Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Ад закрыцця ліцэю да пагрозы інкарпарацыі

Амаль 20 год прайшло пасля прыняцця першага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі Палатай Прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ў кастрычніку 2004 года. Калі хтосьці ўвогуле нічога не ведае пра развіццё краіны за гэты перыяд, то, параўнаўшы той і цяперашні тэкст праекту Акту аб дэмакратыі, які днямі прадстаўлены на разгляд Кангрэсу, усё зразумее пра маштабы катастрофы.

Пратэсты 2020 года ў Менску.
Фота: Рада БНР/Facebook

Вельмі карысна будзе супаставіць тэксты тым «каментатарам-экспертам», якія абвінавачваюць зараз так званую «старую» апазіцыю ў бяздзейнасці і памылках. Гэта рабіць вельмі лёгка, асабліва, калі ўлічыць, што без памылак не абыходзіцца ні ў кога. А вось наконт бяздзейнасці гэта ўжо асобная размова.

Дакумент, які атрымаў назву «Акт аб дэмакратыі», з’явіўся не на роўным месцы. Была праведзеная сурʼёзная аналітычная работа, якая абапіралася выключна на факты. Чытаеш тыя 13 пунктаў і зноў адчуваеш тую атмасферу. Нам тады здавалася, што ўвесь свет павінен быў прыйсці краіне на дапамогу, бо рабілася ўсё больш відавочнай пагроза страты суверэнітэту.

Вось тыя 13 пунктаў:

  1. 1. ЗША падтрымліваюць развіццё дэмакратыі, захаванне правоў чалавека і прынцып вяршэнства права ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з абавязальніцтвамі як дзяржавы-удзельніцы АБСЕ.

    2. ЗША жыццёва зацікаўлены ў незалежнасці і суверэнітэце Рэспублікі Беларусь і яе інтэграцыі ў Еўрапейскую супольнасць дэмакратый.

    3. У лістападзе 1996 Лукашэнка арганізаваў незаконны і неканстытуцыйны рэферэндум, які даў яму магчымасць навязаць новую канстытуцыю, скасаваць законна абраны парламент, Вярхоўны Савет 13-га склікання, прызначыць амаль не валодае ўладай Нацыянальны Сход, і падоўжыць тэрмін свайго кіравання.

    4. Дэмакратычныя сілы Беларусі праводзілі мірныя дэманстрацыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў многіх гарадах Беларусі, якія заканчваліся збіццём, масавымі арыштамі і працяглымі тэрмінамі зняволення.

    5. Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Юры Захаранка, якія былі лідарамі і прыхільнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, і Зміцер Завадзкі, журналіст, вядомы ў Беларусі сваімі крытычнымі рэпартажамі, зніклі і лічацца мёртвымі.

    6. Былыя чыноўнікі з беларускага ўрада прадставілі вартыя заявы і сведчанні таго, што вышэйшыя чыноўнікі рэжыму Лукашэнкі маюць дачыненне да гэтых знікненняў.

    7. Беларускія ўлады арганізавалі масіраванае метадычнае цкаванне грамадзянскай супольнасці шляхам закрыцця, прыгнёту і рэпрэсій супраць грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў.

    8. Беларускія ўлады актыўна душаць свабоду слова і выказвання, у тым ліку праводзячы сістэматычныя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

    9. Рэжым Лукашэнкі павярнуў назад працэс адраджэння беларускай мовы і культуры, у тым ліку зачыніўшы Нацыянальны Гуманітарны Ліцэй, апошнюю навучальную ўстанову, дзе заняткі праводзіліся на беларускай мове.

    10. Рэжым Лукашэнкі прыгнятае аўтакефальную Беларускую Праваслаўную Царкву, Рымска-каталіцкую Царкву, габрэйскую абшчыну, духоўную супольнасць шайва-шактаў «Святло Кайласы», евангелічныя пратэстанцкія цэрквы (такія як баптысты і пяцідзясятнікі), і іншыя рэлігійныя.

    11. Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», прыняты Нацыянальным сходам і падпісаны Лукашэнкам 31 кастрычніка 2002 года, устанаўлівае адзін з найбольш рэпрэсіўных прававых рэжымаў у рэгіёне АБСЕ, які вельмі абмяжоўвае рэлігійную свабоду і ўстанаўлівае празмерны дзяржаўны кантроль за рэлігійнай практыкай.

    12. Парламенцкія выбары 15 кастрычніка 2000 г. і прэзідэнцкія выбары 9 верасня 2001 г. былі прызнаныя па сутнасці несправядлівымі і недэмакратычнымі.

    13. Урад Беларусі не зрабіў істотных крокаў для таго, каб прыняць крытэрыі, вылучаныя АБСЕ ў 2000 годзе: спыніць рэпрэсіі і пакласці канец атмасферы страху, не перашкаджаць дзейнасці незалежных СМІ, забяспечыць празрыстасць выбарчага працэсу, павялічыць паўнамоцтвы парламенту.

Ці варта казаць, што стаяла за кожным пунктам? Як трымалі абарону супраць АМАПу дзеці, бацькі, выкладчыкі гуманітарнага ліцэю? Як сваякі забітых хадзілі па розных інстанцыях, дамагаючыся паўнавартаснага расследавання? А вернікі з суполкі шайва-шактаў, якіх кідалі на суткі і збівалі толькі за тое, што тыя проста часам збіраліся разам, каб медытаваць пад сонцам? А вернікі «Новага жыцця», якім прыйшлося трымаць галадоўку, каб у іх не забралі будынак? Чым у выніку ўсё скончылася, мы ўсе ведаем. А разгоны мірных акцыяў? А звальненні з працы, а адлічэнні студэнтаў з універсітэтаў?

За кожным пунктам стаяць рэпрэсіі, але самае сумнае – абыякавасць з боку вялікай колькасці суайчыннікаў. «Чарка і скварка», – казалі пра іх.

Тысячы і тысячы абывацеляў не хацелі нават ведаць аб тым, што адбывалася з тымі, для каго важна было мець права выбару. Людзі бралі крэдыты, ездзілі за мяжу на шопінг і іх, у прынцыпе, па вялікім рахунку тады яшчэ ўсё задавальняла.

Некаторым сённяшнім «аналітыкам» не лішне будзе таксама ўспомніць сваіх жа бацькоў. Пра што тыя размаўлялі на кухні з сябрамі ці паміж сабой? Абмяркоўвалі адкуль лепш «прыгнаць» аўтамабіль – з Польшчы ці з Германіі? А хтосьці высвятляў – купіць пральную «бэушную» машыну тут ці лепш прывезці самому з-за мяжы.

Калі нехта не памятае ў доме наяўнасці незалежных газет і абмеркавання разгону чарговай апазіцыйнай дэманстрацыі, то гэта не значыць, што нічога гэтага не існавала ў прыродзе. Гэта таксама не значыць, што Павал Севярынец і Мікола Статкевіч не сядзелі ў турме за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў чарговага рэферэндуму. А: «БТ хлусіць!», – скандавалі ўжо тады.

Была Плошча-2006, якая паказала, што дзясяткі тысяч беларусаў гатовы адстойваць права выбару ў краіне, але канвеер падману працаваў ужо напоўніцу з дапамогай той жа міліцыі і «надзейных грамадзян».

Вельмі многія і маладыя, і пажылыя з тых, хто пакліканы «сеяць добрае і вечнае», пасля свайго непасрэднага ўдзелу ў фальсіфікацыях, спакойна глядзелі вучням у вочы.

Тым, хто папракае кагосьці ў бяздзейнасці, трэба было б спытаць у маладафронтаўцаў і іншых актывістаў, як іх хапалі на вуліцы людзі ў масках і з мяшком на галаве вывозілі ў лес, прымушаючы там рыць сабе магілу. Толькі сёння для гэтага давядзецца атрымаць допуск у камеру беларускай турмы або паехаць на перадавую ва Украіну.

Выбары 2006 года.
Фота: dialog.ua

Што ж змянілася ў новым Акце аб дэмакратыі ў Беларусі? Акрамя ўсё тых жа парушэнняў правоў чалавека – пераслед СМІ і журналістаў, ліквідацыі няўрадавых арганізацый – зʼявіліся пункты аб тым, што ўлады працягваюць «абмяжоўваць незалежнасць Беларусі шляхам інтэграцыі ў так званую Саюзную дзяржаву, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі».

Акрамя таго, заяўлена, што ўлады праводзяць «палітыку, якая падрывае суверэнітэт і незалежнасць краіны, ставячы палітычныя, эканамічныя, культурныя і грамадскія інтарэсы Беларусі ў залежнасць ад інтарэсаў Расеі».

У праекце дакументу Лукашэнка названы нелегітымным прэзідэнтам, а таксама зафіксаваны той факт, калі Лукашэнка «папрасіў рускіх» даслаць каманды расейскіх журналістаў для замены мясцовых супрацоўнікаў» на дзяржаўных тэлеканалах. Гэта важна прачытаць зараз тым, якія казалі, што не мае значэння на якой мове казаць і якія каналы глядзець. Нехта з іх магчыма і не заўважыў, што жыве жыццём іншай краіны.

Дакумент павінны прыняць да канца 2024 года. Ён будзе садзейнічаць аказанню дапамогі палітычным уцекачам і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Кангрэс ЗША заклікае не прызнаваць рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць правядзенне свабодных выбараў у Беларусі.

У праекце дакументу гаворыцца аб Беларусі як аб асобна ўзятай краіне, і гэта вельмі абнадзейвае.

Бо ўвесь час у галаве круцяцца трывожныя пытанні. Напрыклад, ці была ў беларусаў 20 гадоў таму магчымасць захаваць суверэнітэт сваёй краіны? Ці мог тады дэмакратычны свет прыйсці ім на дапамогу, каб не здарылася тое, што адбылося ў 2020-ым і пасля? Ці магчымы быў дыялог з заходнімі палітыкамі тады і сёння? Чаму гэтая тэма выклікала такую дыскусію?

У новым дакуменце непасрэдна гаворыцца пра дыялог. Ён разглядае Каардынацыйную раду і Абʼяднаны пераходны кабінет як «легітымныя інстытуты для дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і будзе падтрымліваць іх у гэтым працэсе». Трэба рабіць усё магчымае, каб не давялося адказваць на пытанне: Беларусь гэта краіна ці тэрыторыя?

Каментар
«Не шараговая папера». Якое значэнне мае амерыканскі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі?
2024.06.08 16:15

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў