Святлана Ціханоўская не мае звестак пра Сяргея Ціханоўскага з 10 сакавіка


Святлана Ціханоўская з 10 сакавіка не мае звестак пра мужа-палітвязня. Як перадае тэлеграм-канал «Позірк. Навіны пра Беларусь», пра гэта палітычная лідарка расказала на форуме «Наша будучыня» ў Варшаве.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

12 траўня Святлана Ціханоўская на форуме «Наша будучыня» заявіла, што з 10 сакавіка не мае звестак пра свайго мужа-палітвязня Сяргея Ціханоўскага, і падкрэсліла, што беларускім палітычным зняволеныя і іхным семʼям патрэбная міжнародная салідарнасць.

«У нас ёсць мужнасць, але нам патрэбная вашая салідарнасць. Падтрымайце тых, хто працягвае змагацца як ва Украіне, так і ў Беларусі. Падтрымайце палітычных зняволеных і ўсіх тых, хто застаецца ў выгнанні. Будзьце нашым голасам на міжнароднай арэне», – заклікала Ціханоўская.

Паводле яе, салідарнасць будзе ўнёскам у свабодную і дэмакратычную Еўропу і агульную будучыню. Ціханоўская зазначыла, што беларусы працягваюць супраціў дыктатарскаму рэжыму, пратэст ідзе ў падполлі, таксама «сотні беларускіх добраахвотнікаў узялі ў рукі зброю, каб абараніць Украіну».

Паводле Ціханоўскай, з 2020 года праз турмы прайшло больш за 60 тыс. чалавек.

Форум «Наша будучыня» – штогадовая імпрэза, на якой польскія школьнікі і студэнты сустракаюцца з палітыкамі, прадстаўнікамі навукі і бізнесу.

ВІДЭА
Як вызваляць палітвязняў, калі ў Беларусі трываюць рэпрэсіі? Дыскусія Каардынацыйнай рады
2023.05.12 17:39

Раней паведамлялася, што 27 лютага 2023 года палітвязню Сяргею Ціханоўскаму прызначылі дадатковае пакаранне працягласцю 1 год 6 месяцаў.  Выязное паседжанне суда адбылося ў жодзінскай турме. Вязня судзілі паводле крымінальнай справы за «непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы». Раней Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зняволення. Паводле сукупнасці прысудаў Сяргею Ціханоўскаму вызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў, 9 месяцаў і 5 дзён з адбываннем 2 гадоў, 5 месяцаў і 18 дзён у турме, а астатняга тэрміну – у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў