15 траўня ў Турцыі плануюцца расейска-ўкраінскія перамовы, прапанаваныя Уладзімірам Пуціным. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што паедзе ў Стамбул, але адзначыў, што размаўляць будзе толькі з Пуціным. Украінскі палітолаг Уладзімір Фэсэнка ў эфіры «Вот Так» сказаў, што расейскі палітык наўрад ці прыляціць у Турцыю.
Уладзімір Пуцін прапанаваў наўпроставыя расейска-ўкраінскія перамовы ў Стамбуле ў адказ на ўльтыматум еўрапейскіх лідараў, якія прыгразілі маштабнымі санкцыямі, калі з панядзелка, 12 траўня, Расея не спыніць агню.
Спачатку ў Кіеве настойвалі, што найперш перамір'е, а толькі потым – перамовы. Аднак прэзідэнт ЗША Доналд Трамп запатрабаваў, каб Украіна пагадзілася на сустрэчу ў Турцыі нават без спынення агню.
Пасля гэтага Уладзімір Зяленскі, працягваючы настойваць на безумоўным замірэнні, пацвердзіў, што прыедзе ў Стамбул, і паклікаў туды Пуціна.
Ці прыедзе расейскі палітык на сустрэчу з Зяленскім, пакуль невядома. Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў запэўнівае, што нейкая дэлегацыя ад Масквы на перамовы накіруецца, але хто ў ёй будзе – не кажа.
«Большасць экспертаў мяркуе, што калі Пуцін і будзе ў Стамбуле, то толькі ў тым выпадку, калі там будзе Трамп або калі Трамп настойліва папросіць Пуціна быць у Стамбуле. Аднак сам Доналд Трамп, хутчэй за ўсё, у Стамбуле будзе, толькі калі будзе рэальная магчымасць для падпісання пагаднення аб спыненні агню. Пакуль гэта малаімаверна», – сказаў у эфіры «Вот Так» украінскі палітолаг Уладзімір Фэсэнка.
Ён адзначыў, што ў Пуціна «даўно не было экстранных візітаў», а імавернасць таго, што палітык прыляціць цяпер у Турцыю, вельмі малая:
«Нашмат ніжэйшая за палову. Калі ўжо ўсё ж такі даваць адсотак, даў бы адсоткаў дзесяць, не болей».
Пры гэтым, як падкрэсліў Фэсэнка, склад расейскай дэлегацыі вельмі важны:
«Гэта будзе сведчыць пра рэальную гатоўнасць да перамоваў. І гэта неабходна для таго, каб адпаведны ўзровень перамоўнікаў быў і з боку Украіны. Таму што, як правіла, дзее прынцып статуснай парытэтнасці. Ну, умоўна кажучы, калі з расейскага боку будзе міністр замежных справаў, з нашага боку таксама павінен быць міністр замежных справаў. А тое, што Масква не дае такой інфармацыі, кажа або пра негатоўнасць да рэальных перамоваў, або пра свядомае маніпуляванне перамоўным працэсам».
Нягледзячы на тое што Пуцін наўрад ці прыедзе на перамовы, візіт Зяленскага ў Турцыю будзе «важнай дэманстрацыяй», упэўнены эксперт:
,,«Зяленскі не будзе ўдзельнічаць у перамовах з расейскай дэлегацыяй. Для Зяленскага проста знаходжанне ў Турцыі будзе важнае як дэманстрацыя таго, што ён прыляцеў у Турцыю на перамовы з Пуціным, а Пуціна няма. Вось гэта важна».
На думку Фэсэнкі, галоўнае, што можа абмяркоўвацца на будучых перамовах, – спыненне агню і абмен «усіх на ўсіх». Толькі пасля гэтага можна будзе размаўляць пра ўсё астатняе, у тым ліку тэрыторыі:
«Калі цяпер пачынаць перамовы пра тэрытарыяльнае пытанне, перамовы могуць зацягнуцца не тое што на месяцы, а на гады і не даць ніякага выніку. І гэта стратэгія Расеі – максімальна зацягваць перамовы дзеля таго, каб весці вайну, працягваць вайну супраць Украіны. І ціснуць трэба не на два бакі, як сказаў Стыў Ўіткаф, ціснуць трэба на Расею. Украіна гатовая да перамоваў, да перамоваў пра спыненне агню. А вось Расея не гатовая. Таму тут зразумела, на каго трэба ціснуць».
Пры гэтым, як сказаў палітолаг, у пытанні акупаваных тэрыторыяў у Масквы і Кіева непрымірымыя пазіцыі:
,,«Я не бачу ніякіх магчымасцяў знайсці кампраміс у тэрытарыяльным пытанні. Мы не будзем прызнаваць ніводнага акупаванага ўкраінскага рэгіёну расейскім. Гэта для нас непрымальна. Не важна, пяць рэгіёнаў ці хаця б адзін рэгіён – ніводнага мы не будзем прызнаваць».
Фэсэнка адзначыў, што вайна паміж Расеяй і Украінай пачалася не дзеля тэрыторыяў, гэтае пытанне ўзнікла пасля анексіі Крыму, а потым – яшчэ чатырох рэгіёнаў.
«Па сутнасці, гаворка ідзе пра імкненне Расеі знішчыць Украіну, а не пра тое, што спрачаюцца дзве краіны за тэрыторыі. Тэрытарыяльнае пытанне можа абмяркоўвацца. Расея яго дакладна будзе ўзнімаць, напэўна, як і шэраг іншых пытанняў: NATO, дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю. Але Украіна не будзе абмяркоўваць гэтых пытанняў без развязання пытання аб спыненні агню», – падсумаваў аналітык.
Сцяпан Кубік / АБ belsat.eu