навіны

Самы папулярны прадмет на ЦТ-2025 у Беларусі – замежная мова

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: vgr.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: vgr.by
podpis źródła zdjęcia

22 красавіка быў апошні дзень запісу на цэнтралізаванае тэставанне, а сёння Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў назваў топ-5 самых папулярных сёлета ЦТ.

Цэнтралізаванае тэставанне ў 2025 годзе плануе прайсці амаль 61 тысяча асобаў, расказаў інфармацыйнай кампаніі БелТА дарэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Юрый Міксюк. 


«На першым месцы паводле папулярнасці замежная мова, здаваць яе будуць больш за 17,1 тысячы абітурыентаў. На фізіку зарэгістравалася больш за 13,7 тысячы асобаў. Падцягнулася расейская мова, яе здаваць плануюць больш за 11,5 тысячы абітурыентаў. На матэматыку зарэгістраваліся больш за 11,4 тысячы асобаў. Замыкае топ-5 прадметаў гісторыя Беларусі і больш за 8,5 тысячы тых, хто яе здае», – расказаў Юрый Міксюк.


Расклад ЦЭ і ЦТ


  • 26 траўня: ЦЭ (для 11-класнікаў) і ЦТ (для іншых выпускнікоў) па ўсіх прадметах, акрамя беларускай і расейскай моваў;
  • 29 траўня: ЦЭ і ЦТ па беларускай ці расейскай мове;
  • 2 чэрвеня: ЦТ па матэматыцы, біялогіі, замежнай мове, геаграфіі, сусветнай гісторыі (найноўшы час) і гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі;
  • 5 чэрвеня: ЦТ па грамадазнаўстве, хіміі, фізіцы і гісторыі Беларусі;
  • 19, 21 і 23 чэрвеня: рэзервовыя дні ЦТ;
  • 21, 23 чэрвеня: рэзервовыя дні ЦЭ;
  • 1 чэрвеня: пачатак выдачы сертыфікатаў ЦТ;
  • 27 чэрвеня – 2 ліпеня: прыём абітурыентаў на ўмовах мэтавага рыхтавання і прыём пераможцаў алімпіядаў;
  • 12–17 ліпеня: прыём дакументаў на бюджэтную і платную форму навучання (на асобныя спецыяльнасці ў іншыя тэрміны);
  • 18 і 20 жніўня: дадатковыя рэзервовыя дні для ЦЭ.


Час пачатку ЦТ ува ўсе дні: 11:00.


Што новага ў ЦЭ і ЦТ


У канцы студзеня Савет Міністраў унёс змены ў дакументы аб правядзенні ЦТ. Змены пераважна касметычныя: у дакументах прапісалі забарону мець пры сабе на ЦТ сродкі сувязі, лічбавую тэхніку, фота- і відэаапаратуру, даведачныя матэрыялы на любым носьбіце ды іншае; забарону выносіць з аўдыторыі экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для запісаў і забарону іх фатаграфаваць; забарону размаўляць між сабою і самавольна выходзіць з аўдыторыі. Гэтыя забароны і так фактычна дзеялі на ЦТ. Таксама быў удакладнены спіс абітурыентаў, з якіх не бяруць плату за ЦТ.


Структура і складанасць ЦЭ і ЦТ застануцца ранейшымі, запэўнівае РІКВ. Хіба дадаўся новы прадмет – гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, але ён разлічаны толькі на асобных выпускнікоў, якія яго праходзяць у межах апрабацыі ў 14 эксперыментальных класах. У спецыфікацыях ЦЭ і ЦТ ёсць невялікія адрозненні: напрыклад, у тэсце па расейскай мове будзе на адное заданне менш у лексіцы і на адное больш у стылі маўлення.


Акрамя таго, былі змененыя профільныя тэсты для розных спецыяльнасцяў. Але гэтыя змены набудуць моц з 2026 года і не датычаць найбліжэйшай уступнай кампаніі.


Больш істотныя змены ў сістэме адукацыі агулам


Прыём у ВНУ скарацілі адразу на 2,3 тыс. месцаў. Агулам у 2025 годзе ВНУ Беларусі гатовыя прыняць 48,3 тыс. абітурыентаў. На платнае навучанне ў 2025 годзе лічбы прыёму зніжаныя на 2,7 тыс. месцаў і складаюць 16,5 тыс. На бюджэт жа колькасць месцаў у параўнанні з папярэднім годам вырасла на 400 – да 31,8 тыс. БДУ плануе скараціць колькасць месцаў на платнай форме навучання. Планы прыёму на мэтавае рыхтаванне маюць апублікаваць да 1 траўня (у педагагічных спецыяльнасцях – да 1 чэрвеня).


Таксама ў беларускіх ВНУ ў межах аптымізацыі рыхтавання спецыялістаў сёлета закрыюць 45 спецыяльнасцяў.


Узмацняецца і ціск на навучэнцаў, і ідэалагічнае апрацоўванне, і «замацаванне».


Беларускія ВНУ і школы абавязаныя сачыць за навучэнцамі, ладзіць сярод іх прапагандысцкія акцыі і рапартаваць пра гэта чыноўнікам. Як даведаліся «Кіберпартызаны», штомесяц Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт дасылае справаздачу старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай і ў пракуратуру,


Савет Міністраў бачыць праблему з непапулярнасцю адукацыі ў Беларусі і прымусовым размеркаваннем па атрыманні вышэйшай адукацыі. Вось толькі, мяркуючы са здабытых «BELPOL» дакументаў, не разумее, як гэтыя праблемы скасаваць. Задумалі пагоршыць умовы размеркавання выпускнікоў, абмежаваць выезд моладзі за мяжу. У школы ўжо выклікаюць бацькоў, каб тыя адгаварылі дзяцей паступаць за мяжу.


Міністэрства адукацыі Беларусі абмяркоўвала «антырэпетытарскі ўказ», які, калі будзе прыняты ў нязменным выглядзе, зробіць працу рэпетытараў значна цяжэйшай.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10