Перазапуск не плануецца: былы амбасадар Польшчы ў Беларусі назваў умовы дыялогу з Лукашэнкам


Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасць да дыялогу з Варшаваю не заслугоўваюць даверу. Пра гэта заявіў выданню «Rzeczpospolita» былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка.

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Дыпламат адзначыў, што Лукашэнка пасылае сігналы Польшчы, бо спрабуе лавіраваць ва ўмовах вайны ва Украіне і хоча падрыхтаваць магчымасці для выхаду з сітуацыі, у якую ён сам сябе ўцягнуў. Паводле яго, Лукашэнка гэта робіць не праз жаданне супрацоўнічаць з Польшчай, а толькі таму, што нічога іншага дазволіць сабе ўжо не можа:

«Аднак перш як прапаноўваць перамовы, Лукашэнка павінен перастаць сеяць хаос, супакоіць сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і вызваліць палітычных вязняў, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута».

У матэрыяле «Rzeczpospolita» падкрэсліваецца, што новы польскі ўрад, які будзе сфармаваны пасля парламенцкіх выбараў, не будзе мяняць палітыкі адносна Аляксандра Лукашэнкі. Польскія палітыкі «не бачаць на гэта прычынаў».

Нагадаем: 11 лістапада, у Дзень незалежнасці Польшчы, Лукашэнка выслаў віншаванне польскаму народу і выказаў надзею, што пасля парламенцкіх выбараў Польшча здолее наладзіць з ім стасункі.

Аб’ектыў
Лукашэнка адрасціў «руку сяброўства»
2023.11.11 21:54

«Спадзяюся, у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзянаў з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацыяў і веравызнанняў, разгледзяць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацы», – напісаў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні народу Польшчы.

Пры гэтым, чакаючы саступак ад суседзяў, сам ён на саступкі не ідзе: палітычных вязняў, у тым ліку актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута, працягваюць катаваць у турмах, межы штурмуюць арганізаваныя групы мігрантаў, у Беларусі апаганьваюцца і знішчаюцца могілкі польскіх жаўнераў гадоў Другой сусветнай вайны, Менск пагражае то ядраваю зброяй, то вагнэраўцамі. Дый сам Лукашэнка публічна зневажае суседзяў, называючы іх вар’ятамі і мярзотнікамі.

Аб’ектыў
Вызваленне палітвязняў у абмен на санкцыі: ці пойдзе Захад на ўгоду з Лукашэнкам?
2023.11.04 21:04

СП, belsat.eu

Стужка навінаў