Блеф ці ваенны мяцеж? Што азначае ўльтыматум Яўгенія Прыгожына


Канфлікт заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгенія Прыгожына і кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ выйшаў на новы ўзровень: «кухар Пуціна» абяцае 10 траўня адвесці сваіх наймітаў з Бахмуту, бо іх недастаткова забяспечваюць боепрыпасамі. Пра што сведчыць гэты публічны скандал і ці могуць дзеянні Прыгожына справакаваць развал фронту?

УВАГА! ЗДЫМАК МОЖА ШАКАВАЦЬ! Яўгеній Прыгожын звяртаецца да вярхоўнага складу расейскай арміі, стоячы перад целамі, якія ён прадставіў як загінулых вагнэраўцаў. 5 траўня 2023 года.
Фота: concordgroup_official / Telegram / AFP / East News

Публічны канфлікт заснавальніка Прыгожына і Мінабароны РФ цягнецца з 2022 году.

У снежні вагнэраўцы пачалі адкрыта скардзіцца на тое, што іх кепска забяспечваюць боепрыпасамі і нават запісалі відэазварот, дзе нецэнзурна абражалі начальніка Генштабу. У лютым Прыгожын сам заявіў, што Міністэрства абароны наўмысна скарачае колькасць снарадаў для вагнэраўцаў і наогул перашкаджае забеспячэнню групоўкі. Ён абвінаваціў міністра абароны Сяргея Шайгу ды начальніка Генштаба Валерыя Герасімава ў масавай гібелі наймітаў і намеры «знішчыць ПВК Вагнэра».

У сакавіку Прыгожын намякнуў, што вагнэраўцы могуць сысці ў Афрыку, калі адчуюць, што больш не патрэбныя на фронце. У канцы красавіку бізнесовец у інтэрв’ю прапагандысту Сямёну Пегаву ўжо адкрыта прыгразіў, што калі дэфіцыт па боепрыпасах не будзе папоўнены, то вагнэраўцы будуць змушаны пакінуць свае пазіцыі пад Бахмутам, пасля чаго фронт можа «пасыпацца». «Мы б’ем у набат», – заявіў ён.

4 траўня бізнесовец запісаў відэазварот на фоне дзясяткаў трупаў сваіх наймітаў, у гібелі якіх ён абвінаваціў Шайгу і Герасімава, бо яны нібыта наўмысна не даюць групоўцы боепрыпасы. Кіраўнікоў расейскай арміі бізнесовец мацюкаў апошнімі словамі. «У нас недахоп боепрыпасаў 70%. Шайгу! Герасімаў! Дзе, с…, боепрыпасы? Вы думаеце, што вы гаспадары гэтага жыцця, і тое, што вы маеце права распараджацца іх жыццямі?.. Яны прыйшлі сюды добраахвотнікамі і паміраюць за тое, каб вы жыравалі ў сваіх кабінетах з чырвоным дрэвам», – істэрычна крычаў ён.

На наступны дзень, 5 траўня, гнеў Прыгожына набыў форму ўльтыматума. У сваім звароце да «начальніка Генштаба, міністра абароны, Вярхоўнага галоўнакамандуючага і народа Расеі» ён кажа, што Група Вагнэра «трапіла ў няласку зайздросных каляваенных бюракратаў», якія стварылі «штучны снарадны голад». Паводле бізнесоўца, 1 траўня вайсковае кіраўніцтва «практычна адрэзала» вагнэраўцаў ад паставак боепрыпасаў, праз што страты наймітаў растуць у «геаметрычнай прагрэсіі з кожным днём». З улікам гэтага Прыгожын заявіў, што вагнэраўцы маюць намер 10 траўня перадаць пазіцыі пад Бахмутам падраздзяленням Мінабароны і сысці ў тылавыя лагеры, «каб залізаць раны».

«Я выводжу падраздзяленні ПВК Вагнера з Бахмута, таму што пры адсутнасці боепрыпасаў яны асуджаныя на бессэнсоўную гібель», – папярэдзіў ён.

Да эпатажных паводзінаў Прыгожына ўсе даўно прывыклі, але цяперашні ўльтыматум нават на гэтым фоне выглядае з’явай беспрэцэдэнтнай. Пакіданне фронту падчас вайны без загаду вярхоўнага камандавання – гэта фактычна вайсковы мяцеж. Прычым мяцеж напярэдадні вялікага контрнаступлення ЗСУ, якое, па словах самога Прыгожына, ужо пачалося.

Аналітыка
У рэжыме чакання. Што вядома пра будучы контрнаступ ЗСУ
2023.05.02 10:00

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі ведаюць пра зварот Прыгожына, але каментаваць не будуць.

У чым сутнасць канфлікта Прыгожына і Мінабароны

Цяперашні канфлікт быў абумоўлены рэзкім ростам уплыву Яўгенія Прыгожына і разрастаннем ПВК Вагнэра пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Калі ў 2017-2018-м колькасць ПВК Вагнэра ацэньвалася ў некалькі тысяч байцоў, то ў студзені 2023 году заходнія выведкі казалі ўжо пра 50 тысяч наймітаў у арміі Прыгожына. Такі рост быў выкліканы аб’ектыўнымі прычынамі. Бліцкрыг, на які рабілі стаўку ў Крамлі, праваліўся, а кадравая расейская армія ў першыя месяцы канфлікту панесла значныя страты. Паколькі абвяшчаць мабілізацыю Пуцін доўга не вырашаўся, то адзіным эфектыўным механізмам папаўнення сілаў на фронце сталі найміты.

Прыгожын атрымаў вялізарныя паўнамоцтвы (напрыклад, адкрыта вербаваць наймітаў сярод вязняў) і вялізарныя рэсурсы (ПВК мела нават уласную авіяцыю). Аднак у выніку гэты прывяло да пераўтварэння Групы Вагнэра ў прыватную армію, якая де-юрэ нікому не падпарадкоўваецца, дзейнічае па-за рамкамі законаў РФ і вайсковай іерархіі. Сам Прыгожын пры гэтым не мае ніякай, нават фармальнай пасады і можа выкарыстоўваць вайну для асабістага піяру і пашырэння ўплыву ў дзяржаве.

Мінабароны і Генштаб яўна былі незадаволены такой сітуацыяй і пастараліся аслабіць ягоныя пазіцыі, каб зрабіць групу Вагнэра больш кіраванай.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

«Снарадны голад» і рэакцыя на бунт

Разам з тым, да словаў Прыгожына пра «штучны снарадны голад» трэба ставіцца вельмі крытычна. Насамрэч пра агульнае пагаршэнне сітуацыі з боепрыпасамі ў расейскім войску кажуць ужо даўно. Прыкметы крызісу сталі назірацца яшчэ мінулай восенню: калі ўлетку 2022 года расейцы часам трацілі да 30 тысяч снарадаў у содні, то зімой, па некаторых ацэнках, толькі да 10 тысяч. У сакавіку 2023-га Пуцін прызнаў сур’ёзнасць праблемы, паведаміўшы пра ўвядзенне «пэўных лімітаў» на выкарыстанне снарадаў на фронце.

Былы палявы камандзір, а цяпер намеснік начальніка ўпраўлення Расгвардыі па ДНР Аляксандр Хадакоўскі яшчэ ў лютым зазначаў, што насамрэч вагнэраўцы раней былі ў прывілеяваным становішчы ў плане забеспячэння, а цяпер проста атрымліваюць снарады «як ўсе». Падобныя думкі агучваюць і некаторыя вайсковыя карэспандэнты-прапагандысты. «Паездзіш па фронце і адчуванне, што снарадаў зараз не хапае ўсім», – піша Аляксандр Коц. Аднак пры гэтым прызнае, што толькі Група Вагнэра цяпер наступае, таму ім больш патрэбныя боепрыпасы.

Цікава, што ў цэлым Z-каналы хутчэй з разуменнем паставіліся да бунта Прыгожына: маўляў, праблемы з боепрыпасамі на фронце сапраўды недапушчальныя і з гэтым Мінабароны варта нешта рабіць, няхай кіраўніцтва краіны ўмяшаецца. Частка Z-прапагандыстаў хутчэй на баку Прыгожына, чым Мінабароны. Блогер «Zаписки Vетерана», напрыклад, піша, што ў выпадку калі Прыгожын здасць Бахмут, то вінаваты ў гэтым будзе «глупства, шкодніцтва, а можа і адкрытая здрада з боку расейскіх чыноўнікаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Igor Russak / Reuters / Forum

Праўда, ёсць і тыя, каго мяцеж Прыгожына абурыў. Ігар Гіркін (Стралкоў) заявіў, што падраздзяленні былых фармаванняў ЛДНР атрымліваюць у разы менш боепрыпасаў, чым Група Вагнэра. «Цікава, а калі ўсё, каму востра бракуе боепрыпасаў… адразу возьмуць і пакінуць фронт – на пазіцыях хоць хто-небудзь застанецца? Дарэчы, а куды паедзе ПВК «Вагнер» пасля пакідання Бахмута? У рэйд па тылах а-ля бацька Махно?» – з’ездліва пракаментаваў сітуацыю Гіркін.

Былы дэпутат Віктар Алксніс абвінаваціў Прыгожына ў піяры на крыві: паводле яго, калі ў вагнэраўцаў не хапае снарадаў, то трэба было даўно спыніць бессэнсоўныя «мясныя штурмы» ўкраінскіх пазіцыяў.

«Шукаюць прычыны, каб сысці»

Хутчэй за ўсё, Прыгожын сапраўды вельмі моцна перабольшвае свае праблемы са снарадамі. Можа ПВК Вагнэра забяспечваецца не так добра як у пачатку вайны, але ў любым выпадку ЗСУ адчувае дэфіцыт боепрыпасаў куды больш востра. Генеральны сакратара NATO Ёнс Стольтэнберг у канцы сакавіка заяўляў, што ЗСУ штодзень выкарыстоўваюць 4-7 тысяч снарадаў, а армія РФ – 20 тысяч. У красавіку ўкраінскі вайсковы чыноўнік распавёў «The Washington Post», што расейскае войска траціць у тры разы больш боепрыпасаў. А байцы ЗСУ, якія абараняюць Бахмут, распавядалі, што як раз на гэтым участку праціўнік мае снарадаў столькі, што можа выкарыстоўваць тактыку агнявога валу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

«Яго заявы аб снарадным голадзе, ледзь не блакадзе з боку МА РФ – гэта хлусня. Нашыя войскі ў Бахмуце гэта адчуваюць на сабе. Расейскія акупанты працягваюць зносіць горад авіяцыяй і артылерыяй. Нападкі на Шайгу і Герасімава – гэта іх унутраная гісторыя, якая не павінна адводзіць у бок ад сутнасці», – заявіў пазаштатны дарадца кіраўніка Мінабароны Аляксей Капыцько.

Капыцько ўдакладніў, што расейскім войскам «крытычна неабходна перайсці да абароны», і Прыгожын «толькі спрабуе разыграць гэты пераход у сваіх інтарэсах». «Падлік трупаў вагнераўцаў, а затым іх дэманстрацыя – гэта абгрунтаванне пазіцыі «я зрабіў усё, што мог, але нас здрадзілі кабінетныя зайздросныя істоты».

Прэс-сакратар усходняй групоўкі ЗСУ Сяргей Чэрэваты ў інтэрв’ю BBC зазначыў, што насамрэч вагнэраўцам праз вялікія страты не хапае байцоў, а не снарадаў. «Таму яны шукаюць прычыны, каб сысці», – тлумачыць ён.

Аналітыка
Расейскі агнявы вал і крэатыў ад ЗСУ. Тлумачым, што цяпер адбываецца ў Бахмуце
2023.04.17 14:58

Прыгожын блефуе?

У цэлым ва Украіне вельмі асцярожна ставяцца да заяваў Прыгожына. Ад афіцыйных асобаў гучаць заклікі празмерна не цешыць сябе і не губляць пільнасці.

Сяргей Чэрэваты падкрэслівае, што пакуль расейскія атакі ў Бахмуце працягваецца, інтэнсіўнасць баёў не зніжаецца.

Намесніца міністра абароны Ганна Маляр лічыць, што Група Вагнэра мае намер цалкам узяць Бахмут да 9 траўня. «Для выканання гэтай задачы яны сцягваюць вагнэраўцаў з іншых напрамкаў і замяняюць імі штурмавыя атрады дэсантнікаў, якія цяпер ваююць на Бахмуцкім напрамку», – распавяла яна.

Падпалкоўнік ЗСУ ў адстаўцы Мікалай Саламаха ў інтэрв’ю «Белсату» зазначыў, што не верыць у тое, што Прыгожын адвядзе ПВК Вагнэра з Бахмуту.

«Гэта можа абрынуць фронт на дадзеным участку. Кіраўніцтва расейскага войска гэта выдатна разумее: яны проста фізічна не дадуць адыходзіць», – тлумачыць ён.

Паводле Саламахи, вагнэраўцам не дадуць сысці заградатрады. «А вайна паміж ЧВК Вагнера і Узброенымі сіламі РФ – гэта малаімаверна», – падкрэсліў ён.

Сапраўды, Прыгожын наўрад ці рызыкне наўмысна агаліць фронт пад Бахмутам. Бізнесовец і кіраўніцтва Мінабароны канкуруюць за прыхільнасць Пуціна, а адкрыты ваенны мяцеж супрацьпаставіць Прыгожына Крамлю – наўрад ці заснавальнік ПВК Вагнэра на гэта пойдзе.

Аднак ультыматум Прыгожына – гэта ў любым выпадку добрая навіна для Украіны. Па-першае, гэта даказвае, што пад Бахмутам склалася вельмі няпростая сітуацыя для агрэсара – сілы вагнэраўцаў слабеюць і падтрымліваць іх на папярэднім узроўні Расея не здольная. Па-другое, гэта сведчыць пра нарастанне ўнутранага супрацьстаяння паміж рознымі праўладнымі групоўкамі ў Расеі.

Адкрыты канфлікт і публічнае прыніжэнне вайсковага кіраўніцтва яўна не будзе спрыяць павышэнню баявога духу ні на фронце, ні ў тыле. Наўрад ці ў такой сітуацыі хтосьці насамрэч можа верыць у прапагандысцкі тэзіс, што «спецыяльная ваенная аперацыя ідзе па плане». Скандал з бунтам Прыгожына – добры інфармацыйны фон перад будучым вялікім контрнаступленнем ЗСУ.

Аналітыка
Што ПВК Вагнэра робіць у Афрыцы? Тлумачым, у чым інтарэс РФ
2023.03.27 07:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў