Доўгія гады артыкул пра Беларусь у расейскай версіі «Вікіпедыі» называўся «Белоруссия». Нягледзячы на шматлікія звароты беларусаў з просьбай змяніць назву на правільную, іх аргументы і просьбы дагэтуль не былі ўлічаныя. Але, здаецца, лёд крануўся.
У 2023 годзе, як паведамляе Telegram-канал «МотолькоПомоги», у Арбітражны камітэт «Вікіпедыі» была пададзеная заява на перагляд напісання назвы краіны. Эксперты спецыяльнай працоўнай групы правялі даследаванне, якое пацвердзіла, што ў большасці крыніц назва «Беларусь» выкарыстоўваецца часцей, чым «Белоруссия». У прыватнасці, аналіз словазлучэнняў «экономика Беларуси» і «экономика Белоруссии» ў Google News паказаў суадносіны частаты выкарыстання гэтых выразаў як 252 да 1.
Вядома, што 6 студзеня працоўная група «Вікіпедыі» рэкамендавала перайменаваць «Белоруссию» ў «Беларусь». Канчатковую пастанову прымуць не раней чым праз два тыдні.
Дыскусія аб правільным напісанні назвы краіны па-расейску – «Беларусь» ці «Белоруссия» – узнікла практычна адразу пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці ў 1991 годзе. Назву «Белоруссия» традыцыйна выкарыстоўвалі для абазначэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе Савецкага Саюзу.
Закон Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1991 года, прыняты Вярхоўным Саветам, вызначыў назву краіны як Рэспубліка Беларусь, а ў скарочаных і складовых назвах – проста Беларусь. Было прадугледжана, што новыя назвы будуць транслітаравацца на іншыя мовы ў адпаведнасці з беларускім гучаннем.
Доктар філалагічных навук, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс звяртаў увагу на тое, што назва краіны замацаваная ў афіцыйных дакументах – і гэта Беларусь. Эксперт адзначаў, што існуе і заключэнне тапанімічнай камісіі ААН на гэты конт.
Інстытут расейскай мовы Расейскай акадэміі навук, аднак, настойвае на тым, што па-расейску нашую краіну правільна называць «Белоруссия». Паводле іх, афіцыйная назва краіны – «Республика Беларусь», а неафіцыйная – «Белоруссия». Акрамя таго, існуе распараджэнне адміністрацыі расейскага прэзідэнта ад 17 жніўня 1995 года, у якім сказана, што ў афіцыйных дакументах краіну трэба называць «Республикой Беларусь» у поўнай форме, а ў скарочанай – «Белоруссией».
Надзея Вольная belsat.eu