Крэмль вызначыўся са спарынг-партнёрамі Пуціна на выбарах 2024 года


У палітычным блоку Адміністрацыі прэзідэнта (АП) Расейскай Федэрацыі вызначыліся са спарынг-партнёрамі, якія будуць «канкураваць» з Уладзімірам Пуціным на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Пра гэта піша «Медуза».

Паводле крыніцаў «Медузы», блізкіх да Крамля, адным з галоўных крытэраў адбору стаўся ўзрост. Сярод зарэгістраваных кандыдатаў не павінна быць палітыкаў, маладзейшых за 50 гадоў. Паводле чыноўнікаў АП, наяўнасць такіх кандыдатаў у бюлетэні можа прымусіць расейцаў задумацца, што 70-гадовы Пуцін – «ужо не той чалавек, які прыходзіў да ўлады з цвёрдаю рукою».

На гэты момант у АП разлічваюць, што на выбары, акрамя Пуціна, пойдуць прадстаўнікі трох парламенцкіх партыяў: КПРФ (Генадзь Зюганаў), ЛДПР (Леанід Слуцкі) і «Новыя люди» (Аляксей Нячаеў).

Праўда, Нячаеў пакуль згоды не даў. Паводле суразмоўцаў «Медузы», замест сябе Нячаеў прапануе віцэ-спікера Дзярждумы Уладзіслава Даванкова. Аднак АП гэтая кандыдатура не задавальняе, бо ён занадта малады – 39 гадоў.

«Ясна, што ён не атрымае вялікага адсотка, але малады і актыўны кандыдат можа прымусіць выбарніка падумаць пра ўзрост прэзідэнта. Гэта будзе нявыгадны кантраст. Гаворка не пра вынік [Пуціна] на самых выбарах, а пра перспектыву пары-тройкі гадоў, калі думкі пра тое, што Пуцін, вядома, малайчына, але не пара б прыйсці камусьці маладзейшаму, з’явяцца. Удзел маладых кандыдатаў можа стацца каталізатарам такіх думак», – кажа суразмоўца «Медузы».

Паводле выдання, расейскія чыноўнікі, лаяльныя ўладам бізнесоўцы і палітычныя тэхнолагі ў прыватных размовах найчасцей называюць Пуціна «дзедам».

Нагадаем: Уладзіміру Пуціну цяпер 70 гадоў. Зюганаву – 79, Слуцкаму – 55, Нячаеву – 56.

Hавiны
У Крамлі распавялі, колькі галасоў набярэ Пуцін на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года
2023.08.06 20:15

Раней у інтэрв’ю выданню The New York Times прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Расеі пераабранне Пуціна непазбежнае: за яго прагаласуюць больш за 90 % выбарнікаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў