Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы праводзіць следчыя дзеянні паводле меркаванага незаконнага пазбаўлення волі Мельнікавай.
Нацыянальная пракуратура Польшчы захоўвае кваліфікацыю расследавання ў дачыненні Анжалікі Мельнікавай як незаконнае пазбаўленне волі, паведаміў «Белсату» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:
«Цяпер апытваюць сведкаў у гэтай крымінальнай справе – як сябраў Каардынацыйнай рады з розных фракцыяў, гэтак і чальцоў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. На жаль, я абмежаваны абавязкамі пра невыдаванне хады аператыўных следчых дзеянняў. Але, разам з тым, я магу выказаць уласнае меркаванне: у мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай».
Нагадаем: некалькі дзён таму стала вядома, што зніклая ў канцы сакавіка спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава магла мець рамантычныя стасункі з мужчынам, які ёсць агентам спецслужбаў Беларусі.
Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала пражыванне ў пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там ейны след губляецца.
Паводле «Кіберпартызанаў», у сакавіку з рахунку фонду Мельнікавай былі выведзеныя вялікія сумы грошай, што прызначаліся для «Кіберпартызанаў» і Каардынацыйнай рады. Агулам з рахунку вывелі $ 150 тысяч.
Пасля гэтага кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, але не праз асабістыя сустрэчы: казала, што хварэе. 25 сакавіка перастала выходзіць на сувязь. 13 сакавіка ейны тэлефон выкарыстоўвалі для доступу да файлаў Каардынацыйнай рады з беларускага IP-адрасу – імаверна, тэлефон быў на тэрыторыі Беларусі.
Дзе Анжаліка Мельнікава цяпер, невядома.
Тэса Анэйда, Дар'я Форман belsat.eu