«Мы папярэдзілі пра сур’ёзныя наступствы». Амбасадарка ЗША пра ядравыя пагрозы Лукашэнкі


Злучаныя Штаты Амерыкі і Паўночнаатлантычны альянс сур’ёзна ставяцца да ядравых пагрозаў з боку Расеі. Гэтак 14 чэрвеня на прэс-канферэнцыі сталая прадстаўніца ЗША пры NATO Джульен Сміт  адказала на пытанне карэспандэнта «Белсату» наконт намераў размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі і пагрозаў Аляксандра Лукашэнкі скарыстаць яе.

Сталая прадстаўніца ЗША пры NATO Джульен Сміт.
Фота: eventbrite.com

Амбасадарка адзначыла, што цягам усёй вайны Расеі ва Украіне ЗША «ставіліся да бразгання ядравай зброяй вельмі і вельмі сур’ёзна».

«Мы, Злучаныя Штаты, вельмі адкрыта папярэдзілі расейцаў пра рызыкі выкарыстання тактычнай ядравай зброі, любой ядравай зброі ў гэтай вайне. І мы папярэдзілі іх пра наступствы, сур’ёзныя наступствы, з якімі яны сутыкнуцца, калі захочуць гэта зрабіць», – сказала Джульен Сміт.

Паводле яе, ЗША вельмі пільна сочаць за дзеяннямі Расеі, датычнымі ядравай зброі:

«Мы не бачым ніякіх прыкметаў існавання непазбежнай рызыкі таго, што яны будуць спадзявацца на ядравую зброю, але, зноў жа, мы будзем вельмі ўважліва сачыць за гэтым, асабліва ў сувязі з любымі новымі падзеямі ў Беларусі».

Сміт адзначыла, што пакуль у ЗША не бачаць прычынаў для змены сваёй стратэгічнай пазіцыі, «але гэта жывая дыскусія і пытанне, да якога, ізноў жа, мы ставімся вельмі сур’ёзна і будзем працягваць вельмі ўважліва сачыць у рамках усяго Альянсу».

Каментар
Палітолаг Карбалевіч: Размова Пуціна з Лукашэнкам у Сочы паказвае стан суверэнітэту Беларусі
2023.06.10 01:01

Ядравую зброю Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка плануюць размясціць у Беларусі 7–8 ліпеня – напярэдадні саміту NATO ў Вільні. Пры гэтым у ЗША пакуль «не бачылі ніякіх прыкметаў таго, што перамяшчэнне ядравай зброі неўзабаве пачнецца або ўжо адбываецца», – кажа каардынатар стратэгічных камунікацыяў у Радзе нацыянальнай бяспекі Джон Кербі.

У сваю чаргу камандуючы аб’яднанымі сіламі ЗСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў заявіў, што Расея перакінула ў Беларусь пакуль толькі носьбіты ядравай зброі, самой ядравай зброі яшчэ няма і невядома, ці будзе яна ўвогуле перададзеная.

Калі ядравая зброя будзе пастаўленая ў Беларусь, прадстаўнікам мясцовага рэжыму яе давяраць не збіраюцца. Паводле дамовы, падпісанай міністрамі абароны Віктарам Хрэніным і Сяргеем Шайгу, Расея не мае намеру перадаваць кантроль над нестратэгічнай ядравай зброяй Беларусі. Ці выкарыстоўваць гэтую зброю, будзе вызначаць Масква.

Каментар
Рыгор Ніжнікаў пра размяшчэнне ядравай зброі: «Лукашэнка спрабуе паказаць, што ён застаецца ўладаром у Беларусі»
2023.06.14 09:00

Пры гэтым 13 чэрвеня Лукашэнка падкрэсліў, што гэта не Расея імкнецца размясціць ядравую зброю ў Беларусі, а ён сам настойліва патрабаваў гэтага, каб гарантаваць уласную бяспеку.

«Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, што мае такую зброю. Гэта зброя стрымлівання», – сказаў ён.

Калі ж нікога стрымаць такім чынам не ўдасца, Лукашэнка паабяцаў «неадкладны» адказ.

Hавiны
Лукашэнка пагражае «без вагання» выкарыстаць ядравую зброю, якой яму ніхто не перадае
2023.06.13 13:25

Макар Мыш belsat.eu

 

Стужка навінаў