Света Бень і Галя Чыкіс: Зла не трэба баяцца, трэба баяцца стаць часткаю зла


Увечары 8 красавіка ў варшаўскім клубе «Odessa» з аншлагам прайшоў трэці канцэрт Светы Бень і Галі Чыкіс у межах еўрапейскага туру. Спявачкі прэзентавалі альбом «Прыём!». Мы пабывалі на прэзентацыі і паразмаўлялі з удзельніцамі дуэту.

Выступленне Светы Бень і Галі Чыкіс у клубе «Odessa». Варшава, Польшча. 8 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

«Прыём!» – гэта першая поўнафарматная праца былой вакалісткі «Срэбнага вяселля» Светы Бень і ейнай напарніцы, спявачкі і кампазітаркі Галі Чыкіс.

Альбом выйшаў 16 снежня 2022 года і стаўся даволі прыкметнаю з’явай у беларускай музыцы. Яго называлі доўгачаканым (першы сінгл «Люстраны шар» выйшаў годам раней), характарызавалі як «неймаверна моцны альбом-рэфлексію, які варта паслухаць кожнаму», а таксама называлі «ледзь не найлепшым альбомам года на расейскай мове».

Сапраўды, пад адной вокладкаю сабраныя «9 песень і 1 верш», якія пагружаюць вас у абсалютна палярныя эмоцыі: ад злосці і нянавісці да навакольнай рэчаіснасці да надзеі ў тое, што толькі разам людзі могуць знайсці выйсце з любых жыццёвых віхураў. Падчас канцэрту гэтую палітру эмоцыяў можна было адчуць напоўніцу.

Чаканне выхаду дуэту на сцэну крыху зацягнулася, але гэта толькі спрыяла стварэнню яшчэ больш сяброўскай атмасферы ў клубе. Было відаць, што тут сабралася шмат людзей, якія добра ведаюць адно аднаго. Сярод іх можна было ўбачыць вядомых беларускіх журналістаў, музыкаў, дзеячаў мастацтва і шмат каго яшчэ, хто воляю лёсу апынуўся тут, у Варшаве.

І вось спявачкі на сцэне. Вітанні з гледачамі як са старымі сябрамі – і нарэшце першыя гукі музыкі, якая паступова стала пагружаць зацягнуты туманам ад дымавых машынаў танцпол у своеасаблівую чароўную аўру.

Тое, што адбывалася на сцэне, было больш падобна да шчымлівага маналогу Светы пад глыбокія і пранізлівыя гукі сінтэзатараў, якія пранікалі вам пад скуру, бударажачы ўсё ў сярэдзіне. Публіка глядзела як зачараваная і, амаль не варушачыся, уважліва слухала. Усё дзеянне не было падобнае да традыцыйнага канцэрту, які можна пабачыць у клубах. Усё ж змест і форма песень дуэту не вельмі прадугледжваюць танцы ці актыўныя рухі на танцполе. Гэты канцэрт быў больш пра разважанне, рэфлексію: у клубе сабраліся людзі, якія вельмі добра адчувалі і перажылі тыя ж эмоцыі, пра якія спявала са сцэны Света Бень.

Падчас выступу прагучалі таксама некалькі песень з перыяду гурта «Срэбнае вяселле» ў выкананні Светы і Галі.
Фота: Белсат

Кароткія гісторыі ад Светы пра кожную песню дамалёўвалі агульную карціну, якая нібыта ўжывую стваралася перад усімі прысутнымі. Гэтак, песня «Ластаўкі», з якой пачалася праграма, была напісана ў той час, калі «мы ўсе спрабавалі танцаваць падчас нейкага беспрасветнага паўсюднага жаху і глядзелі на ластавак у нябёсах». Перад выкананнем вершу «Не вінаваты» Света адзначыла, што «не заўсёды дапамога прыбывае тады, калі трэба, але не варта забываць, што яна заўсёды ёсць – не ў вонкавых сілах, якімі б яны ні былі, але ў сілах унутраных». Пасля такой прадмовы радкі «зла не трэба баяцца, трэба баяцца стаць часткаю зла» напоўніліся дадатковым сэнсам.

Фактычна на адным дыханні быў пройдзены «чорны блок», як назвала яго ў нашай размове Галя Чыкіс, з песень «Чорныя бітоны», «Самае злое». У іх лірычны герой то «ўгаворвае сябе неяк выжыць, нягледзячы на тое, што ён памятае, бачыў і ведае», то прымае сам факт таго, што ён сапраўды можа адчуваць злосць, і нарэшце перастае гэтага саромецца.

Але, як гэта бывае і ў жыцці, «чорны блок» абавязкова змяняецца на светлы – і праз песню-надзею «Прыём!», танцавальны «Люстраны шар» дуэт падвёў усіх прысутных да фінальнай, «жыццесцвярджальнай» песні праграмы «Можа». Паводле тлумачэння Светы, яна «просіць нас усіх захоўваць прысутнасць духу і не спяшацца пакідаць гэты свет без асаблівай на тое неабходнасці, не выдаляцца з планеты Зямля без асаблівага запрашэння».

Фота: Белсат

Пасля завяршэння асноўнай праграмы спявачкі некалькі разоў выходзілі на біс і выконвалі песні з іншых праектаў. Была сярод іх натхняльная калыханка са словамі «да дому ўсе вернуцца абавязкова», якую воплескамі сустрэлі прысутныя. Прагучалі і вядомыя песні з «Срэбнага вяселля», якія ўжо сапраўды разварушылі танцпол і вярнулі на некалькі хвілінаў усіх у той «бестурботны» час, калі мы маглі весяліцца і не асабліва задумвацца над цяжкімі пытаннямі «зла».

Уражаннямі пра канцэрт мы папрасілі падзяліцца музычнага журналіста, аўтара тэлеграм-каналу «Беларуская музыка» і музычнага YouTube-каналу «Міністэрства сепультуры» Сашу Чарнуху:

«Мне спадабалася. Я думаю, калі Беньку нават пакінуць сам-насам з укулеле, гэта ўсё роўна будзе выдатна, бо яна майстар і вельмі добра выкарыстоўвае ўсе свае моцныя бакі. Яна выдатная спявачка, выдатная тэатралка, і ейныя тэксты проста ззяюць дзякуючы гэтаму. Так, не ўсё дасканала, але на гэтыя дробязі проста заплюшчваеш вочы. Гэты матэрыял гучыць, трапляе туды, куды мусіць трапляць, і гэта вельмі крута».

Таксама пасля канцэрту нам удалося ўзяць каментар у самых удзельніц дуэту і пацікавіцца, як яны адчувалі публіку на сённяшняй імпрэзе, а таксама распытаць трошкі больш пра тыя эмоцыі, якія яны хацелі данесці да публікі.

«Мне падаецца, цяпер такі дзіўны час, – гаворыць Света Бень, – калі некаторыя эмоцыі вельмі супадаюць у вялікай колькасці людзей. Пэўнае адчуванне адчаю, суму і такога трагічнага досведу, які шмат у каго адбыўся, – гэта, з аднаго боку, вельмі страшная штука. А з другога – гэта аб’ядноўвае. Цяпер, да каго ні звярніся, ты прыблізна разумееш, на якім свеце чалавек і ў якім ён стане. Ува ўсіх ёсць нейкі адзін фон з пэўнымі нюансамі, і таму сёння асабліва важна размаўляць, трымаць адно аднаго за руку, быць побач, падтрымліваць. Для артыста гэта, можа, найбольш плённы час: бо тое, што ты кажаш, трапляе ў падрыхтаваную глебу».

Света прызнаецца, што адзін з пасылаў, закладзеных у альбоме, гучыць так: «Калі ты можаш трымацца – трымайся, падтрымлівай іншых, ні ў якім разе не трэба губляць прысутнасці духу, трэба верыць, мець надзею».

Каментуючы паводзіны публікі ў клубе, якая большую частку канцэрту стаяла нібыта зачараваная, Света адзначыла: «Гэта не забаўляльная музыка, яна, хутчэй, для таго, каб у чалавека быў час перажыць нейкія пачуцці, асэнсаваць іх, абдумаць, прапусціць праз сябе, для глыбокага пагружэння. Мне падаецца, што музыка, якую робіць Галя, вельмі светлая – у ёй ёсць трагізм, але ёсць і шмат святла…»

Фота: Белсат

«Мне заўсёды цікава, – кажа Галя Чыкіс, адказваючы на пытанне, наколькі складана даваць музычнае гучанне лірыцы Светы Бень, – калі ёсць цудоўныя тэксты, працаваць з імі. Я працавала з рознымі паэтамі, і калі тэкст моцны, прыгожы, для мяне гэта вялікі дар чалавека, і мая місія – зрабіць нейкую прыгажосць, нейкую форму вакол гэтага тэксту… Я больш форма, Света – больш змест, таму адбыўся такі сімбіёз».

Не абышлі мы ў размове і тэмы зла, адлюстраванага ў некалькіх песнях з альбому.

«Гэта як адлюстраванне рэальнасці, – каментуе Галя, – яна такая, якая ёсць, мастацтва павінна быць сапраўдным… Не ўсё страшна, пакуль людзі ёсць адно ў аднаго. Цяпер гэта ўсё, што ў нас засталося».

«Але нам не хочацца, – падхоплівае Света, – каб страшнае перамагала, мы хочам даць знак, што мы бачым яго, што яно сапраўды моцнае, мы не прымяншаем яго страшнасці і жудаснасці, але мы лічым важным зрабіць нейкае супрацьпастаўленне. Менавіта таму на першы план выходзяць такія паняткі, як прыгажосць, вера ў музыку, мастацтва, але найперш вера ў чалавека як касмічную адзінку, як канспект сусвету».

Нагадаем: канцэрты Светы Бень і Галі Чыкіс у межах еўрапейскага туру з альбомам «Прыём!» адбудуцца таксама ў Сопаце, Познані, Празе, Вільні, Рызе, Талліне, Бялградзе, Будве, Батумі і Тбілісі.

Фота: Белсат

Квіткі і рэгістрацыя на канцэрты – праз спасылку.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў