«Наш вораг не ЗСУ». Прыгожын не сыходзіць з Бахмуту, але працягвае павышаць стаўкі


Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын 10 траўня не вывеў сваіх наймітаў з Бахмуту, як абяцаў раней. Аднак ягоны канфлікт з Мінабароны застаецца неразвязаным: бізнесовец працягвае наракаць на недахоп боепрыпасаў і не выключае пакідання пазіцыяў. Больш за тое, у ягоных выступах медыі заўважылі кепска прыхаваныя выпады асабіста супраць Уладзіміра Пуціна. Belsat.eu распавядае пра новы этап рэзананснага канфлікту.

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын: Pool /Wagner Group / Zuma Press / Forum

Публічны канфлікт заснавальніка Прыгожына і Мінабароны РФ, які цягнецца з 2022 году, абвастрыўся ў апошнія тыдні. 4 траўня бізнесовец запісаў відэазварот на фоне дзясяткаў трупаў сваіх наймітаў, у гібелі якіх ён абвінаваціў міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генштаба Валерыя Герасімава, бо яны нібыта наўмысна не даюць групоўцы боепрыпасы. Кіраўнікоў расейскай арміі бізнесовец мацюкаў апошнімі словамі. На наступны дзень, 5 траўня, Прыгожын заявіў, што праз «снарадны голад» вагнэраўцы маюць намер 10 траўня перадаць пазіцыі пад Бахмутам падраздзяленням Мінабароны і сысці ў тылавыя лагеры, «каб залізаць раны». Дэ-факта гэта была адкрытая пагроза вайсковага мяцяжу.

7 траўня Прыгожын заявіў, што Мінабароны паабяцала даць Групе Вагнэра столькі боепрыпасаў і ўзбраення, колькі патрабуецца для далейшага працягу баявых дзеянняў. Каардынаваць узаемадзеянне Мінабароны і ПВК Вагнэра цяпер будзе генерал Сяргей Суравікін, намеснік камандуючага аб’яднанай групоўкай расейскіх войскаў – адзін з нямногіх генералаў, з кім у Прыгожына добрыя стасункі.

Здавалася, што рэзанансны канфлікт быў усё-ткі развязаны, прычым на ўмовах ПВК. Аднак 9 траўня Прыгожын запісаў новае скандальнае відэа, дзе заявіў, што боепрыпасы ў патрэбных аб’емах найміты ўсё ж не атрымалі – ім выдзелілі толькі 10% ад таго, што яны запрошвалі.

Паводле Прыгожына, у ПВК прыйшло «баявое распараджэнне», у якім было сказана, што «ў выпадку сыходу з пазіцыяў будзе прызнаная дзяржаўная здрада». «Гэта, у першую чаргу, быў да нас зварот, – сказаў заснавальнік ПВК. – Калі не будзе боезапасаў, то мы сыдзем з пазіцыяў і задамо пытанні ўсё-такі: хто радзіме здраджвае? Відаць, той, хто падпісваў [распараджэнне]». Ён папракнуў Мінабароны, што адно з расейскіх падраздзяленняў, якое прыкрывала флангі Групы Вагнэра, напярэдадні ўцякло са сваіх пазіцыяў і агаліла фронт шырынёй амаль 2 кіламетры (пазней разгром падраздзяленняў 72-й асобнай матастралковай брыгады РФ пацвердзілі ў ЗСУ).

Нягледзячы на ўсё гэта, Прыгожын заявіў, што байцы ПВК яшчэ застануцца на некалькі дзён пад Бахмутам і «пабадаюцца». «А там разбяромся», – дадаў Прыгожын.

Атака на «дзядулю»

Аднак яшчэ большы рэзананс мелі словы Прыгожына, у якіх журналісты ўбачылі нападкі асабіста Пуціна.

Па-першае, ён раскрытыкаваў дзяржаўнае святкаванне Дня Перамогі – маўляў, не варта «выё… на Краснай плошчы» (відэаролік быў апублікаваны як раз у той момант, калі на Краснай плошчы Пуцін прымаў вайсковы парад).

Па-другое, аб’язджаючы пазіцыі пад Бахмутам, Прыгожын у размове з вагнэраўцамі згадаў нейкага «шчаслівага дзядулю», які думае, што яму добра.

«А вось што рабіць краіне, што рабіць нашым дзецям, унукам, будучыні Расеі і як выйграць вайну, калі раптам выпадкова, я проста мяркую, акажацца, што гэты дзядуля – скончаны мудак?» – заявіў бізнесовец.

Імя «дзядулі» Прыгожын не агучыў, аднак шмат хто ўбачыў тут намёк на прэзідэнта РФ. Справа ў тым, што ў расейскім інтэрнэце ў апошнія пару гадоў за Пуціным замацавалася мянушка «дзед»: такім чынам падкрэсліваецца не толькі ўзрост палітыка, але і яго адарванасць ад рэальнасці. Недзяржаўныя медыі РФ кінуліся ўдакладняць у Прыгожына, каго ён меў на ўвазе. Той адказаў у жартлівай манеры, прапанаваўшы на выбар тры варыянта: нядаўна звольнены з Мінабароны генерал Міхаіл Мізінцаў, начальнік генштабу Валерый Герасімаў і экс-удзельніца шоу Дом-2 Наталля Хім. Па логіцы правільным варыянтам адказу мусіць быць Герасімаў, якога бізнесовец пастаянна вінаваціць ва ўсіх бедах. Аднак такое тлумачэнне таксама выглядае не вельмі пераканаўчы: Прыгожын раней адкрыта лаяў Герасімава мацюкамі і незразумела, навошта цяпер было яго называць «дзядулем».

А самае галоўнае, што Прыгожын, як стваральнік «фабрыкі троляў», наўрад ці мог не разумець, што вобраз «дзядулі» ў медыяпрасторы ў першую чаргу будзе асацыявацца з Пуціным. Таму ягоныя выказванні ў любым выпадку выглядаюць дэманстратыўнай дзёрзкасцю ў дачыненнях Крамлём.

Пажар у адным з раёнаў гораду. Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна. 27 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Рэакцыя Крамля: маўчанне і «чырвоныя лініі»

Пасля выстаўлення ўльтыматуму 5 траўня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі ведаюць пра зварот Прыгожына, але каментаваць не будуць. Пасля заяваў бізнесоўца 9 траўня Пяскоў наогул зрабіў выгляд, што Пуцін не ў курсе справы.

Аднак суразмоўцы «Медузы», блізкія да адміністрацыі прэзідэнта РФ, сцвярджаюць, што ў Крамлі патрабаванні Прыгожына, звернутыя да Мінабароны РФ, успрынялі як «сур’ёзную пагрозу». Яшчэ больш негатыўна ў Крамлі ўспрынялі словы пра «шчаслівага дзядулю»: «Вядома, ён можа потым сказаць, што гэта пра [міністра абароны Сяргея] Шайгу ці пра абстрактнага абывацеля, але людзі робяць зразумелыя высновы». Суразмоўцы выдання кажуць, што Прыгожын дэманструе «неканвенцыйныя паводзіны», дзейнічае «не ў агульнай камандзе і не ў агульных інтарэсах» з расейскай уладай.

Крыніцы «Медузы» мяркуюць, што такім чынам бізнесовец перайшоў «чырвоную лінію»: «Пакуль «Вагнер« там [на фронце], Прыгожыну мала што пагражае, ён мае магчымасць выйсці на прамы дыялог з прэзідэнтам. Але калі так пойдзе далей, гэта дакладна спыняць афіцыйныя сілавікі».

У такім выпадку Прыгожыну не дапамогуць нават высокія заступнікі ў расейскай уладзе. Сярод іх «Медуза» называе кіраўніка Расгвардыі Віктара Золатава, тульскага губернатара Аляксея Дюміна ды алігарха Юрыя Кавальчука. Расейскі журналіст, карэспандэнт BBC Ілля Барабанаў у інтэрв’ю Радыё NV наогул выказаў меркаванне, што Прыгожын у выніку скончыць як палявыя камандзіры «ЛДНР» 2014-2015 гадоў – то бок яго проста заб’юць расейскія спецслужбы.

«Калі Крэмль не адрэагуе на слаба завуаляваную крытыку Пуціна ў Дзень Перамогі – гэта можа яшчэ больш падарваць норму ў пуцінскай сістэме, у якой асобныя субʼекты могуць змагацца за пазіцыі і ўплыў, але не можа наўпрост крытыкаваць Пуціна», – адзначаюць аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

Разам з тым, у незалежных медыях і экспертнай супольнасці гучыць і іншы пункт гледжання, у адпаведнасці з якім заснавальнік ПВК Вагнэра дзейнічае строга ў дазволеных Крамлём рамках – нібыта Пуціну выгадны канфлікт паміж рознымі фрыкцыямі «партыі вайны».

Нельга цалкам выключаць, што Прыгожын сапраўды мае пэўны карт-бланш. Але ў такім выпадку варта прызнаць, што Пуцін пагаджаецца на даволі рызыкоўную гульню. Адкрыты канфлікт і публічнае прыніжэнне вайсковага кіраўніцтва яўна не спрыяе павышэнню баявога духу ды дысцыпліны. У відэа 9 траўня Прыгожын адкрыта кажа, што галоўны вораг расейскага салдата сёння не ЗСУ, а здраднікі ў тыле, якія «хочуць прадаць Расею».

«Наш вораг сёння не ЗСУ, а расейскі бюракрат», – некалькі разоў паўтарае ён.

Аднак з гэтага лагічна зрабіць выснову, што расейскім жаўнерам спачатку варта разабрацца са здраднікамі ў тыле. Гісторыя Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году паказвае, што пашырэнне падобных ідэяў спрыяе разлажэнню войска і можа стаць палівам для рэвалюцыйнага выбуху.

Прапаганда маўчыць, Гіркін абураецца

Крыніца «Медузы» ў адным з дзяржаўных СМІ сцвярджае, што прапагандысты ўжо атрымалі ад адміністрацыі прэзідэнта «папярэджанне», што калі Прыгожын і надалей працягне крытыкаваць Мінабароны і распавядаць аб няўдачах на фронце, то ў публікацыях яго варта «пазіцыянаваць як здрадніка».

Аднак пакуль прапагандысцкая кампанія супраць заснавальніка ПВК Вагнэра не распачалася. Тэлебачанне і іншыя федэральныя медыі стараюцца ігнараваць скандал. «Кухар Пуціна» не абвешчаны персонай нон-грата: яго працягваюць цытаваць топавыя крамлёўскія прапагандысты. Аднак выказванні пра «дзядулю» і мацюкі на адрас Мінабароны абмінаюць, нібыта Прыгожын у сваіх заявах распавядае толькі пра сітуацыю ў Бахмуце.

Салдаты абслугоўваюць кулямёт ДШК на пазіцыях на Тарэцкім накірунку. Данецкая вобласць, Украіна. 13 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Рэакцыя ўльтрапатрыятычнай грамадскасці выглядае больш складана. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) і ягоная мілітарысцкая суполка Клуб раззлаванных патрыётаў рэзка крытыкуюць Прыгожына: вінавацяць яго вялізарных ахвярах пад Бахмутам і самапіяры ў палітычных мэтах, называюць небяспечным для Расеі чалавекам.

«Пагроза вялікая. За Прыгожыным стаяць вельмі сур’ёзныя сілы», – кажа Гіркін.

Ён упэўнены, што за скандальным бізнесоўцам стаіць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка і алігархі браты Кавальчукі, якія «вырошчваюць» з Прыгожына «рэальнага ваеннага дыктатара». Адзначым, што незалежныя медыі гэтую інфармацыю не пацвярджаюць: паводле «Важных историй», Прыгожын з Кірыенкам як раз канфліктуе, а Юрый Кавальчук, як сцвярджае «Медуза», апошнім часам аддаляецца ад ПВК Вагнэра. Аднак у любым выпадку Гіркін у гэтай сітуацыі не на баку Мінабароны і Крамля: ён адкрыта крытыкуе расейскае кіраўніцтва, у тым ліку Пуціна.

Што тычацца сістэмных мілітарыстаў – вайсковых блогераў і вайсковых карэспандэнтаў – то яны пакуль не вызначыліся з тым, як весці сабе ў гэтай сітуацыі. У адрозненні ад ура-патрыятычнай прапаганды на тэлебачанні, іх прапаганда ствараецца пад выглядам «акопнай праўды». У адпаведнасці з гэтым наратывам яны дазваляюць сабе часам крытыкаваць вайсковае камандаванне за пэўныя памылкі і пралікі. Таму першапачаткова Z-каналы хутчэй з разуменнем паставіліся да бунта Прыгожына: маўляў, праблемы з боепрыпасамі на фронце сапраўды недапушчальныя і з гэтым Мінабароны варта нешта рабіць. Але потым яны далучыліся да агульнапрапагандысцкага маўчання, чакаючы, у які бок разгорнецца сітуацыя.

Навошта Прыгожын усё гэта робіць

Belsat.eu раней ужо распавядаў, што Прыгожын штучна раздзімае праблему са снарадамі. Насамрэч ПВК Вагнэра забяспечваецца не горш, а можа нават і лепш за іншыя расейскія падраздзяленні. Калі найміты і сталі атрымліваць менш снарадаў, то гэта адлюстроўвае агульнае пагаршэнне сітуацыі з боепрыпасамі ў арміі РФ, а зусім не дыскрымінацыю ПВК.

Рзбураны мост на дарозе з Ізюму ў Харкаў. 18 кастрычніка 2022, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

Рэальных прычынаў такіх паводзінаў Прыгожына можа быць некалькі.

Па-першае, бізнесоўцу трэба перакласці на вайсковае кіраўніцтва віну за няўдачы на фронце і вялізарныя страты вагнэраўцаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Прыгожын абяцаў Пуціну цалкам узяць Бахмут да 9 траўня. Гэта не адбылося. Таму цяпер яму трэба пераканаць Пуціна, што вінаваты ў гэтым не ён, а міністэрства абароны, якое не дало снарадаў і не забяспечыла вагнэраўцам флангі. Словы пра «дзядулю» ў гэтым кантэксце маглі быць выкарыстаны хутчэй каб падбіць Пуціна пакараць генералаў, якія нібыта робяць з прэзідэнта дурня.

Па-другое, ёсць падставы меркаваць, што «кухар Пуціна» сапраўды мае палітычныя амбіцыі. Як мінімум з восені 2022 году Яўгеній Прыгожын стварае сабе імідж сапраўднага патрыёта, які выступае абаронцам простых байцоў у акопах і не баіцца казаць праўду пра «тылавых пацукоў» і «здраднікаў» у высокіх кабінетах. Сярод фанатычных прыхільнікаў вайны папулізм Прыгожына, імаверна, можа знаходзіць свой водгук, улічваючы нарастанне незадаволенасці сітуацыяй на фронце.

Яшчэ восенню 2022 году крыніцы выдання «Медуза», блізкія да Крамля, паведамлялі, што Прыгожын думае над тым, каб стварыць нейкі кансерватыўны рух ці нават палітычную партыю. У красавіку 2023-га «Медуза» пісала пра тое, што бізнесовец мае намер не стварыць новую партыю, а падмяць пад сябе старую – «Справедлівую Расею». Яе лідар Сяргей Міронаў апошнім часам зблізіўся з «кухарам Пуціна». Пасля ўльтыматума 5 траўня Міронаў выступіў на баку Прыгожына, назваўшы яго «сапраўдным патрыётам», які «не кідае словаў на вецер». Ён нават хоча запрасіць заснавальніка ПВК Вагнэра выступіць у Дзярждуме, каб абмеркаваць сітуацыю на фронце.

Цяжка сказаць, як далёка распасціраюцца палітычныя амбіцыі Прыгожына. Аднак у любым выпадку будучыня бізнесоўца будзе залежыць ад поспехаў ПВК Вагнэра ў вайне супраць Украіны і ад таго, ці здолее ён пазбегнуць адкрытага канфлікта з Крамлём. Менавіта таму пагрозу самавольна кінуць свае пазіцыі і абваліць фронт Прыгожын наўрад ці здольны зрэалізаваць. Той факт, што ён не сышоў з Бахмуту 10 траўня, толькі пацвярджае гэтую думку. Аднак прызнаваць сваю паразу ён, імаверна, таксама не збіраецца.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў