Беларускаму бізнесу за мяжою трэба пазбавіцца хібаў свядомасці


Беларускі бізнес за мяжою праходзіць чарговую адаптацыю. Дапамагчы ў станаўленні гатовы Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які раней крэдытаваў і кансультаваў прадпрыемствы ўнутры краіны. Беларускім прадпрымальнікам, апроч пераадолення арганізацыйных праблемаў, неабходна пазбавіцца некаторых хібаў свядомасці, кшталту звычкі жыць і працаваць ва ўмовах цэнтралізаванай улады, адзначыла сузаснавальніца Беларускай супольнасці бізнесоўцаў Наталля Красько пасля прэзентацыі даследавання праблемаў беларускага бізнесу за мяжою.

Наталля Красько на прэзентацыі даследавання праблемаў беларускага бізнесу за мяжою, праведзенага BEROC. Варшава, 14 снежня 2022 года.
Фота: БСБ / Telegram / business2belarus

Прэзентацыя вынікаў даследавання «Беларускі бізнес за мяжой. Разам ці паасобку?», якое правёў цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC, прайшла 14 снежня на пляцоўцы Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве. Як расказала суаўтар даследавання і адна з заснавальніц БСБ Наталля Красько, праца праводзілася за тры этапы: ва Украіне (кастрычнік 2021 – люты 2022), Польшчы (люты – травень 2022) і Літве (травень – жнівень 2022). За гэты час правялі 53 глыбінныя структураваныя інтэрвʼю, 3 фасілітацыйныя сесіі з удзелам 87 бізнесоўцаў, 3 стратэгічныя сесіі, палявы эксперымент (Польшча, Літва) і 5 мерапрыемстваў для бізнесу ў Польшчы і Літве (распрацоўванне і выпрабоўванне фарматаў). У выніку былі даследаваныя праблемы беларускага бізнесу за мяжою, і атрыманае пацверджанне, што гэтыя праблемы найлепей развязваць супольна.

Праблемы адаптацыі

Паводле даследавання, беларуская бізнес-супольнасць у Польшчы праходзіць этап адаптацыі і сутыкаецца з праблемаю наладжвання эфектыўнай зваротнай сувязі, «каб рэагаваць на канкрэтныя кейсы і агульныя праблемы». Важныя пытанні паўстаюць пры верыфікацыі бізнесу: якую методыку ўжываць для ацэнкі досведу бізнесоўца: арыентавацца на фармальныя крыніцы альбо на самаацэнку? Ёсць пытанні адносна адаптацыі да рынку працы, і ў кожнага сектару бізнесу яны свае. Усе беларускія бізнесы сутыкаюцца з пэўнымі выклікамі пры ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі ўстановамі краіны рэлакацыі. Паводле Красько, «цяпер гэтыя праблемы практычна не вырашаюцца, хоць яны ўжо выходзяць на першы план».

«У тых, хто выехаў пасля 2020 года, агульныя праблемы: легалізацыя, няведанне рынку, складанасці з рэгістрацыяй, падаткамі і г. д.  Вырашаць іх сёння людзі гатовыя ў абʼяднаннях бізнесу. Ідуць у абʼяднанні і па дзелавыя сувязі, якія яны страцілі, выехаўшы сюды. Але тут ёсць падводны камень. Адаптацыя да рынку і краіны ў цэлым – зʼява часовая. Што далей рабіць будзем? Без разумення агульных мэтаў складана казаць пра магчымасці доўгатэрміновых супольных дзеянняў», – расказала «Белсату» сузаснавальніца БСБ Наталля Красько.

У беларускіх бізнесоўцаў яшчэ шмат пытанняў адносна вядзення справаў. Прэзентацыя даследавання праблемаў беларускага бізнесу за мяжою, праведзенага BEROC. Варшава, 14 снежня 2022 года.
Фота: БСБ / Telegram / business2belarus

Праблемы ўзаемадзеяння, развіцця і інтэграцыі

Як кажа Наталля Красько, з лета 2020 да зімы 2022 года беларускія бізнесоўцы за мяжой перажылі некалькі шокаў. Спачатку рэлакацыя і нават уцёкі ад рэпрэсіяў і нестабільнай палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Шмат хто тады накіраваўся ва Украіну і пачаў пераносіць туды свае бізнесы і рэлакаваць працаўнікоў.

«У нас адкрыццё офісу БСБ у Кіеве было прызначанае на 24 лютага 2022 года. Просты факт для разумення таго, што нам давялося перажыць», – патлумачыла Красько.

Наступны шок быў звязаны з пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны. «Зноўку былі вымушаны рэлакавацца, – тлумачыць Наталля. – Ва ўмовах, рэпутацыйна значна горшых». У 2020 годзе да беларусаў ставіліся як да людзей з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, якія супрацьстаяць дыктатарскаму рэжыму. У 2022 годзе беларусаў за мяжою сталі ўспрымаць як прадстаўнікоў краіны-агрэсара, хоць яны самі ахвяры Расеіі і яе хаўруснікаў у Беларусі.

Паводле даследавання, сёння актуальнымі праблемамі беларускага бізнесу за мяжою працягваюць застаюцца:

  • абмежаванні, звязаныя з санкцыямі, і рэпутацыйныя праблемы;
  • абмежаваныя фінансавыя рэсурсы і адсутнасць крыніцы даходу (пераважна гэта датычыць тых, хто страціў бізнес у Беларусі);
  • немагчымасць перавезці ў краіну рэлакацыі абсталяванне з Беларусі і адсутнасць магчымасці яго прадаць, што азначае замарожванне ці страту рэсурсаў;
  • нерэнтабельнасць рэлакацыі «свайго» персаналу (найперш для малога бізнесу) і складанасці з пошукам кваліфікаваных кадраў на мясцовым рынку;
  • складанасці доступу да праграмаў падтрымання.

Паводле Красько, беларускаму бізнесу ў Польшчы трэба ўжо зараз шукаць агульныя мэты, бо «гэта дазволіць на роўных размаўляць з прадстаўнікамі дзяржаўных установаў краіны перабывання і вырашаць праблемы ўласнага рынку і рынку працы».

Праблемы пераадольваць супольна ці паасобку? Прэзентацыя даследавання праблемаў беларускага бізнесу за мяжою, праведзенага BEROC. Варшава, 14 снежня 2022 года.
Фота: БСБ / Telegram / business2belarus

Менталітэт і свядомасць

Суарганізатарка БСБ кажа, што супольнасці беларускіх бізнесоўцаў апроч пераадолення арганізацыйных праблемаў патрэбна пазбавіцца некаторых хібаў свядомасці, кшталту звычкі жыць і працаваць ва ўмовах цэнтралізаванай улады ў дзяржаве і такой самай цэнтралізацыі ў грамадскіх і бізнес-абʼяднаннях.

«Каб беларуская супольнасць безнісоўцаў за мяжою была паспяховая, трэба ствараць самаарганізаваную сістэму, у якой рашэнні могуць прымацца на любых узроўнях. Гэта павышае адказнасць, самастойнасць, вызваляе ініцыятыву і раскрывае прадпрымальніцкі патэнцыял. Не трэба чакаць, што нехта зверху вырашыць за нас, як нам тут жыць», – адзначыла Красько.

Паводле яе, дзеля развіцця навыкаў самаарганізацыі трэба развіваць экасістэму з бізнес-кансультантаў, людзей, якія маюць час і здольнасць паглыбіцца ў спецыяльныя вузкія тэмы і данесці атрыманыя веды да іншых, каб яны ў сваю чаргу маглі эфектыўна скарыстаць тыя веды ў сваім бізнесе. «Я маю на ўвазе экспертаў у галіне права, бухгалтэрыі, эканомікі, інвеставання, адміністравання і менеджменту і іншых», – тлумачыць Красько.

Тэхнічныя і фінансавыя рэсурсы для развіцця беларускай бізнес-супольнасці ў Польшчы можна атрымаць, сярод іншага, па лініі Еўрапеўскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Магчымасці новай праграмы падтрымання прэзентавала прадстаўніца ЕБРР Таццяна Хахелька. ЕБРР падтрымлівае беларускія малыя і сярэднія прадпрыемствы (МСП) у межах сваёй флагманскай праграмы, якая дзее ў 29 краінах. Гэта праграма спрыяе супрацы МСП з мясцовымі кансультантамі і міжнароднымі экспертамі. Раней у гэтай праграме аказалі падтрыманне больш як 500 МСП у Беларусі. Цяпер ЕБРР гатовы падтрымаць беларускіх прадпрымальнікаў, якія дзеюць за межамі Беларусі.

ЕБРР можа дапамагчы ў наступных кірунках:

  • вызначэнне бізнес-задачы і выбар кансультанта;
  • суправаджэнне праекту ад самага пачатку да завяршэння і ацэнка вынікаў;
  • кампенсацыя выдаткаў да 70 % ад бюджэту праекту (без ПДВ);
  • абмен найлепшымі практыкамі і ведамі.

Прэтэндаваць на дапамогу могуць прадпрымальнікі і бізнесы, якія адпавядаюць наступным умовам:

  • юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны ў любой з краінаш аперацый ЕБРР, акрамя Расеі і Беларусі;
  • прыватны бізнес, які больш чым на 50 % належыць беларусам;
  • тэрмін дзейнасці, больш за 3 месяцы;
  • колькасць персаналу да 250 чалавек, выручка да EUR 50 млн;
  • любы сектар эканомікі, акрамя забароненых галінаў (тытунь, моцны алкаголь, зброя і да т. п.);
  • самадэкларацыя аб адсутнасці сувязі з бізнесамі ў Расеі і Беларусі.

ЕБРР таксама парпаноўвае беларусам асобныя праграмы падтрымання для стартапаў і бізнес-асацыяцыяў.

Паводле ацэнак Наталлі Красько, польская суполка БСБ мае вялікае жаданне трымацца разам, быць часткаю беларускай экасістэмы бізнесу і быць часткаю беларускага грамадства, нават за мяжою.

«Для нас важна, каб кожны разумеў, што супольнасць будзе жыць, калі мы будзем аддаваць самі, – падкрэсліла Наталля Красько. – Толькі разам, мы, беларусы, зможам дабіцца большага поспеху. Мы ўсе бачылі моц салідарнасці ў 2020 годзе і пасля яго. І я шчыра веру, што нашае агульнае жаданне дабіцца лепшага здолеем рэалізаваць і за межамі Беларусі».

Беларуская супольнасць бізнесоўцаў спачатку паўстала ва Украіне пасля 2020 года, і там была зарэгістраваная асацыяцыя. З пачаткам вайны ў 2022 годзе шмат якія бізнесоўцы вымушаныя былі зʼехаць у Польшчу ці Літву. У Польшчы БСБ пакуль існуе як нефармальная грамадская ініцыятыва, якая абʼядноўвае больш за 100 бізнесоўцаў. Сярод іх прадстаўнікі розных сектараў бізнесу, дасведчаныя прадпрымальнікі і пачаткоўцы, даўнія жыхары Польшчы і тыя, хто толькі прыехаў. Удзельнікі супольнасці дапамагаюць і падтрымліваюць адно аднаго, абменьваюцца інфармацыяй, кантактамі, досведам вядзення бізнесу.

Раней паведамлялася, што колькасць беларускіх кампаніяў на польскім рынку апошні час пачала павялічвацца даволі хутка. Калі ў 2018 годзе ў Польшчы з’явілася 313 новых кампаніяў з беларускім капіталам, то ў 2020 годзе ўжо 462, а ў 2021-м адразу 912, яшчэ 437 кампаніі дадаліся сёлета паводле вынікаў пяці месяцаў. За пяць апошніх гадоў агульная колькасць новых кампаніяў беларускага паходжання склала больш за 4000.

У Варшаве пры падтрыманні Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) адкрыўся і працуе Беларускі бізнес-цэнтр з каўоркінгам.

Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў