Вызваленне палітвязняў у абмен на санкцыі: ці пойдзе Захад на ўгоду з Лукашэнкам?


Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я не буду таргавацца, нават калі за гэтым будзе нейкая выгода для краіны», – казаў Лукашэнка летась.

Але выглядае, што ён змяніў сваю пазіцыю наконт вызвалення палітвязняў, існавання якіх у Беларусі дагэтуль так і не прызнаў. Ды намякнуў, прынамсі, Польшчы, што гатовы гандляваць сваімі апанентамі:

«Па закрытых каналах мы з імі размаўляем, яны прад’яўляюць мне нейкія ўмовы: «Ты там гэтага адпусці, гэтага адпусці». Ён закон парушыў, як я яго адпушчу. Для гэтага павінны быць пэўныя ўмовы».

Пад гэтымі ўмовамі Лукашэнка мае на ўвазе перадусім зняцце еўрапейскіх санкцыяў, зазначае палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Сяргей Навумчык. Рэжыму такія саступкі маглі б быць выгадныя, але ў Крамлі на іх не пагодзяцца:

«Зняццё санкцыяў зрабіла б Лукашэнку менш ад Масквы залежным. І канешне, для Крамля гэта абсалютна не патрэбна».

Лукашэнка ведае, што за кошт палітвязняў можна дабіцца адмены санкцыяў. Прынамсі, гэтак ужо было ў 2008-м і 2015 годзе. Аднак у сённяшніх умовах паўтарыць гэты сцэнар немагчыма, кажа гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:

«Што ён прынцыпова зрабіў апошнім часам, каб гэтая тэма магла быць узнятая? Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, Беларусь застаецца сатэлітам Расеі ў вайне супраць Украіны і падтрымлівае Расею. Ну якую прычыну Захад мае цяпер, каб нейкім чынам паслабляць санкцыйны ціск на Лукашэнку?»

Дый сам Лукашэнка, адзначыў эксперт, нягледзячы на жаданне атрымаць пэўныя прэферэнцыі ад гандлю палітвязнямі, баіцца пралічыцца. Асабліва калі размова ідзе пра найбольш вядомых ягоных апанентаў.

«Пачобут, Ціханоўскі, Бабарыка, безумоўна, нобэлеўскі лаўрэат Бяляцкі. Такіх вязняў у яго не будзе. І ён разглядае іх як актыў падчас будучых размоваў з Захадам. І адмаўляцца ад такога актыву або здаваць яго (з пункту гледжання Лукашэнкі) танна – не, гэтага ён рабіць не будзе», – патлумачыў Аляксандр Фрыдман.

Калі не палітвязнямі, Лукашэнка гатовы гандляваць электраэнергіяй ад БелАЭС. Прынамсі, ён спадзяецца, што Літва і Латвія пагодзяцца купляць яе за выгадныя цэны. Але пакуль што літоўскі бок паказвае зусім іншую пазіцыю. Міністэрства замежных справаў краіны накіравала афіцыйнаму Менску ноту ў сувязі з пытаннямі бяспекі на Астравецкай станцыі. Лукашэнка адрэагаваў:

«У нас месца ва ўнітазах хапае. Таму няхай дасылаюць».

Пры гэтым Лукашэнка ўпэўнены, што ў будучыні ўсе размовы пройдуць, а ягоны рэжым адновіць стасункі як з Літвою, так і з Польшчаю.

«Я лічу што Лукашэнка тут пытаецца знайсці нейкія мажлівасці, каб гэтыя стасункі неяк наладзіць. Мы памятаем, што калі ён рабіў міграцыйны крызіс, ягоная галоўная мэта была ў тым, каб яго пачалі прызнаваць як прэзідэнта. Але гэтага не адбылося і не адбудзецца. Я лічу, што для заходніх краінаў, для заходніх палітыкаў Лукашэнка спісаны», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

І гэта, адзначыў эксперт, не толькі вынік 2020 года і ўсіх наступных дзеянняў рэжыму. Паводле Дзмітрыя Балкунца, Лукашэнка цягам 30 гадоў зрабіў усё магчымае, каб стасункі з заходнімі суседзямі былі цалкам зруйнаваныя.

Ірына Юрʼева, «Белсат»