Канец «зефірнага транзіту»

Карцінкі з пункту пропуску «Каменны Лог», на якім 3 чэрвеня здарыўся «прадуктовы калапс», у мяне як у выхаванай у паваеннай філасофіі выключнага стаўлення да харчоў асобы выклікалі моцныя негатыўныя адчуванні. «З ежаю так нельга!» – гучаў унутраны голас.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

Другім адчуваннем былі ўспаміны пра жыццё ў папраўчай калоніі. Вось такія ж горы, толькі не прадуктовыя, а рэчавыя ўтвараліся шторазу пасля масавых, рэгулярных і зусім не раптоўных шмонаў асабістых рэчаў вязняў.

Параўнанне жыхароў Беларусі, усё злачынства якіх – у жаданні наведаць цалкам еўрапейскую Літву, з вязнямі зусім не выглядае ў гэтай сітуацыі нацяжкаю.

Калі верыць карцінцы ў беларускім тэлевізары, жаданне перайсці мяжу ў заходнім кірунку – незалежна ад мэты – ужо мяжуе са злачынствам. А распачатыя на (пакуль) асобных прадпрыемствах допыты супрацоўнікаў з мэтаю недапушчэння кантактаў з несяброўскімі краінамі толькі пацвярджаюць агульны дзяржаўны трэнд.

Што ж адбылося? Адкуль узяліся гэтыя зефірна-каўбасныя горы?

Санкцыя. Гэтак дэмакратычная Літва адказала на чарговы выбрык беларускіх чыноўнікаў, якія не так даўно забаранілі імпартаваць у Беларусь спажывецкія тавары літоўскай вытворчасці. Адкуль узялася гэтая забарона на літоўскае, калі ўсё ў тым жа тэлевізары паведамляюць, што ніякай прамысловасці ў Літве няма? Лагічны кантынуум, відавочна, разарваны. Аднак мы маем справу з відавочным санкцыйным пінг-понгам.

І цярпяць у гэтым дурным чэмпіянаце выключна грамадзяне Беларусі. Менавіта яны аплачваюць гэты перформанс са сваёй кішэні. І добра б толькі грошы, але рэгулярнае шматгадзіннае чаканне на пераход запаветных памежных рубяжоў таксама не дадае здароўя падарожнікам.

Закрыццё памежных пераходаў, абмежаванне колькасці аўтобусных рэйсаў (электравікі даўно ўжо не ходзяць), забарона на ўвоз літоўскіх спажывецкіх тавараў на тэрыторыю Беларусі, забарона ў адказ на ўвоз беларускай прадукцыі ў Літву (і для фізічных асобаў) – за ўсё гэта плацяць беларусы.

Згадайма: колькасць літоўцаў, якія наведалі Беларусь у 2023 годзе, была крыху вышэйшая за 200 тысячаў, пры гэтым лік пасажыраў, якія прайшлі праз літоўскія аэрапорты, склала каля 6 мільёнаў чалавек. І ў 2024-м першая лічба падае, другая – расце. Літоўцам нічога не трэба ў Беларусі, і калі мы зазірнём у паказнікі вонкавага гандлю гэтай развітой рэспублікі, то ўбачым, што ў яе экспарце доля Беларусі складае крыху больш за 4 % ($ 1,8 млрд), гэта 8-е месца, а вось у імпарце… У імпарце Беларусі і не відаць: мы не ўваходзім у топ-10, і Літва можа перакрыць гандаль цалкам, з яе эканомікай ад такой жалезнай заслоны зусім нічога не адбудзецца.

Ці ёсць у гэтай бітве пераможцы? Не праглядаюцца.

Можна, вядома, пашукаць тыя кампаніі, якія замяшчаюць забароненую прадукцыю і ў Беларусі, і ў Літве, але гэтыя плыні (у асобных пазіцыях) былі і так настолькі невялікія, што стратэгія з гэтага ніяк не вымалёўваецца. Пераможцаў у фінансавым сэнсе няма.

Калі ж прыбраць з раўнання грошы, высветліцца, што гэтыя прымежныя прадуктовыя горы ў медыях – на руку прапагандыстам з абодвух бакоў.

І беларускія дзяржаўныя СМІ маюць магчымасць абурацца: маўляў, глядзіце, што яны робяць! І літоўскія палітычныя выданні таксама маюць магчымасць даць справаздачу: мы зрабілі захады, вось як мы іх, глядзіце! І зерне гэтае падае на падрыхтаваную глебу.

Што ж далей? Хто абароніць беларуса? Адзіным перамоўцам, камунікатарам у гэтай сітуацыі выступаюць беларускія палітыкі ў выгнанні. Менавіта на іхныя плечы кладзецца абавязак, нягледзячы на абставіны, заклікаць мясцовыя (літоўскія) улады шукаць іншыя санкцыйныя сцяжынкі, якія не закранаюць шараговых беларусаў. І гэта тая самая размова: беларусы – не расейцы, беларусы не значыць рэжым. Гэта, вядома, рух супраць плыні, але затое за беларусаў.

P. S. Пра сітуацыю на мяжы мне паведаміў таварыш, вялікі аматар беларускага зефіру. Паведаміў з сумам: маўляў, транзіт закрываецца. Сёння сітуацыя крыху палепшылася: выйшлі тлумачэнні з літоўскага боку, што ўвоз прадуктаў усё ж такі магчымы, але ва ўскрытых упакоўках. Адэкватнасць атрымала маленькую перамогу, аднак вайна працягваецца, і канчатковая кропка ў ёй – поўнае закрыццё мяжы, якое, на жаль, магчымае.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў