Угору па лесвіцы, якая сягае ўніз

Дарэмна я намагаўся выцягнуць з медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага адказ на пытанне пра мэты і перспектывы конкурсу «Тэлевяршыня». «Не сачу і ніколі не сачыў», – сказаў, як адрэзаў Паўлюк. А між іншым сёлета адбыўся ўжо 15-ы такі конкурс. І зноў 25 статуэтак у асноўных намінацыях.

Конкурс «Тэлевяршыня-2024». Менск, Беларусь. 31 траўня 2024 года.
Фота: sb.by

Некалькі гадоў таму прыдумалі (ну як прыдумалі – скапіявалі з Захаду) гэтак званую чырвоную дарожку, падцягнуўшы такім чынам «Тэлевяршыню» да прэміі «Оскар», а ўладальнікаў статуэтак да зорак. Нават прапагандыст Ігар Тур прайшоў сёлета чырвонаю дарожкаю, хаця і застаўся без намінацыі. Ну, слава – яна такая, яе трэба падтрымліваць. Дзве статуэткі ён ужо мае – гадоў 6-7, як трывала асеў у прэзідэнцкім пуле. Расце кар’ера хлопца як на дражджах. Моцная сям’я, двое дзетак, якія будуць ганарыцца бацькам. Што яшчэ трэба? Жыві і радуйся! Ладна Тур, ён ужо загартаваны ў ангажаванай працы. Але ці хоча хтосьці з маладых журналістаў быць падобным на яго? Ці, можа, ён нават чыйсьці кумір? Чаго ўвогуле ў сённяшняй беларускай журналістыцы больш – уласна прафесіі ці комплексу непаўнавартасці?

Няшмат намаганняў трэба, каб некалькі разоў у матэрыяле ўжыць слова «беглыя» і вакол яго будаваць розныя моўныя канструкцыі. Альбо стала ствараць негатыўныя вобразы ЗША, Польшчы, Украіны, NATO і ставіць у прыклад Расею. Ці цікава штодня хваліць вялізныя перспектывы ад падпісання дамоваў з Зімбабвэ ці Манголіяй? Ці ганарыцца тым, што працуеш на бясконца лепшую інфармацыйную праграму краіны «Панарама»? Называй яе хоць брэндам, хоць сімвалам. «Гэта своеасаблівы дыялог з гледачом, з тысячамі гледачоў з дапамогаю камераў, калі ты глядзіш у камеру і быццам бачыш вочы гледача», – някідка зазначае вядоўца АТН Таццяна Кароль. Ну што гэта за лірыка? Дзе крэатыў, дзе кураж, які абавязаны прысутнічаць у працаўнікоў тэлебачання? Інакш на цябе і будуць глядзець тысячы гледачоў, а не мільёны. Але ты не можаш паводзіць сябе ў кадры адвольна, з эксперыментамі і неардынарнымі крокамі, з якімі гойсаюць па экранах планеты зоркі славутых тэлекампаніяў. Дык хаця б суседняй Польшчы.

Яшчэ ў маю бытнасць, гадоў трыццаць таму, калега Ларыса Грынько на рэдакцыйным фуршэціку жартавала, цытуючы адное з выданняў «Панарамы»: «Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Венесуэлу. Нашыя карэспандэнты рыхтуюць рэпартаж на гэтую тэму. А пакуль на іншыя тэмы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў»… і гэтак далей. Яшчэ разоў 5-6 за выданне. Я вось без статуэтак «Тэлевяршыні» і без ухваленняў «прэзідэнта» здзейсніў свае раней нерэальныя, здавалася, планы. Працаваў у якасці акрэдытаванага спачатку блогера, а потым фотажурналіста на чэмпіянаце свету па гандболе ў Польшчы і ў Швецыі летась, на сёлетнім чэмпіянаце Еўропы ў Нямеччыне, на чэмпіянаце свету – 2024 па хакеі ў чэшскіх Остраве і Празе. А раней як: на хакейныя трансляцыі едзе толькі Уладзімір Навіцкі, на гандбольныя – Сяргей Новікаў, які адначасова быў і карэспандэнтам «Прессбола». Выбрацца з Беларусі на такія форумы было проста непад’ёмным заданнем: ні арганізацыйна, ні фінансава. І каб застаўся ў Беларусі, было б тое сама. Але ў цяперашнім становішчы – толькі не лянуйся – і ў дарогу! Квіткі танныя, пражыванне сам абіраеш паводле магчымасцяў. Як і час перабывання на топ-турнірах. Казка дый толькі. Але што ж маладым, якія быццам бы са слязьмі на вачах прымаюць такую дарагую статуэтку «Тэлевяршыня»? Што далей? Няўжо праўда думаюць, што гэта здзяйсненне ўсіх мараў?

Меркаванні
Чэмпіянат свету па хакеі: новы рэкорд наведвальнасці
2024.05.28 17:20

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі выдаў допіс па сваёй старонцы ў Facebook пад назваю «Куды ісці вучыцца на журналіста ў Беларусі». І амаль адразу – адказ: лепей з’язджаць. Пры гэтым спадар Гарэцкі задаецца абавязковым пытаннем: а што рабіць тым, хто з’ехаць не можа? «Выбіраючы лепшае з горшага, мой адказ – не ісці вучыцца на журналістыку. Усё што заўгодна – філалогія, эканоміка, лінгвістыка, але не журналістыка. Добры спецыяліст заўсёды знойдзе сябе ў медыях, альбо ў іншай, не менш цікавай сферы».

Паступіць на журфак цяпер няцяжка. Прынамсі значна лягчэй, чымся ў мае гады. Пра тое, што чакае, не ўтойваюць. На адным з афіцыйных сайтаў так і гаворыцца: «Некалькі апошніх гадоў на факультэце журналістыкі БДУ лічбы набору зніжаюцца. У параўнанні з пазамінулым годам набор зменшыўся на 18 %. Міністэрства адукацыі тлумачыць гэта змяненнем попыту на журналістаў. З 2023 года адмянілі платнае навучанне. З трох спецыяльнасцяў засталіся дзве. А кірунак «міжнародная журналістыка» адмянілі ў адпаведнасці з агульнадзяржаўным класіфікатарам спецыяльнасцяў. Змяненні абумоўленыя патрэбамі дзяржавы ва ўмовах інфармацыйнай вайны ў інтэрнэце». Вось і ўсё, да чаго прыйшла сапраўды некалі высакакласная школа журналістыка ў БДУ праз дзесяцігоддзі. А ішла яна, выходзіць, ад вайны да вайны. Бо, як паведамляюць на сайце факультэту, рыхтаваць журналісцкія кадры ў БДУ пачалі 1 лістапада 1944 года. Сёлета, значыць, 80 гадоў будзе. А згадваць падчас урачыстасцяў будуць усё ці толькі тое, што можна? З акцэнтам, безумоўна, на слоганы, як «ацалець ва ўмовах інфармацыйных войнаў».

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў