Праслухоўванне Залужнага: што вядома і якія наступствы для Украіны можа мець гэты скандал


У адным з кабінетаў, які выкарыстоўвае галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны, у нядзелю знайшлі прыладу праслухоўвання. Спачатку пра гэта паведамілі ўкраінскія медыі са спасылкай на ўласныя крыніцы, а неўзабаве з адпаведнай заявай выступіла Служба бяспекі Украіны. Пакуль дэталяў вядома не шмат, аднак у любым выпадку гэты скандал не пройдзе бясследна для ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне.

Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны (у цэнтры) выконвае гімн падчас цырымоніі ўручэння ордэна «Залатая зорка» сем’ям герояў у Марыінскім палацы ў Кіеве, Украіна. 27 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidential / Zuma Press / Forum

Што вядома пра праслухоўванне Залужнага

Позна ўвечары 17 снежня Служба бяспекі Украіны паведаміла, што распачатая крымінальную вытворчасць па факце выяўленне «тэхнічнай прылады ў адным з патэнцыйных месцаў дыслакацыі галоўнакамандуючага ЗСУ». Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле арт. 359 КК («Незаконнае выкарыстанне спецсродкаў атрымання інфармацыі»).

Як распавялі ў СБУ, «праслушку» знайшлі не беспасярэдне ў кабінеце Залужнага, а ў адным з памяшканняў, якое магло ў далейшым выкарыстоўвацца ім для працы. Прычым «жучкі» былі ў непрацоўным стане, сцвярджаюць спецслужбы.

«Якія-небудзь сродкаў назапашвання інфармацыі ці сродкаў выдаленай перадачы аўдыязапісаў не выяўлена», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Медыі адразу паведамілі, што прылады для праслухоўвання знайшлі і ў іншых пакоях каманднага пункту (у прэс-рэлізе СБУ гэтага не было). Паводле «Цензор.нет», мікрафон быў выяўлены ў кабінеце асабістага памочніка галоўнакамандуючага ЗСУ – Канстанціна Бушуева. Цяпер увесь персанал, які мае доступ да кабінетаў штабу, праходзіць паліграф.

У дзень 18 снежня Генеральны штаб ЗСУ пацвердзіў, што «жучкоў» было некалькі. Як адзначалася ў афіцыйнай заяве, падчас планавага правярання былі выяўлены прылады для праслухоўвання ў «кабінетах, прызначаных для працы галоўнакамандуючага ЗСУ і працаўнікоў Апарату забеспячэння яго дзейнасці». Пасля чаго вайскоўцы звярнуліся ў Службу бяспекі Украіны.

Залужны ў інтэрв’ю РБК-Украіна зазначыў, што кабінет, дзе знайшлі «жучок», ён даўно не выкарыстоўваў. «Скажу вам так: гэта тое памяшканне, якое я мусіў выкарыстаць сёння. У ім учора падчас праверкі знайшлі [праслушку]… Я там [у кабінеце] даўненька ўжо не быў. Але мы праверылі і знайшлі», – распавёў генерал, дадаўшы, што «жучкі» знайшлі не толькі ў яго.

Каментуючы сітуацыю, Залужны выключыў, што да арганізацыі праслухоўвання мог быць датычны хтосьці з Генштабу. «Не, з вушамі мы даўно не працуем», – падкрэсліў ён.

Залужны сказаў журналістам, што інцыдэнт ён успрыняў «як вайну». У адказ на ўдакладняючыя пытанні, галоўнакамандуючы ЗСУ шматзначна дадаў: «Усякае можа быць. Следства пакажа».

Кантэкст, які дае прастору для спекуляцыяў

Ні ў заяве СБУ, ні ў заяве Генштабу, ні ў каментары Залужнага нічога не гаворыцца пра тое, хто можа стаяць за праслухоўваннем. Самая лагічная версія ва ўмовах вайны – гэта спецслужбы Расеі. Аднак у публічнай прасторы амаль адразу ўзніклі падазрэнні наконт датычнасці да гэтай справы адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, які, паводле звестак медыяў, цяпер знаходзіцца ў кепскіх стасунках з Залужным.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з мясцовымі чыноўнікамі ў Львове, Украіна. 15 снежня 2023 года.
Фота: Ukrainian Presidential / Zuma Press / Forum

Паводле медыяў, першапрычынай канфлікту прэзідэнта і генерала з’яўляецца рэўнасць Зяленскага да шалёнай папулярнасці Залужнага ў народзе. З электаральнага пункту гледжання сёння толькі галоўнакамандуючы ЗСУ мог бы кінуць выклік дзейнаму прэзідэнту. Як сведчыць апошняе даследаванне Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, рэйтынг даверу ў Залужнага цяпер значна вышэй, чым у Зяленскага – 88% супраць 62%.

Стасункі галоўнакамандуючага ЗСУ і прэзідэнта абвастрыліся ў лістападзе 2023 году пасля рэзананснага інтэрв’ю Залужнага выданню «The Economist». Генерал шчыра апавёў, што сітуацыя на фронце зайшла ў пазіцыйны тупік, а гэта рэзка кантраставала з публічнаю рыторыкаю Зяленскага, які прытрымліваўся значна больш аптымістычных ацэнак.

Прэзідэнт Украіны выказаў сваю нязгоду са словамі Залужнага, пайшоў на неадназначныя кадравыя рашэнні, а таксама заўважыў у адным з інтэрв’ю, што вайскоўцы, якія збіраюцца займацца палітыкаю, не маюць «займацца вайною».

У Офісе прэзідэнта ўвесь час адназначна заяўлялі, што канфлікту паміж прэзідэнтам і галоўнакамандуючым у прынцыпе быць не можа. Аднак чым далей, тым больш станавілася зразумелым, што чуткі пра канфлікт з’явіліся не на пустым месцы.

У канцы лістапада інфармацыйную кампанію супраць Залужнага распачала дэпутатка Вярхоўнай Рады з прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народу» Мар’яна Бязуглая, якая абвінаваціла галоўнакамандуючага ў адсутнасці плану вайны на 2024 год і заклікала да ягонай адстаўкі. Ва ўкраінскім грамадстве да дзеянняў Бязуглай у асноўным паставіліся рэзка крытычна, а яе заявы былі ўспрыняты як прамацванне глебы з боку адміністрацыі Зяленскага наконт магчымага звальнення Залужнага.

Аналітыка
Канфлікт ці працоўны момант? Што адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?
2023.11.24 17:15

У снежні выданне «Украінская праўда» паведаміла, што Зяленскі ў абыход Залужнага фактычна стварыў паралельныя трэкі для камунікацыі з камандзірамі розных відаў войска, што дэстабілізуе працу галоўнакамандуючага ЗСУ.

З улікам усяго гэтага скандал з праслухоўваннем будзе непазбежна многімі ўспрымацца ў кантэксце стасункаў Зяленскага і Залужнага, нават калі насамрэч прэзідэнцкая адміністрацыя дачынення да гэтага не мае. Міжнародная валанцёрская супольнасць «InformNapalm» мяркуе, што цяпер у інфармацыйнай прасторы варта чакаць шматлікіх «укідаў» і «вутак» як з боку расейскіх спецслужбаў, так і з боку «фрыкаў, кшталту Бязуглай».

Чыя рэпутацыя будзе прынесена ў ахвяру?

Пакуль ніхто не можа дакладна сказць, ці мела месца ўцечка сакрэтнай інфармацыі са штабу Залужнага. Калі верыць заяве СБУ, то атрымліваецца, што гэтага адбыцца проста не магло: «жучкі» былі ў непрацоўным стане і размясцілі іх у памяшканні, якое не выкарыстоўвалася Залужным. Аднак у любым выпадку гэтая сітуацыя моцна кампраметуе ўсю сістэму абароны інфармацыі ва ўмовах вайны.

«Гэта беспрэцэдэнтнае парушэнне рэжыму бяспекі», – напісаў у сваім Фэйсбуку галоўны рэдактар «Цензор. нет» Юры Бутусаў.

Былая намесніца міністра абароны Ганна Маляр, якая была звольнена са сваёй пасады ў верасні, заявіла, што злівы сакрэтнай інфармацыі са штабоў увогуле адбываюцца не ўпершыню. «Ваенная таямніца ўжо не раз станавілася публічнай», – напісала яна, не ўдакладніўшы, якія выпадкі меліся на ўвазе.

Былы начальнік ГУР Украіны Валер Кандрацюк у эфіры Radio NV адзначыў, што ў любым выпадку пасля гэтага інцыдэнту пытанні мусяць узнікнуць да СБУ: або прадстаўнікі гэтай спецслужбы самі арганізавалі праслухоўванне, або яны аказаліся не здольныя перадухіліць дзейнасць расейскіх шпіёнаў, якія праніклі ў штаб Залужнага.

«СБУ мае апавесці грамадству, чаму так здарылася, і прыняць адпаведныя захады для таго, каб немагчымыя былі падобныя рэчы ў будучыні», – падкрэсліў ён.

Тое, што скандал з праслухоўваннем будзе мець палітычныя наступствы для сітуацыі ва Украіне, амаль не выклікае сумневаў. Ён непазбежна абвастрыць унутраныя спрэчкі, можа негатыўна адбіцца на ўзроўні даверу да ўладаў як з боку грамадства, так і з боку заходніх саюзнікаў. Так ці інакш, хтосьці мусіць панесці адказнасць (як мінімум рэпутацыйную) за тое, што адбылося. Цалкам магчыма, што ў выніку гэта прывядзе да гучных адставак.

Перспектывы далейшага развіцця скандалу стануць больш зразумелымі, калі па гэтай тэме выкажацца Зяленскі. На момант падрыхтоўкі артыкулу ён яшчэ не каментаваў інцыдэнт з праслухоўваннем, але 19 снежня, падчас прэс-канферэнцыі па выніках году, напэўна зробіць гэта.

Аналітыка
Галасаванне падчас вайны. Як Украіна і Расея будуць вырашаць праблему выбараў
2023.12.12 18:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў