Зяленскі заявіў, што зноў будзе балатавацца ў прэзідэнты, калі выбары пройдуць падчас вайны


Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі мае намер ізноў балатавацца на пасаду прэзідэнта краіны, калі выбары пройдуць у 2024 годзе падчас вайны. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв’ю партугальскаму грамадскаму тэлебачанню RTP.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Кіеў, Украіна. 23 снежня 2022 года.
Фота: president.gov.ua

«У 2024 годзе, калі будзе працягвацца вайна, калі выбары будуць праводзіцца, я ніколі ў сваім жыцці не кіну сваю дзяржаву. Таму што я зʼяўляюся гарантам Канстытуцыі, і я яе абараняю ў любым выпадку», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Падчас інтэрв’ю Уладзімір Зяленскі назваў умовы для магчымых выбараў у перыяд вайны: найперш трэба забяспечыць бяспеку, а таксама стварыць умовы для галасавання вымушаным бежанцам.

«Калі гэта выбары, то яны павінны быць на нашай тэрыторыі, каб вайскоўцы мелі магчымасць прагаласаваць, на першай лініі, таму нам патрэбны назіральнікі з усяго свету. Хачу, каб усё было паводле закону, празрыста і дэмакратычна, як гэта адбылося на выбарах, калі я стаў прэзідэнтам», – дадаў лідар краіны.

Перад выбарамі 2019 года Уладзімір Зяленскі абяцаў, што ідзе толькі на адзін прэзідэнцкі тэрмін і не будзе балатавацца ў другі раз.

Чарговыя парламенцкія выбары ва Украіне павінны былі адбыцца восенню 2023 года, а прэзідэнцкія – у сакавіку 2024 года. Аднак Канстытуцыя Украіны забараняе праводзіць выбары, калі ў краіне ўведзена ваеннае становішча.

Фінансаванне выбараў з’яўляецца яшчэ адной праблемай, паколькі Зяленскі заявіў, што не будзе аддаваць на выбары ні капейкі з бюджэту, выдзеленага ў цяперашні час на ўзбраенне і ўзброеныя сілы.

Каментар
«Я не разумею, як іх тэхнічна правесці». Украінскі палітолаг пра правядзенне выбараў падчас вайны
2023.08.29 20:07

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў