Еўракамісія рэкамендавала надаць Украіне статус кандыдата на сяброўства ў ЕЗ


Еўракамісія рэкамендавала афіцыйна надаць Украіне статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз. Адпаведнае рашэнне было прынятае ў Бруселі 17 чэрвеня, паведамляе «Bloomberg».

Наданне статусу «кандыдату» – гэта важны крок да паўнавартаснага сяброўства ў ЕЗ. Рашэнне было ўхвалена з агаворкай, што Украіна яшчэ мусіць выканаць шэраг умоваў, у тым ліку датычных барацьбы з карупцыяй, правасуддзя і вяршэнства права, адзначае выданне.

«Мы рэкамендуем надаць Украіне статус кандыдата з разуменнем таго, што ў краіне будзе праведзены шэраг важных рэформаў. Украіна выразна прадэманстравала сваю прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям і стандартам», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Еўракамісія таксама гатовая падтрымаць статус краіны-кандыдата для Малдовы. Да слова, аналагічны статус для Грузіі не быў ухвалены.

Канчатковае рашэнне пра наданне Украіне і Малдове статусу кандыдата мусяць зацвердзіць усе 27 краінаў ЕЗ падчас саміту ў Бруселі 23-24 чэрвеня.

Нагадаем, Кіеў падаў афіцыйную заяўку на ўступленне ў ЕЗ сёлета, напрыканцы лютага, адразу пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў