23 красавіка ў Лондане мусіла адбыцца важная сустрэча кіраўнікоў МЗС краінаў Захаду і Украіны, прысвечаная перамовам пра замірэнне. Але сустрэча на найвышэйшым узроўні была нечакана скасаваная.
Як удакладняе «Sky News», першым пра адмову заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб'ёў – пасля таго як Уладзімір Зяленскі публічна адмовіўся прызнаць Крым расейскай тэрыторыяй.
«Няма пра што размаўляць – гэта супярэчыць нашай Канстытуцыі… Такога не будзе», – заявіў Зяленскі 22 красавіка.
Менавіта пытанне Крыму было адной з галоўных умоваў мірнага плану адміністрацыі Доналда Трампа. У яго ўваходзілі: замарожванне лініі фронту, гарантыі бяспекі для Украіны, прызнанне Крыму часткай Расеі і адмена санкцыяў супраць Масквы.
Услед за ЗША адмовіліся ад удзелу і іншыя ўдзельнікі перамоваў: міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі, кіраўнік МЗС Францыі Жан-Наэль Баро, міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак. Замест іх у Лондан прыедуць толькі чыноўнікі ніжэйшага рангу.
Ці азначае гэта крах мірнага плану Трампа?
На думку назіральнікаў, крах перамоваў у Лондане сведчыць пра сур'ёзны раскол паміж ЗША і Украінай у разуменні магчымых варыянтаў урэгулявання. Белы дом спрабуе прасунуць «мір на любых умовах», улучна з прызнаннем Крыму расейскім, але для Кіева гэта прынцыповая чырвоная лінія.
Прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Тэмі Брус спачатку патлумачыла адмову Руб'ёў тым, што ён «заняты чалавек», але пазней медыі пацвердзілі: Злучаныя Штаты хацелі пачуць ад Украіны адказ на «канчатковую прапанову», якая, сярод іншага, патрабавала прызнання кантролю Расеі над Крымам.
Нагадаем, Доналд Трамп не выключаў выхаду ЗША з перамоваў у выпадку правалу. Кіеў падтрымліваў мірны план ЗША «на 90 %», але гэты план не быў агучаны публічна: хіба ананімныя крыніцы паведамлялі медыям, напрыклад, што ЗША могуць прызнаць Крым расейскім або ўгаварыць Украіну прызнаць расейскую анексію Крыму і адмовіцца ад далучэння да NATO. Масква ж не выказвала выразнай пазіцыі датычна перамоваў.
Надзея Вольная belsat.eu