Украінскія пілоты распачалі навучанне палётам на знішчальніках F-16


Украінскія пілоты, інжынеры і тэхнікі распачалі навучанне на самалётах F-16. Таксама яны вывучаюць англійскую мову, бо базавага ўзроўню ведаў недастаткова, распавёў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв’ю 24 Каналу і зазначыў, што падрабязнасці праекту па навучанні раскрываць не будзе.

Знішчальнік F-16.
Фота: US Air Force

У самалётную кааліцыю ўвайшлі 11 краін-партнёраў. Лідарства па праекце навучання ўзялі на сябе Нідэрланды і Данія. Пра завяршэнне вучэнняў паведамяць інструктары, калі будуць бачыць, як украінскія пілоты, інжынеры і тэхнікі ўспрымаюць новыя навыкі і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, зазначыў Рэзнікаў.

Цягам перыяду навучання павінна стаць зразумела, калі Украіна атрымае F-16 і ў якой колькасці.

«Важна яшчэ і тое, якая менавіта зброя будзе на знішчальніках, – кажа міністр абароны. – Бо без радаў самалёт не бачыць, а без кулямётаў, ракет і снарадаў – не з’яўляецца зброяй, а толькі носьбітам. Таму, калі партнёры будуць прымаць рашэнне, якая краіна і колькі гатовая перадаць самалётаў, будуць звяртацца за згодай на гэта да ЗША».

Калі стане зразумела, колькі якая краіна гатовая перадаць самалётаў і будзе згода ЗША на гэта, тады можна будзе казаць пра другую частку праекту, зазначае Рэзнікаў.

Міністр абароны Украіны не сумняецца, што Паветраныя сілы ЗСУ будуць прымяняць знішчальнікі F-16, аднак калі менавіта – пытанне пакуль адкрытае. Мінімальны тэрмін для падрыхтоўкі пілотаў – 6 месяцаў.

«Хтосьці, магчыма, зможа хутчэй. Людзі таленавітыя. Але каб не было ілюзіяў, можа так адбыцца, што частка пілотаў будзе гатовая за 5 месяцаў, а інжынеры і тэхнікі не будуць гатовыя, – кажа Аляксей Рэзнікаў. – А самалёт – складаная сістэма. Аднаго пілота недастаткова. Каб будаваць апраўданыя чаканні – мінімум 6 месяцаў. Але не расчароўваецеся, калі гэта будзе даўжэй».

Hавiны
ЗША могуць перадаць Украіне знішчальнікі F-16 да канца 2023 года
2023.07.21 09:22

ЗША ўхвалілі адпраўку знішчальнікаў F-16 з Даніі і Нідэрландаў ва Украіну, як толькі будзе завершаная падрыхтоўка пілотаў.

The Washington Post зазначае, што першая група з 6 украінскіх пілотаў не вывучыць заходнія знішчальнікі імгненна – магчыма, гэта здарыцца толькі ўлетку 2024 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў