Сталася вядома пра затрыманне адной з адміністратарак беларускай «Вікіпедыі»: Вольга Сітнік, якая працуе пад нікам Хомелка, раптоўна перастала выходзіць на сувязь яшчэ 17 красавіка.
Як адзначае «Наша Ніва», 17 красавіка Сітнік сапраўды затрымлівалі, аднак пасля адпусцілі. Тым не менш вядома, што тыдзень таму яе зноў узялі пад варту і прысудзілі 10 содняў адміністратыўнага арышту на Акрэсціна.
Вольга Сітнік – хатняя гаспадыня з Менску, маці траіх дзяцей, якая з 2009 года актыўна рабіла ўклад у беларускую «Вікіпедыю». Яна пісала артыкулы на тэмы народнай культуры, прыроды і мацярынства. З 2010 года яна выконвала абавязкі адміністратара.
Калегі Сітнік не могуць з упэўненасцю сказаць, што было падставаю для пераследу.
Гэта ўжо не першы выпадак рэпрэсіяў у дачыненні вікі-супольнасці. У снежні 2024 года быў затрыманы Stary Jolup, хоць ягоная справа не была звязаная з працаю «Вікіпедыі». А 13 сакавіка 2025 года знік Kazimier Lachnovič, ягонае сапраўднае імя невядомае. Імаверна, яго таксама затрымалі ў рамках крымінальнай справы – з таго часу сувязі з ім няма.
Раман Шавель belsat.eu