Вагнэраўцы расстрэльваюць расейскіх жаўнераў. Інтэрв'ю з Тарасам Беразоўцам


Чаму байцы ПВК «Вагнэр» забіваюць сваіх жа расейскіх жаўнераў? Як украінцы адплацілі расейцам за ўдары ў пачатку вайны? Да якіх страт прывёў навагодні ўдар украінцаў па ПТВ у Макееўцы? Як выглядае сітуацыя ў Бахмуце, як там поспехі вагнэраўцаў? Што агульнага ў HIMARS і колавага танка AMX-10 RCR, якія перадае Францыя? Інтэрв’ю з капітанам Тарасам Беразаўцом, афіцэрам 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Узброеных сілаў Украіны.

Сяргей Пеляса: Апошні час усё больш інфармацыі пра тое, што на самых гарачых кірунках фронту – вагнэраўцы. Напрыклад, у Бахмуце мы знялі рэпартаж пра беларускіх добраахвотнікаў, і яны кажуць, што большасць расейцаў – гэта вагнэраўцы. Прычым большасць вагнэраўцаў – былыя зняволеныя. Вы на лініі фронту – чаму так адбываецца, што Пуцін здолеў мабілізаваць на паперы прынамсі 300 тысяч рэзервістаў, былых вайскоўцаў, але ўсё роўна ім даводзіцца выдумляць нейкія вычварэнскія формы – як, напрыклад, мабілізацыя зняволеных? Чаму так адбываецца? Ім не хапае мабілізаваных, або яны баяцца мабілізаваць больш? Ці гэта проста нейкі сістэмны правал усёй гэтай пуцінскай машыны?

Тарас Беразавец: Занадта шмат розных фактараў, якія вы пералічылі. І правал з мабілізацыяй, і з тым, што якасць матэрыялу, які яны прызвалі ва Узброеныя сілы, не адпавядае сёння характару вядзення баявых дзеянняў. І ўнутраная бойка, канфлікт паміж прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр» і расейскімі вайскоўцамі, які ўжо не ўдаецца схаваць ім самім. Фактычна, гэта розныя аб’яднанні. ПВК «Вагнэра» – гэта арганізм-паразіт на расейскай арміі, якая з ім у вострым канфлікце. Яны ненавідзяць адно аднаго. Мы павінны разумець, што вагнэраўцы лічаць усіх гэтых нікчэмнікаў мабілізаваных такімі адкідамі, генетычным смеццем. Расейскія вайсковыя кадравыя лічаць іх людзьмі, якія ім ворагі. Яны, па-першае, забіраюць значную частку ваеннага бюджэту. Забіраюць да сябе найлепшых афіцэраў, забіраюць найлепшае ўзбраенне. Акрамя таго, не прытрымліваюцца ніякіх правілаў вядзення вайны.

Гэта ж можна ў значнай меры сказаць і пра расейскую армію, але нават на іх фоне ПВК «Вагнэр» выглядае абсалютнымі ваеннымі злачынцамі, садыстамі, гвалтаўнікамі і забойцамі, якія забіваюць і ўласных вайскоўцаў. Неаднаразова зафіксаваныя выпадкі, калі яны расстрэльвалі расейскіх вайскоўцаў, якія адмаўляліся выконваць загад альбо адступалі. Я не магу сказаць, што большасць тых расейскіх вайскоўцаў, якія цяпер застаюцца ў зоне баявых дзеянняў у раёне Бахмуту, ёсць прадстаўнікамі ПВК «Вагнэр». Суадносіны прыблізна адзін да трох. Гэта значыць, адна частка вагнэраўцаў і тры часткі – расейскіх мабілізаваных.

Але, безумоўна, на адным фоне вагнэраўцы застаюцца найбольш падрыхтаванай часткай – у першую чаргу таму, што ім далі магчымасць прайсці прынамсі двухмесячныя курсы падрыхтоўкі, адрозна ад расейскіх мабілізаваных. Шмат хто з іх ні разу нават не стрэліў перад тым, як іх кінулі сюды. Акрамя таго, ім сапраўды даюць найлепшае ўзбраенне – за кошт расейскай арміі. У іх ёсць усё, нават свая авіяцыя, артылерыя.

Але значная частка ПВК «Вагнэр» ужо ўтылізаваная, знішчаная пад Бахмутам. Іх наступ захлынуўся. Я пра гэта казаў – прадказваў яшчэ напярэдадні Новага года. Ніякага ахоўнага прагрэсу яны дасягнуць, вядома, не могуць. Больш за тое, падчас контрнаступальных дзеянняў іх выбілі за так званы трохкутнік. Гэта самая гарачая частка Бахмуту, куды праціўнік прарваўся напярэдадні. Яны кантралявалі некалькі вуліцаў на ўскраінах Бахмуту. Іх выбілі адтуль, загналі ў так званы трохкутнік – гэта частка, дзе вядуцца самыя актыўныя баявыя дзеянні. Цяпер штурмавыя групы ўкраінскай арміі, украінскага спецназу, сілаў спецыяльных аперацыяў, памежнікаў, нацыянальнай паліцыі, якая таксама ваюе ў складзе сілаў абароны, выкарыстоўваючы штурмавыя групы, снайперскія групы, выбівае праціўніка з ускраінаў Бахмуту.

Навагодняя ноч прынесла добрыя навіны. Украінская армія выдатна павіншавала з Новым годам расейскага агрэсара, знішчыўшы ў Макееўцы некалькі соцень жывой сілы. Мне здаецца, гэта самы буйны аднаразовы ўдар, які нанеслі ўкраінцы па расейцах. Я маю на ўвазе колькасць знішчаных агрэсараў. Як гэта растлумачыць? Чаму практычна адзінаццаты месяц вайны, калі ва Украіны ўжо шмат месяцаў ёсць высокадакладная даволі дальнабойная зброя, HIMARS ды іншыя сістэмы ракетнай артылерыі, – чаму расейцы за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад лініі фронту трымаюць такую колькасць вайскоўцаў у адным будынку? Што гэта такое? Як гэта можна назваць?

Гэта можна назваць адным словам: яны не навучаныя. І не вучацца на ўласных памылках. Украінская армія прайшла працяглы перыяд эвалюцыі. Касцяк арміі быў безумоўна прафесійны, але большасць вайскоўцаў былі людзьмі, якія са службы ў войску не мелі ніводнага дня баявога досведу. Мы вучымся, і наш праціўнік вучыць нас – у тым ліку таму, як весці баявыя дзеянні. Наш вораг паказвае, што ён абсалютна не навучаны. Іх афіцыйная версія – што на тэрыторыі ПТВ-19 у Макееўцы расейскія вайскоўцы, агульнай колькасцю гэта была батальённая група, выкарыстоўвалі масава мабільныя тэлефоны для званкоў сваім блізкім. Аднак мы не можам таксама выключаць версіі здрады з боку расейскага вайсковага камандавання. У тым ліку ПВК «Вагнэр», якому трэба рабіць так, каб усе забыліся пра іхную паразу пад Бахмутам. Таму мы не можам выключаць, што вагнэраўцы самі наўмысна злілі ўкраінскай выведцы каардынаты гэтай вучэльні. Хай яны разбіраюцца самі. Яны цяпер там прызначылі службовае расследаванне. Шукаюць стрэлачніка ва ўсёй гэтай гісторыі.

Факт застаецца фактам – у выніку нанясення ўдараў амерыканскімі комплексамі HIMARS было знішчана больш як 600 расейскіх вайскоўцаў. Яшчэ некалькі соцень лічацца зніклымі без вестак. Яны знаходзяць іх пад заваламі. Раскопваюць кожны дзень новыя целы. Яны афіцыйна прызналі гібель усяго 89 сваіх вайскоўцаў. Рэальная лічба – больш як 600 забітых і больш за 300 параненых. Гэта самае буйное імгненнае і адначасовае знішчэнне расейскіх вайскоўцаў.

Гэта аплата за подлыя ўдары, якія наносіліся ў першыя дні вайны без абвяшчэння, якую пачала Расейская Федэрацыя, калі яны абстралялі ўкраінскія вайсковыя часткі, загінулі шмат якія ўкраінскія вайскоўцы. У тым ліку на тэрыторыі навучальнага цэнтру «Дзясна» ў Чарнігаўскай вобласці загінулі нашыя вайскоўцы. На Явараўскім палігоне ды іншых – гэта значыць, падчас мірнага сну тыя наносілі ракетныя ўдары. Таму мы можам разглядаць гэта як удары расплаты. Безумоўна, такой колькасці расейскіх вайскоўцаў аднаразова не знішчалі ніколі з часу Другой сусветнай вайны. Гэта найбуйнейшая параза, як яе назвала амерыканскае выданне «The New York Times». Гэта асабістая ганьба для Пуціна.

Так, я бачыў гэты тэкст ужо. Мне здаецца, лёд крануўся з заходнімі танкамі для Украіны. Так, пакуль гэта не «Леклеркі» і не «Абрамсы», не «Леапарды». Але, тым не менш, заява Макрона пра тое, што ён перадасць Украіне лёгкія танкі AMX-10, – гэта ўжо нешта. Гэта выдатная тэхніка для вядзення мабільнай вайны. Такой, якую ўкраінская армія паказала ў летнім наступе на ўсход ад Харкава. Гэта пачатак ці гэта канец? Ці пойдуць пасля гэтага рашэння наступныя рашэнні Нямеччына ды іншыя дзяржавы – пра перадачу заходняга танкавага ўзбраення? Бо постсавецкія Украіне ўжо перадалі. Палякі перадалі, а таксама іншыя краіны. Але ці перададуць амерыканцы свае «Абрамсы» і немцы «Леапарды»?

Калі ўкраінскае кіраўніцтва звярнулася да адміністрацыі ЗША з просьбаю перадачы амерыканскіх комплексаў СПА «Пэтрыят», гэта адбылося ў красавіку 2022 года, тады гэта ўспрымалася як фантастыка. І адказ амерыканскай адміністрацыі быў негатыўны. Што мы бачым? Не мінула і дзевяці месяцаў з моманту паўнавартаснага расейскага ўварвання, як пастанова пра перадачу комплексаў «Пэтрыят» прынятая.

Больш за тое на ўзбраенне ўкраінскай арміі паступілі і працягваюць паступаць іншыя найноўшыя ўзоры ўзбраення. Безумоўна, рашэнне адміністрацыі французскага прэзідэнта Макрона перадаць лёгкія колавыя танкі AMX-10RC – надзвычай важнае. Гэта не толькі палітычны знак і не толькі палітычнае рашэнне, бо гэта першыя танкі вытворчасці краінаў NATO, якія паступяць ва Украіну. Нагадаю, што да гэтага нашыя заходнія саюзнікі пастаўлялі нам танкі яшчэ савецкай вытворчасці, мадэрнізаваныя, але тым не менш, гэта былі савецкія танкі. А вось заходніх танкаў мы не атрымлівалі да сённяшняга дня.

На ўзбраенні французскай арміі на гэты момант каля 240 падобных мадэрнізаваных танкаў. Танкі гэтыя рабіліся з 1981 года. Але паколькі яны да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў французскай арміі – гэта сучасныя мадэрнізаваныя танкі з добрай оптыкай. Яны вельмі хуткія і вельмі манеўраныя, яны ідэальна пасуюць для наступальных дзеянняў і будуць падтрымліваць штурмавую пяхоту. Гэта танкі для наступу, для прарыву, якія мы будзем выкарыстоўваць. Яны аснашчаныя сучаснай 105-міліметровай гарматай з высокадакладнымі снарадамі, кулямётам 762, а таксама дадатковым узбраеннем – у прыватнасці, дымавымі машынамі. Таму гэта танкі наступу, танкі прарыву. Тое, што прасіў у нашых заходніх саюзнікаў галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны генерал Валерый Залужны.

Акрамя таго, французскі бок перадасць Украіне бронемашыны «Бастыён», якія таксама выкарыстоўваюцца для падтрымання пяхоты падчас наступальных дзеянняў.

Вядома, гэта не аднаразовая акцыя. Гэта сурʼёзнае практычнае рашэнне, за якім стаіць агульнае ўзгодненае рашэнне саюзнікаў з NATO. І мы можам чакаць перадачы Украіне дадатковых сучасных узораў тэхнікі: нямецкіх танкаў «Леапард», амерыканскіх танкаў«Абрамс». Мы выдатна разумеем, што для адміністрацыі Макрона гэта было няпростае рашэнне. Яны разумелі ўсе рызыкі, у тым ліку для сябе, і палітычныя ціскі, якія яны зазнавалі з боку Крамля. Аднак адміністрацыя Макрона прыняла адпаведнае рашэнне. Таму мы будзем чакаць перадачы нам дадатковых тыпаў узбраення, бронетэхнікі, БТР, танкаў нашымі заходнімі саюзнікамі. Мы зацікаўленыя ў перадачы тэхнікі вытворчасці Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, ЗША, Італіі, Іспаніі ды іншых заходніх краінаў.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 05.01.22

 

Стужка навінаў