Заводы, дырэктары, фонды і чыноўнікі. Хто з Беларусі трапіць пад новыя санкцыі Еўразвязу


У чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага спісу супраць Расеі трапілі некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іхных кіраўнікоў, а таксама грамадскія арганізацыі, што ўдзельнічалі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».

Аляксей Талай з расейскім баевіком, Алексей Талай с российским боевиком
Грамадскі дзеяч і паралімпійскі спартовец Аляксей Талай фатаграфуецца з расейскімі баевікамі падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Санкцыі прапаноўваюць увесці супраць Аршанскага авіярамонтнага заводу і яго генеральнага дырэктара Паўла Случака. Прадпрыемства рамантуе гелікоптары, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

У санкцыйныя спісы прапанавана ўключыць Барысаўскі завод рамонту радыёэлектроннай зброі, які выконвае замовы Узброеных сілаў РФ, і яго дырэктара Валерыя Шацілу.

Таксама абмежаванні могуць закрануць грамадзяніна Беларусі Сяргея Астафурава, які ўзначальвае расейскую кампанію «НТЦ Промтехаэро», што займаецца прамысловымі тэхналогіямі і аэранавігацыйнымі сістэмамі.

Апроч таго, санкцыі прапаноўваюць накласці на Аляксея Талая і ягоны дабрачынны фонд, на кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, на недзяржаўную арганізацыю «Дэльфіны» і яе заснавальніцу Вольгу Волкаву і на старшыню Наваполацкага гарвыканкаму Дзмітрыя Дзямідава, якіх вінавацяць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.

Раней паведамлялася, што ў чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага спісу супраць Расеі, які Еўразвяз мае прыняць да другой гадавіны расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага, трапіла беларуская кампанія «Пеленг», якая распрацоўвае і вырабляе аптычна-электронную прадукцыю. Таксама ў санкцыйны спіс трапіў нарадзінец Беларусі Васіль Шурпанаў, які ёсць генеральным дырэктарам «Ніжагародскага машынабудаўнічага заводу», што займаецца распрацоўваннем артылерыйскіх і ракетных сістэмаў, у тым ліку зенітных ракетных комплексаў С-300.

Агулам у чарнавы варыянт 13-га пакету ўключылі 105 фізічных асобаў і 85 прадпрыемстваў і кампаніяў з Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краінаў. У ЕЗ лічаць іх «адказнымі за дзеянні дзеля падрыву або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў