У беларускіх школах ужо гэтай восенню з’явіцца новы факультатыў – «Асновы кіравання квадракоптарам», паведамляе БелТА са спасылкаю на Міністэрства адукацыі.
Новы прадмет разлічаны на вучняў восьмых і дзявятых класаў. Чакаецца, што ён будзе спрыяць папулярызацыі інжынерных прафесіяў і прыцягненню школьнікаў да тэхнічнай творчасці.
Большасць часу на занятках будзе прысвечаная працы на віртуальным сімулятары і практыкаванням у кіраванні квадракоптарамі.
У рыхтаванні заняткаў настаўнікам будуць дапамагаць спецыялісты Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
З 2023 года ў Беларусі забароненыя набыццё, захоўванне і эксплуатацыя дронаў фізічнымі асобамі. Юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў забавязалі паставіць усе дроны на дзяржаўны ўлік.
Савет міністраў Беларусі прапаноўвае ўнесці ў Крымінальны кодэкс Беларусі артыкул 300-1 – «Незаконныя дзеянні ў дачыненні цывільных беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў». Увоз дронаў у Беларусь, іх захоўванне, зварот, эксплуатацыю і выраб цывільных беспілотнікаў, здзейсненыя цягам года пасля адміністратыўнага спагнання за такія ж дзеянні, прапаноўваецца караць грамадскімі працамі ці штрафам, ці папраўчымі працамі на тэрмін да 1 года, ці арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў, ці пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.
Адначасова сваім указам Аляксандр Лукашэнка спрасціў парадак завозу ў Беларусь БПЛА для сілавых структураў. У тым ліку для ўласнай службы бяспекі, ААЦ і КДБ.
Акрамя таго, выкарыстанне беспілотнікаў адпрацоўваюць на перыядычных вайсковых вучэннях. Міністэрства абароны Беларусі да канца 2025 года плануе купіць больш за паўтысячы беспілотнікаў на 3,3 мільёна долараў. Такая інфармацыя з’явілася на сайце дзяржаўных закупаў. Набываць у асноўным збіраюцца дроны кітайскай вытворчасці розных мадыфікацыяў. Сярод іх і FPV са штучным інтэлектам, тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы ды нават «Mavic» з цеплавізарамі і лазернымі дальнамерамі для выведкі.
Акрамя вайсковых сцэнароў, у цяперашніх беларускіх рэаліях дроны могуць спрыяць уладам у спробах усталяваць татальны кантроль над грамадствам. Гэтак, беспілотнікі можна выкарыстоўваць для відэафіксацыі акцыяў, ідэнтыфікацыі канкрэтных асобаў, выяўлення збору людзей, скіравання групаў сілавікоў на месца падзеяў. Асаблівая роля можа быць нададзеная дронам і ў здушэнні пратэстаў – да беспілотнікаў могуць мацавацца гранаты са слезацечным газам і скідвацца проста зверху ў эпіцэнтр натоўпу, пратэсту.
Марыя Міхалевіч belsat.eu