Галасаванне падчас вайны. Як Украіна і Расея будуць вырашаць праблему выбараў


На 17 сакавіка 2024 году ў Расеі прызначаны прэзідэнцкія выбары, якія маюць прайсці ў тым ліку на акупаваных украінскіх тэрыторыях. Па графіку ў сакавіку наступнага году павінны былі б адбыцца прэзідэнцкія выбары ва Украіне, але афіцыйны Кіеў дае зразумець, што яны ўсё-ткі будуць адкладзеныя праз ваеннае становішча. Belsat.eu распавядае, як Украіна і Расея вырашаюць праблему правядзення электаральных кампаніяў падчас вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўшаноўвае памяць загінулых перад Сцяной памяці ў Кіеве, Украіна. 6 снежня 2023 года.
Фота: Handout / Ukrainian Presidential Press Service / AFP / East News

Выбары «не да часу»

Прэзідэнцкія выбары ва Украіне па графіку мусяць адбыцца 31 сакавіка. Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны правядзенне электаральнай кампаніі з’яўляецца надзвычай складанай задачай. Украінскія паселішчы рэгулярна становяцца мішэнню для расейскіх абстрэлаў і паветраных атак. Каля 18% тэрыторыі Украіны знаходзяцца пад акупацыяй. Больш за 6 млн украінцаў пакінулі краіну і сталі вымушанымі перасяленцамі. Сотні тысяч служаць у войску, якое няспынна вядзе баявыя дзеянні.

Ці з’яўляюцца ўсе гэтыя перашкоды непераадольнымі? Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі некалькі разоў даваў зразумець, што не. У жніўні 2023 году ён заявіў, што калі ў 2024 годзе вайна працягнецца і будуць прызначаныя выбары, то ён пойдзе на другі прэзідэнцкі тэрмін. У пачатку кастрычніка 2023 году Зяленскі сцвярджаў, што пры выкананні шэрагу ўмоваў правесці выбары ва Украіне магчыма. У прыватнасці, для гэтага трэба скарэктаваць заканадаўства, а таксама забяспечыць доступ да галасавання ўкраінцам за мяжой і на прыфрантавых тэрыторыях.

У пачатку лістапада крыніцы ўкраінскіх медыяў паведамлялі, што Зяленскі нібыта прыняў прынцыповае рашэнне правесці выбары ў 2024 годзе, а дэпутаты Вярхоўнай Рады ўжо пачалі распрацоўваць змены ў заканадаўства, каб кампанію можна было правесці ва ўмовах вайны.

Аднак 6 лістапада Зяленскі заявіў, што выбары ва Украіне «не да часу», бо ідзе вайна. Неўзабаве ўкраінскія медыі паведамілі, што Офіс прэзідэнта папрасіў дэпутатаў прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народу» у ВР публічна падтрымаць пазіцыю Зяленскага. Прадстаўнік Зяленскага ў парламенце Фёдар Веніслаўскі заявіў, што абраны падчас ваеннага становішча прэзідэнт наўрад ці будзе легітымным. Кіраўнік францыі «Слуга народу» Давід Арахамія падкрэсліў, што ў 2024 годзе ва Украіне не будзе ўвогуле ніякіх выбараў – ні прэзідэнцкіх, ні парламенцкіх, ні мясцовых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы чакаюць заканчэння восеньскага дажджу, стоячы побач з фрэскамі ў Міхайлаўскім саборы ў Кіеве, Украіна. 1 лістапада 2023 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Выдаткі на выбары ў бюджэце дзяржавы на 2024 год таксама не прадугледжаны.

Народ супраць

Можна толькі здагадвацца, чаму Зяленскі ў лістападзе змяніў сваю пазіцыю. Магчыма, на гэта паўплывала няўдача контрнаступлення і абвастрэнне стасункаў з галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным, які карыстаецца вялізарнай папулярнасцю ў народзе і гіпатэтычна мог бы кінуць выклік дзейнаму прэзідэнту на выбарах. Электаральная кампанія непазбежна абвастрыць унутраныя палітычныя спрэчкі, што можа пахіснуць нацыянальнае адзінства.

Так ці інакш, рашэнне Зяленскага адкласці выбары, па-першае, адпавядае заканадаўству, а, па-другое, мае поўную падтрымку ў грамадстве. Вынікі апытання, праведзенага ў кастрычніку Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі, сведчаць, што 81% украінцаў выступілі супраць правядзення выбараў падчас вайны. Толькі 16% рэспандэнтаў лічаць, што выбары ўсё роўна трэба праводзіць.

Нават апазіцыйныя палітыкі ва Украіне згодныя з рашэннем Зяленскага. 30 лістапада прадстаўнікі ўсіх фракцыяў Вярхоўнай Рады падпісалі мемарандум, які зафіксаваў кансэнсус у гэтым пытанні: выбары ва Украіне могуць прайсці толькі пасля завяршэння вайны і не раней чым праз 6 месяцаў пасля скасавання ваеннага становішча.

Супраць ідэі правядзення выбараў падчас вайны выступіў і ўкраінскі трэці сектар: больш за сотню грамадскіх арганізацыяў падпісаліся пад адпаведным зваротам.

«Выбары і поўнамаштабная вайна – несумяшчальныя… Выбары самі па сабе не роўныя дэмакратыі, а фармальны акт галасавання не зʼяўляецца бясспрэчным пацвярджэннем дэмакратычнасці рэжыму», – гаворыцца ў заяве.

Нарэшце, перанос выбараў у цэлым адпавядае і гістарычнай практыцы. Напрыклад, падчас Першай і Другой сусветнай войнаў у дэмакратычных краінах Еўропы, што ўдзельнічалі ў канфлікце, выбары не праводзіліся зусім. Злучаныя Штаты ў 1944 годзе прэзідэнцкія выбары ладзілі, але вайна ішла далёка ад амерыканскай тэрыторыі, таму для іх праблемы бяспекі і масавай міграцыі проста не існавала.

Hавiны
Аляксей Арэстовіч заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты Украіны
2023.11.02 14:59

Захад выбараў хоча, але не настойвае

Адкуль увогуле ўзнікла пытанне аб выбарах падчас ваеннага становішча? Да гэтай праблемы перыядычна звяртаюцца заходнія дыпламаты, палітыкі і эксперты. Для Захаду выбары – гэта абавязковы элемент дэмакратыі і сведчанне прыналежнасці да агульнай сістэмы каштоўнасцяў. Пры наяўнасці такіх вонкавых маркераў заходнім урадам прасцей тлумачыць сваім грамадзянам, чаму грошы з іх падаткаў мусяць ісці на падтрымку Украіны.

Напрыклад, у траўні 2023 году прэзідэнт ПАРЕ Тіні Кокс заявіў, што Украіна мае правесці выбары падчас вайны, нават калі яны будуць «не ідэальнымі».

«Не будзе ніякіх прэтэнзіяў да Украіны, калі выбары будуць не ідэальнымі. Але калі вы не правядзеце выбары – то ва ўсіх будуць да вас пытанні. Дэмакратыя – гэта канешне не толькі выбары. Але без выбараў дэмакратыя немагчыма», – падкрэсліў ён.

У канцы жніўня сенатар ЗША ад Рэспубліканскай партыі Ліндсі Грэм заявіў, што выбары ва Украіне павінны адбыцца нават ва ўмовах расейскага ўварвання. «Амерыканскі народ павінен ведаць, што Украіна змянілася. У мінулым гэта была вельмі карумпаваная краіна», – падкрэсліў сенатар.

Разам з тым, няма падставаў казаць пра тое, што Захад аказвае на афіцыйны Кіеў ціск і робіць гэта ўмовай далейшай падтрымкі. Падобна на тое, што цяпер гэтае пытанне не з’яўляецца крытычна важным для саюзнікаў Украіны. Пасля заявы Зяленскага аб тым, што выбары «не да часу», у Дзярждэпартаменце ЗША адзначылі, што падтрымліваюць «асцярожны і канстытуцыйны падыход да падтрымкі трываласці дэмакратыі ў ваенны час».

Паводле звестак Бі-Бі-Сі, заходнія дыпламаты ў цэлым «прыхільна сустрэлі» адпаведнае рашэнне ўкраінскіх уладаў. «Частка амерыканскага істэблішменту ў прынцыпе не супраць правядзення ва Украіне выбараў да канца вайны, але пры ўмове, што выбары пры гэтым не будуць спрафанаваныя як інстытут», – патлумачыў Бі-Бі-Сі ўдзельнік закрытых экспертных абмеркаванняў украінскага пытання ў Вашынгтоне.

Рытуал, ад якога нельга адмовіцца

Крэмль у правядзенні прэзідэнцкіх выбараў падчас вайны ніякіх праблемаў не бачыць: у Расеі яны прызначаны на 17 сакавіка 2024 году. У тым ліку галасаванне мае прайсці на акупаваных тэрыторыях Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў Украіны. На гэтых тэрыторыях дзейнічае ваеннае становішча, аднак заканадаўчыя перашкоды расейскае кіраўніцтва ўжо прыбрала, а ў верасні без праблемаў зладзіла там мясцовыя выбары. Масква не хавае, што для іх прэзідэнцкія выбары ў анексаваных рэгіёнах маюць важнае сімвалічнае значэнне, бо з’яўляюцца, па сутнасці, «кульмінацыяй уз’яднання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Члены выбарчай камісіі выкідваюць бюлетэні са скрыні на выбарчым участку падчас мясцовых выбараў у акупаваным Расеяй Данецку, Украіна. 10 верасня 2023 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Аднак навошта ў прынцыпе Крамлю ладзіць выбары? Галоўныя апаненты пуцінскага рэжыму знаходзяцца ў турмах або за мяжой, да ўдзелу ў выбарах, хутчэй за ўсё, дапусцяць толькі ўзгодненых спарынг-партнёраў, а інфармацыйная прастора цалкам манапалізаваная крамлёўскай прапагандай. У жніўні 2023 году прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Расеі пераабранне Пуціна проста непазбежнае: за яго прагаласуюць больш за 90 % выбарнікаў.

Вайна ў сваю чаргу дала зручную нагоду адмовіцца ад гэтай фармальнасці. У кастрычніку кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў прапанаваў на час «СВА» адмяніць правядзенне выбараў прэзідэнта Расеі або ў якасці іншага варыянту правесці галасаванне з адзіным кандыдатам – Пуціным.

«Зусім відавочна, што такой маштабнай падзеяй скарыстаюцца і будуць выкарыстоўваць для правакацыяў многія недружалюбныя краіны, у тым ліку ўвесь калектыўны Захад. Нашыя ворагі пастараюцца разгайдаць сітуацыю ўнутры дзяржавы. Расейскі народ павінен выказаць аднагалосную думку аб адмене выбараў у перыяд СВА», – заявіў Кадыраў.

Пры жаданні падобную «ініцыятыва знізу» Крэмль арганізаваў бы без праблемаў. Выглядала б усё гэта як мінімум не горш за прапанову дэпутаткі Валянціны Церашковай «абнуліць» прэзідэнцкія тэрміны Пуціна, што і было зроблена ў 2020 годзе.

Цяпер Крэмль такім варыянтам не скарыстаўся, спаслаўшыся на «неабходнасць выканання ўсіх патрабаванняў дэмакратыі». Імаверна, у выбарах Пуцін бачыць важны механізм рытуальнай легітымізацыі свайго рэжыму. Акрамя таго, рэалізацыя прапановы Кадырава супярэчыла б фундаментальнаму прапагандысцкаму наратыву Крамля, у адпаведнасці з якім ніякай вайны няма, а ёсць проста «СВА», дзе ўсё ідзе паводле плану. То бок гэта магло быць успрынятая як сведчанне няўпэўненасці ўлады ў сваіх сілах, чаго аўтарытарныя рэжымы стараюцца не дапускаць.

У выніку, як гэта ні парадаксальна, сапраўды легітымнаму дэмакратычнаму лідару, якім з’яўляецца Зяленскі, рашэнне не праводзіць выбары падчас вайны прыняць лягчэй, чым аўтарытарыю, які пераўтварыў выбарчы працэс у фармальнасць.

Аналітыка
«Выбуховая сумесь». Ці могуць турбапатрыёты расхістаць рэжым Пуціна?
2023.12.01 18:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў