«Еўра-2024»: Украіна можа здзівіць, Грузія ўпершыню трапіла ў эліту


14 чэрвеня гульнёю Нямеччына – Шатландыя стартаваў 17-ы чэмпіянат Еўропы па футболе. У турніры бяруць удзел 24 зборныя, на першым этапе разбітыя на шэсць групаў з чатырма камандамі. Да фіналу, які адбудзецца 14 ліпеня на Алімпійскім стадыёне ў Берліне, дабяруцца толькі дзве. Мы ўжо расказалі пра ўдзельнікаў першых трох групаў, цяпер чарга яшчэ трох квартэтаў.

Спартовыя збудаванні футбольнага клубу «Гановэр 96», дзе трэнуецца польская зборная падчас «Еўра-2024». Гановэр, Нямеччына. 14 чэрвеня 2024 года.
Фота: GPress / East News

Палякі трапілі ў «групу смерці»

Вельмі доўгі шлях у Нямеччыну быў у нашых суседзяў. У сваёй адборачнай групе палякі прагулялі Чэхіі, Албаніі ды сенсацыйна Малдове і занялі толькі трэцяе месца. На «Еўра-2024» давялося прабірацца праз аб’язную дарогу Лігі нацыяў, дзе Польшча разбіла 5:1 Эстонію і ў гасцях падчас складанага матчу абгуляла Ўэльс у пенальці. У Нямеччыне польская каманда трапіла ў вельмі цяжкую групу, дзе яна відавочна не фаварыт. Пагатоў у першай гульні супраць Нідэрландаў Польшчы праз траўму не дапаможа галоўная зорка – Робэрт Левандоўскі, а ўва ўсім турніры – яшчэ адзін форвард – Мілік з «Ювэнтусу», які таксама атрымаў траўму, і яго давялося выдаліць з заяўкі.

Агляд
«Еўра-2024»: У Англіі ўжо 58 гадоў чакаюць новага чэмпіёнскага тытулу
2024.06.14 11:00

Безумоўныя фаварыты гэтай групы – французы, якія вязуць у Нямеччыну неймаверна моцны склад. У адборачным турніры французы толькі раз згулялі ўнічыю, у астатніх матчах перамаглі з агульным лікам 29:3. Пры гэтым устанавілі рэкорд, здабыўшы самую разгромную перамогу за ўвесь час правядзення чэмпіянатаў Еўропы: з лікам 14:0 згулялі са зборнай Гібралтару. На апошнім топ-турніры чэмпіянату свету ў Катары Францыя дабралася да фіналу, дзе саступіла зборнай Аргентыны. Цікава, што Францыя і Нідэрланды выступалі ў адной адборачнай групе, французы выгулялі двойчы. Зараз у Нямеччыне ў гэтай гісторыі будзе новая старонка.

Даволі моцная зборная ў аўстрыйцаў, але выйсці з гэтай групы – значыць скокнуць вышэй за галаву. Францыя не толькі фаварыт гэтай групы, але адзін з фаварытаў «Еўра», букмекеры на перамогу гэтай каманды прапануюць каэфіцыент 4.70, а штучны інтэлект дае на гэта 19,1 %.

  • 1-ы тур 16.06 16:00 Польшча – Нідэрланды; 17.06 22:00 Аўстрыя – Францыя
  • 2-і тур 21.06 19:00 Польшча – Аўстрыя; 22:00 Нідэрланды – Францыя
  • 3-і тур 25.06 19:00 Нідэрланды – Аўстрыя; 19:00 Францыя – Польшча

Украіна здольная здзівіць

Група E адна з самых роўных у гэтым турніры. Ценявым фаварытам у ёй выглядаюць бельгійцы, якія паступова пачынаюць змену пакаленняў.

Разам з тым шмат чаго варта чакаць ад маладой украінскай каманды, якая прыехала на «Еўра-2024» у той час, калі ў краіне ідзе вайна. Выступаць дрэнна ў такой сітуацыі Украіна проста не мае права. Калі раней на топ-турнір зборную вазіў Андрэй Шаўчэнка, то цяпер камандаю кіруе ягоны даўні партнёр у кіеўскім «Дынама» і зборнай Украіны Андрэй Раброў. У ягоным распараджэнні – найлепшы бамбардзір Іспаніі Арцём Доўбік, галкіпер мадрыдскага «Рэалу» Андрэй Лунін, вельмі перспектыўны Георгій Судакоў ды іншыя. На нашую думку, менавіта Украіна можа стацца фаварытам гэтай групы. Але ні ў якім разе нельга скідаць з рахункаў каманды Румыніі і Славаччыны. Перамогу Украіны ў першынстве букмекеры ацэньваюць каэфіцыентам 90.0, а штучны інтэлект дае на гэта ўсяго адсотак.

  • 1-ы тур 17.06 16:00 Румынія – Украіна; 19:00 Бельгія – Славаччына
  • 2-і тур 21.06 16:00 Славаччына – Украіна; 22.06 22:00 Бельгія – Румынія
  • 3-і тур 26.06 19:00 Славаччына – Румынія; 19:00 Украіна – Бельгія
Гульцы зборнай Іспаніі на трэнаванні ў базавым лагеры ў Донаўэшынгене напярэдадні футбольнага матчу групы B супраць Харватыі на футбольным турніры «Еўра-2024». Донаўэшынген, Нямеччына. 14 чэрвеня 2024 года.
Фота: Manu Fernandez / AP Photo / East News

Упершыню на «Еўра» – Грузія

Партугалія перамагла ўва ўсіх дзесяці матчах адборачнага турніру, прычым зрабіла гэта з шыкам: яна разграміла Люксембург (9:0, 6:0) і Боснію і Герцагавіну (5:0), і гульня яе прыносіла эстэтычнае задавальненне. У Нямеччыну Партугалія вязе вялікага Крыштыяну Раналду і маладога Рафаэла Леана, які, гуляючы за «Мілан», паказаў, што можа рабіць сапраўдныя цуды. А ёсць яшчэ Бэрнарду Сілва з «Манчэстэр Сіці», Дʼёгу Жота з «Лівэрпулу», і Жуан Фэлікс з «Барсэлоны». Цікава, што ў заяўку Партугаліі трапіў 41-гадовы абаронца Пэпэ, які ў 2016-м ужо быў чэмпіёнам Еўропы. Пэпэ нарадзіўся ў Бразіліі, але ў 2002 годзе пераехаў у Партугалію і атрымаў грамадзянства гэтай краіны. Ён згуляў 136 матчаў за нацыянальную каманду Партугаліі, а найлепшыя гады абаронцы прайшлі ў мадрыдскім «Рэале». Цяпер Пэпэ ўвойдзе ў гісторыю як самы пажылы гулец у гісторыі фінальных турніраў «Еўра»: на момант старту турніру яму будзе 41 год і 109 дзён.

Упершыню ў сваёй гісторыі на топ-турнір выйшла зборная Грузіі, якая паспрабуе паказаць сябе ўва ўсёй красе, а сапраўдным лідарам і зоркай яе будзе Хвіча Кварацхэлія з італьянскага «Напалі». Толькі два чалавекі з заяўкі выступаюць у чэмпіянаце Грузіі, а абсалютная большасць – у моцных еўрапейскіх клубах.

Не варта скідаць з рахунку зборную Турцыі і Чэхіі – нехта з іх з высокай імавернасцю выйдзе ў плэй-оф. Партугалія паводле версіі букмекераў пятая ў чарзе на перамогу ў турніры, на яе ставяць каэфіцыент 9.00, штучны інтэлект дае 9,2 %.

  • 1-ы тур 18.06 19:00 Турцыя – Грузія; 22:00 Партугалія – Чэхія
  • 2-і тур 22.06 16:00 Грузія – Чэхія; 22:00 Турцыя – Партугалія
  • 3-і тур 26.06 22:00 Грузія – Партугалія 26.06 22:00 Чэхія – Турцыя

Якія гульні на гэтым «Еўра» нельга прапусціць?

У першым туры, на наш погляд, самае цікавае – гэта гульня іспанцаў і харватаў 15.06 (19:00), сустрэча Румынія – Украіна 17.06 (16:00) і бітва партугальцаў і чэхаў 18.06 (22:00). Вынік гэтых спаборніцтваў будзе шмат у чым вызначальны.

Другі тур мае адразу два цвікі: Іспанія – Італія 20.06 (22:00) і Нідэрланды – Францыя 21.06 (22:00). У трэцім туры раім глядзець турнірную табліцу.

Беларускі след

Беларускі чэмпіянат настолькі слабы, што апошнія гады на яго не прыязджаюць гульцы, якія потым гуляюць на топ-турнірах. У Нямеччыне будуць два футбалісты, якія маюць дачыненне да беларускага футболу. Па-першае, гэта 32-гадовы абаронца зборнай Сербіі Філіп Младэнавіч. У 2014–2015 гадах Філіп правёў два сезоны ў Беларусі ў складзе БАТЭ з Барысава.

За два гады ў БАТЭ Младэнавіч двойчы стаў чэмпіёнам Беларусі і выгуляў Кубак і Суперкубак Беларусі. У нацыянальных турнірах цягам двух сезонаў сербскі левы абаронца правёў 58 матчаў, у якіх забіў пяць галоў і аддаў 11 перадачаў. У Лізе чэмпіёнаў – 20 матчаў, два галы і галявая перадача. Футбаліст у 2016 годзе падпісаў кантракт з нямецкім клубам «Кёльн». Клуб з Барысава зарабіў на гэтым трансферы мінімум 1,5 мільёна еўраў. Гэта адна з самых удалых угодаў у гісторыі БАТЭ. Цяпер Младэнавіч гуляе ў Грэцыі за «Панатынаікос».

Другая гісторыя выглядае зусім дзіўна. У 2018 годзе на прагляд у берасцейскае «Дынама» прыехаў Жанатан Клёс. Але кіраўніцтва беларускага клубу заявіла, што абаронца вельмі слабы, і не падпісала з ім кантракту. У выніку Клёс, якому цяпер 30 гадоў, вырас у элітнага французскага абаронцу, гуляе за «Марсэль» і едзе на чэмпіянат Еўропы.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў