навіны

Навошта Лукашэнку сотні дронаў?

Ізраільскі вайсковы беспілотнік «Aero Sentinel K» прэзентуюць на выставе «World IT Show 2025» у Сеуле, Паўднёвая Карэя, 24 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Chris Jung/NurPhoto/Getty Images
Ізраільскі вайсковы беспілотнік «Aero Sentinel K» прэзентуюць на выставе «World IT Show 2025» у Сеуле, Паўднёвая Карэя, 24 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Chris Jung/NurPhoto/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Выведка, карэкцыя агню, радыёэлектронная барацьба, знішчэнне тэхнікі і жывой сілы праціўніка – вось толькі базавыя сцэнары выкарыстання беспілотнікаў на вайне ва Украіне. Паводле адмыслоўцаў, цяпер гэта новая рэчаіснасць і будучыня вайсковых канфліктаў на планеце.

«Гэтыя тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка. Сталае развіццё выкарыстання FPV-дронаў прымушае генераваць новыя ідэі, абнаўляць тактыку іх ужывання», – разважае Аляксандр Каваленка, вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив».


Відавочна, разумеюць гэта і ўлады Беларусі. Гэтак, сваім указам Аляксандр Лукашэнка спрасціў парадак увозу ў Беларусь БПЛА для сілавых структураў. У тым ліку для ўласнай службы бяспекі, ААЦ і КДБ. Адпрацоўваюць ужыванне беспілотнікаў і на перыядычных вайсковых вучэннях.


Міністэрства абароны Беларусі да канца года плануе закупіць больш за паўтысячы беспілотнікаў аж на $ 3,3 млн. Такая інфармацыя з'явілася на сайце дзяржаўнага закупу. Набываць у асноўным збіраюцца дроны кітайскай вытворчасці розных мадыфікацыяў. Сярод іх і FPV са штучным інтэлектам, тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы ды нават «Mavic» з цеплавізарамі і лазернымі дальнамерамі для выведкі. 

,,

«Указаныя лічбы не нейкія касмічныя. Мабыць, на роту беспілотных сродкаў дзесьці на 2-3 месяцы актыўных баявых дзеянняў. Калі б іх не закуплялі, гэта было б вельмі дзіўна», – кажа Андрэй Кушняроў, вайсковец ЗСУ.


Кот у абломках расейскага беспілотніка «Герань», збітага ва ўкраінскім небе 31 сакавіка 2024 года ў Кіеўскай вобласці, Украіна. Фота носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Zinchenko/Global Images Ukraine via Getty Images
У Беларусі спрасцілі парадак набыцця дронаў. Здагадайцеся, для каго навіны

Да таго ж, сілавое кіраўніцтва Лукашэнкі актыўна прасоўвае ідэю дасведчанасці беларускага войска і спецпадраздзяленняў у выкарыстанні новых тэхналогіяў, у тым ліку дронаў. Гэтак, падчас свайго нядаўняга візіту ў Катар міністр абароны Віктар Хрэнін запрасіў катарскіх вайскоўцаў прайсці адпаведныя трэнінгі ў Беларусі.


«Чаму б можна было павучыцца, дык гэта вытворчасці ў нейкіх тэхналагічных кірунках. Нават у сферы стварэння беспілотнікаў. І Турцыя набывала ў Беларусі гэтыя тэхналогіі. Што ж да выкарыстання дронаў, гэта даволі дзіўнае сцверджанне, што беларускія вайскоўцы могуць кагосьці чамусьці навучыць», – мяркуе Андрэй Кушняроў.


Акрамя вайсковых сцэнароў, у цяперашніх беларускіх рэаліях дроны могуць спрыяць уладам у спробах усталяваць татальны кантроль над грамадствам. Гэтак, беспілотнікі можна выкарыстоўваць для відэафіксавацыі акцыяў, ідэнтыфікацыі канкрэтных асобаў, выяўлення збору людзей, скіраванняў групаў сілавікоў на месца падзеяў. Рэжым ужо выкарыстоўвае відэа з дронаў і для прапагандысцкіх мэтаў: дэманстрацыі працы войска, міліцыі, стварэння пачуцця усюдыіснасці. Асаблівая роля можа быць нададзеная дронам і ў здушэнні пратэстаў.

,,

«Да іх могуць мацавацца гранаты са слезацечным газам і скідвацца проста зверху ў эпіцэнтр натоўпу, пратэсту. Магчыма нават, эфектыўнасць будзе большая, бо можна на такіх дронах залятаць углыб натоўпу», – кажа Аляксандр Каваленка. 


А рэжым дзеіць прэвентыўна. Яшчэ ў 2023 годзе юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў забавязалі паставіць усе дроны на дзяржаўны ўлік. Фізічным асобам загадалі ўвогуле пазбавіцца ад беспілотнікаў.


Уладзіслаў Корсак belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10