З’явіліся доказы падрыву Кахоўскай ГЭС і звесткі пра загінулых ад патопу


Украіна працягвае змагацца з наступствамі разбурэння Кахоўскай ГЭС – і падобна, будзе рабіць гэта яшчэ гадамі. Але магчыма, што адказваць за гэта прыйдзецца Расеі: з’яўляюцца доказы, што дамба не развалілася сама. «Белсат» пераказвае, што новага стала вядома аб катастрофе.

Эвакуацыя пацярпелых ад патопу ў Херсонскай вобласці
Эвакуацыя пацярпелых ад патопу ў Херсонскай вобласці, Украіна. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: Shtab_kakhovska_hes / Telegram

Загінулі людзі

Ад патопу загінулі не менш за 13 чалавек. Аб пяці загінулых і 13 зніклых без звестак паведаміў украінскі бок, яшчэ пра прынамсі 8 загінулых расказала расейская акупацыйная адміністрацыя Херсонскай вобласці.

Станам на 16:00 (кіеўскі час) 9 чэрвеня з падкантрольных Украіне тэрыторыяў эвакуявалі 2536 чалавек, паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў Украіны. Уратавалі 601 чалавека, з іх 30 дзяцей. Падтоплена, паводле папярэдніх звестак, 35 населеных пунктаў і 3763 будынкаў на правым беразе Дняпра (левы бераг у Херсонскай вобласці акупаваны Расеяй).

Акупацыйная адміністрацыя заяўляе пра эвакуацыю 5800 чалавек. Ды, як сцвярджае «Медуза», акупацыйныя ўлады не толькі правалілі эвакуацыю, але і перашкаджаюць тым, хто спрабуе ўратавацца ад патопу – вайскоўцы не выпускалі людзей з падтопленых населеных пунктаў без расейскіх пашпартоў.

Гэта быў выбух

У ноч на 6 чэрвеня пачала разбурацца плаціна Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, што ў Херсонскай вобласці Украіны. ГЭС была пад кантролем расейскіх войскаў – і Расея вінаваціць Украіну ў падрыве, але доказаў не прыводзіць. Украіна ж заяўляе, што мае доказы мінавання ГЭС расейскімі сіламі, і падазрае Расею ў наўмысным падрыве.

Незалежныя расследавальнікі прапаноўвалі і трэцюю тэорыю: магчыма, ГЭС разбурылася сама ад пашкоджанняў, звязаных з вайной, і ранейшых дзеянняў акупацыйных сілаў. Цяпер з’яўляюцца доказы наўмыснага падрыву.

Кахоўская ГЭС пасля выбуху. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Инсайдер UA / Telegram

Нарвежскія геолагі зафіксавалі штуршкі ў ноч разбурэння дамбы – і пішуць, што штуршкі былі выкліканыя выбухам.

«The New York Times» піша са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, што спадарожнікі-шпіёны зафіксавалі выбух перад разбурэннем дамбы. Чыноўнікі не ведаюць, ці гэта было наўмысна, ці выпадкова, і не маюць пэўнасці ў тым, хто адказны за выбух.

Служба бяспекі Украіны ж апублікавала, як сцвярджаецца, перахоп размоваў расейскіх вайскоўцаў, якія абмяркоўваюць, што па дамбе ўдарылі не ўкраінскія войскі. Кажуць, што гэта расейская дыверсійная група хацела «папужаць» маленькім падрывам дамбы, але «пайшло не паводле плану, а больш, чым яны планавалі».

Украінскія расследавальнікі «Molfar» падрабязна апісваюць храналогію падзеяў, аналізуюць версію пра «самаразбурэнне» дамбы на падставе адкрытых звестак і прыходзяць да высновы аб тым, што вінаватыя расейскія вайскоўцы – нават называюць імаверных вінаватых.

У Арганізацыі аб’яднаных нацыяў пакуль не ўпэўненыя, што разбурэнне Кахоўскай ГЭС – ваеннае злачынства, і чакаюць больш дэталёвага расследавання. У Еўразвязе схіляюцца да версіі аб разбурэнні дамбы выбухоўкай з сярэдзіны, але пакуль не можа адназначна ўскладаць адказнасць за выбух на Расею.

Паводле «The Guardian», украінскія афіцыйныя асобы расчараваныя тым, што заходнія выведкі пакуль не пацвярджаюць версію аб расейскай адказнасці. Дырэктар «Укргідраэнерга» Ігар Сірата падкрэслівае, што дамбу будавалі так, каб яна магла вытрымаць і ядравы ўдар звонку – незаўважна разбамбіць станцыю было б цяжка, таму, перакананы ён, яе ўзарвалі з сярэдзіны.

Версію аб адказнасці Расеі і азначэнне катастрофы экацыдам падтрымлівае вядомая эка-актывістка Грэта Тунберг:

Расейскія медыі тым часам заніжаюць наступствы катастрофы і працягваюць настойваць на віне Украіны, а расейскія войскі, паводле ўкраінскіх медыях, абстрэльваюць невялікія дамбы ў Запарожскай вобласці.

Ход думкі з Віктарам Шандаровічам
Што ўбачылі расяяне ў дзень падрыву ГЭС
2023.06.09 14:28

Гэта гуманітарная і экалагічная катастрофа

Вада пасля патопу ўжо пачынае паступова спадаць, але магчыма, што бяда толькі пачынаецца.

Узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы, што перад разбуранай ГЭС, станам на 18:00 (кіеўскі час) 9 чэрвеня апусціўся да пазнакі 11,74 метры – ніжэй за «мёртвую кропку», пасля якой водазабор для населеных пунктаў і для ахаладжэння Запарожскай атамнай электрастанцыі становіцца немагчымым. Прэзідэнт украінскага «Энергаатаму» заспакойвае, што можна знайсці і іншыя шляхі напаўнення сажалкі-ахаладжальніка АЭС, ды станцыя знаходзіцца пад акупацыяй расейскіх войскаў, якія могуць не выканаць належных працэдураў.

Тым часам на беразе Чорнага мора назіраюць, як вада выносіць смецце, мэблю і асабістыя рэчы людзей з затопленых тэрыторыяў.

Патоп не толькі забруджвае ваду, але можа выклікаць атручванне людзей і нават эпідэміі. Чуткі пра ўспышку халеры пакуль, на шчасце, не пацвярджваюцца.

Але несумнеўна, што ў ваду трапіла шмат шкодных рэчываў: эколаг расказвала «Белсату», што для грунтовых водаў гэтая катастрофа – як Чарнобыль, бо таксіны з грунтовых водаў не адфільтраваць, таксама як не адфільтраваць радыяцыю з паветра.

Каментар
Як Чарнобыль для грунтовых водаў: разбурэнне Кахоўскай ГЭС можа мець страшныя наступствы
2023.06.09 19:55

Да таго ж, праз разбурэнне дамбы і асушэнне Кахоўскага вадасховішча вада перастане трапляць у каналы, створаныя для сельскай гаспадаркі. Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны засцерагае, што на поўдні Украіны палі ўжо ў наступным годзе могуць ператварыцца ў пустэльні.

Да таго ж, ГЭС выкарыстоўвалася ў энергасістэме: праз яе разбурэнне ва Украіне, і без таго пацярпелай ад расейскіх абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры, магчымыя дадатковыя перабоі са святлом.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю «Bild» казаў, што ён «у шоку» ад адсутнасці рэакцыі міжнародных арганізацыяў кшталту ААН і «Чырвонага крыжу» на катастрофу. Прадстаўнікі ААН на гэта адказалі, што прыбылі ў раён катастрофы даволі хутка і што ўжо сёння ў рэгіён мае прыбыць гуманітарная калона.

Украіну падтрымліваюць і іншыя. Так, 9 чэрвеня МАГАТЭ запусціла праграму дапамогі пацярпелым украінцам; Латвія выдаткавала Украіне 200 тысяч еўра на дапамогу ў пераадоленні энергетычнага і гуманітарнага крызісу; Нідэрланды паабяцалі перадаць водныя помпы і ратавальныя катары.

Фота
Падрыў Кахоўскай ГЭС і яе наступствы ў здымках
2023.06.06 14:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў