідэрланды валодаюць самалётамі менавіта гэтай серыі), якая прайшла глыбокую мадэрнізацыю. Прычым Данія, Нарвегія і Нідэрланды цяпер будуць пераходзіць на больш сучасныя амерыканскія самалёты пятага пакалення F-35.

Галоўны плюс F-16 заключаецца ў шматфункцыйнасці: ён разлічаны на выкананне розных заданняў, мае на ўзбраенні і ракеты класу «паветра – паветра», і ракеты «паветра – зямля». Гэта азначае, што F-16 можа выкарыстоўвацца як для адбіцця ракетных атак на ўкраінскія гарады, гэтак і для падтрымання наземных аперацыяў. F-16 здольны развіваць хуткасць да 2500 км/г і паднімацца на вышыню 15–17 кіламетраў, здольны выяўляць цэлі на адлегласці 150–200 кіламетраў, сачыць адразу за дзесяццю аб’ектамі і адначасова некалькі з іх атакаваць.

Для выкарыстання на F-16 існуюць дзясяткі баявых сродкаў. F-16 могуць несці амерыканскія кіраваныя ракеты AIM-9 і ракеты сярэдняй далёкасці AIM-120 AMRAAM – прычым у апошняй мадыфікацыі AMRAAM здольныя паражаць цэль у рэжыме саманавядзення на адлегласці 180 км. Акрамя таго, знішчальнік можа выкарыстоўваць ракеты «паветра – зямля» – «AGM-65 Maverick», крылатыя ракеты AGM-158 JASSM (далёкасць JASSM у залежнасці ад версіі – 230–370 км), супрацьлакацыйныя AGM-88 HARM і супрацькарабельныя AGM-84, кіраваныя і некіраваныя бомбы, а таксама 20-мілімітровую гармату. Гэта не азначае, што ўсю гэтую наменклатуру ўзбраення Украіна аўтаматычна атрымае ад саюзнікаў. Аднак цяпер Кіеў будзе мець падставы на гэта прэтэндаваць, бо інтэграцыя большасці заходніх ракетаў на савецкія знішчальнікі ў прынцыпе немагчымая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. F-16 бельгійскіх вайскова-паветраных сілаў.
Фота: U.S. Air Force / Zuma Press / Forum

Яшчэ адна прычына, праз якую Украіне важна перайсці менавіта на F-16, – гэта масавасць (лік пабудаваных F-16 ідзе на тысячы) і распаўсюджанасць (больш за два дзясяткі краінаў маюць на ўзбраенні гэты знішчальнік). Такім чынам, існуе вялізарны патэнцыял для абнаўлення авіяпарку, спрашчаецца задача рамонту і пошуку запчастак.

F-16 супраць МіГ-29 і Су-35: хто мае перавагу?

Тэхнічныя характарыстыкі F-16 шмат у чым падобныя да характарыстык савецкага МіГ-29, якімі карыстаецца і Украіна, і Расея – абодва адносяцца да самалётаў чацвертага пакалення. Напрыклад, вышыня палёту і хуткасць у іх амаль аднолькавыя, а баявы радыус у савецкага самалёта нават большы – 700 супраць 550 км.

Аднак F-16 мае значную перавагу ў авіёніцы (то бок авіяцыйнай электроніцы): ён лепш бачыць, больш эфектыўна адсочвае і знаходзіць цэлі, а сам горш выяўляецца на радарах праціўніка. Таксама F-16 мае значную перавагу ў наменклатуры ды колькасці ўзбраення. Акрамя таго, амерыканскі знішчальнік мае больш вялікі прызначаны рэсурс, то бок можа выкарыстоўвацца даўжэй за МіГ-29 (8 тысяч гадзінаў палётаў супраць 2,5–4 тысячаў).

Пры гэтым МіГ-29 не найлепшы знішчальнік на ўзбраенні РФ. Агрэсар мае таксама самалёт Су-35, распрацаваны ў 2008 годзе, яго адносяць да пакалення 4++. То бок фармальна Су-35 лічыцца больш сучасным за F-16 і ў шэрагу характарыстык яго сапраўды пераўзыходзіць. Але перавагу ў авіёніцы, імаверна, усё роўна захоўвае F-16: ён лепш распазнае цэлі на далёкай адлегласці, што для сучаснага паветранага баю мае выключнае значэнне.

«Радар у Су-35 – гэта тэхналогіі 30-гадовай даўніны, радар у F-16 больш дасканалы і дае вам значна больш магчымасцяў збіваць цэлі на вялікай адлегласці. І не адну, а шмат цэляў. Столькі цэляў, колькі ў вас ракетаў», – тлумачыў у адным з інтэрв’ю падпалкоўнік авіяцыі ЗША Дэн Гэмптан.

Праўда, параўноўваць Су-35 і F-16 можна пакуль толькі на ўзроўні тэорыі, у рэальным баі яны ніколі не сутыкаліся. З іншымі самалётамі расейскай і савецкай вытворчасці (МіГ-29, МіГ-23, Су-27) F-16 у розных лакальных канфліктах сустракаўся неаднаразова. Падлік, які зрабілі кітайскія эксперты, уражвае: F-16 перамагае з лікам 65:0 (то бок былі знішчаныя 65 расейска-савецкіх самалётаў і ніводнага амерыканскага знішчальніка).

Як F-16 можа паўплываць на вайну

Самалёты F-16 могуць дазволіць Украіне дасягнуць парытэту ў паветры і закрыць неба ад расейскай агрэсіі. Сакратар РНБА Аляксей Данілаў мяркуе, што як толькі F-16 зʼявяцца, то «сітуацыя будзе радыкальна мяняцца ў нас з вамі на вачах». Спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат таксама думае, што F-16 здольны змяніць усё.

«Калі мы сёння бачым велізарную авіяцыйную актыўнасць на маніторах нашых радараў, і гэта не дазваляе нашым наземным войскам эфектыўна праводзіць наступальныя дзеянні і вызваляць нашыя тэрыторыі, а яны [вораг] карыстаюцца падтрыманнем уласнай паветранай абароны, карыстаюцца падтрыманнем авіяцыі. Трэба неба ад іх ачысціць. Ачысціць могуць F-16. З тым спектрам узбраення, які ў іх ёсць, гэта ім пад сілу», – патлумачыў Ігнат.

Акрамя таго, знішчальнікі аблегчаць абарону ўкраінскіх гарадоў ад паветранага тэрору: Паветраныя сілы ЗСУ разлічваюць пры іх дапамозе павялічыць адсотак знішчэння дронаў-камікадзэ і крылатых ракетаў з 70–80 да 100%.

Разам з тым варта разумець, што F-16 – гэта не цудадзейная зброя, здольная адразу прывесці да разгрому Расеі. Пагатоў з’явяцца амерыканскія знішчальнікі ва Украіне яшчэ няхутка. Міністэрства абароны заяўляе, што працэс навучання ўкраінскіх пілотаў, інжынераў і тэхнікаў зойме як мінімум 6 месяцаў, то бок на фронт першыя F-16 трапяць у пачатку вясны. І гэта ў найлепшым выпадку. Некаторыя кажуць, што навучанне можа заняць да 8 месяцаў або нават год. Таксама патрэбен час, каб стварыць адпаведную інфраструктуру для абслугоўвання заходніх самалётаў ва Украіне.

Перадача самалётаў будзе расцягнутым у часе працэсам. Прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што Украіна атрымае першыя шэсць знішчальнікаў да новага года, яшчэ восем перададуць у 2024-м, а астатнія – у 2025-м. Міністарка абароны Нідэрландаў Кайса Олёнгрэн кажа, што самалёты будуць перададзены ў 2024 годзе і толькі пасля таго, як экіпажы ды інфраструктура будуць цалкам гатовыя. Аглядальнік даследчай суполкі «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка мяркуе, што на паўнавартасную эскадрыллю F-16 (то бок мінімум 12 самалётаў) Украіна зможа разлічваць не раней за першую палову 2024 года. 12 самалётаў для фронту працягласцю 1200 км – гэта, мякка кажучы, няшмат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з вайскоўцамі 6 жніўня 2023 года.
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Аднак нават з’яўленне невялікай колькасці самалётаў F-16 будзе адчувацца, бо гэта як мінімум прымусіць расейскую авіяцыю на фронце дзеяць больш асцярожна. Украінскае камандаванне можа перакідваць свае самалёты на розныя кірункі, каб падтрымліваць войскі і трымаць праціўніка ў напружанні. У гэтым сэнсе зусім не абавязкова, каб F-16 масава збівалі самалёты агрэсара – дастаткова, каб вораг баяўся панесці страты і абмяжоўваў з улікам гэтага свае аперацыі.

«Нам абяцаюць перадаць першую партыю, 3–6 самалётаў, гэта нават не эскадрылля. Гэта звяно, і гэта істотна нічога не зменіць. Але нават такою колькасцю мы можам у розных месцах уздоўж лініі фронту пунктава кашмарыць ворагаў, адганяючы іхныя самалёты, якія цяпер атакуюць нашыя пазіцыі», – піша ў сваёй калонцы вайсковы аналітык Аляксей Гэцьман.

Каб цалкам гаспадарыць у паветры, спатрэбяцца сотні F-16, мяркуе Гэцьман. Праўда, пра татальнае дамінаванне (калі не проста можна закрыць уласнае неба, але і свабодна дзеяць у чужым) цяпер гаворкі ўвогуле няма. Імаверна, пытанне так нават не ставіцца: Украіне дастаткова будзе проста забяспечыць парытэт у авіяцыі. Раней Міністэрства абароны Украіны заяўляла, што, каб вызваліць краіну, ЗСУ хопіць чатырох эскадрылляў – 48 самалётаў. Называліся і іншыя лічбы: паводле Юрыя Ігната, каб раўнамерна закрыць неба над Украінай і не пакідаць слабых месцаў, ЗСУ спатрэбяцца 128 F-16.

Аналітыка
У чаканні бітвы за Такмак. Тлумачым, чаму контрнаступ ЗСУ ўваходзіць у ключавую фазу
2023.08.26 08:00

Глеб Нержын belsat.eu