З якімі вынікамі Расея, краіна з насельніцтвам больш за 146 млн чалавек, сустракае сваё свята? 35 гадоў таму яго дата – 12 чэрвеня 1990 года, калі Расея перастала быць часткай СССР, – адразу выклікала дыскусіі. Камуністы казалі, што гэта пачатак распаду СССР і называлі гэта «днём незалежнасці ўлады ад народу». Іншыя казалі, што краіну, якая сама была каланізатарам, а не калоніяй, абсурдна называць незалежнай. Але жыццё паказала, што ад сваіх каланіяльных амбіцыяў улады Расеі і не збіраліся адмаўляцца. Апетыты толькі раслі. Праз пару гадоў пацяклі рэкі крыві то ў адной, то ў другой былой савецкай рэспубліцы.
Тады, ды і потым доўгія гады Захад абмяжоўваўся толькі заўвагамі з нагоды парушэння нормаў міжнароднага права, правоў чалавека і вялікіх чалавечых ахвяраў. Ніякай вайсковай дапамогі тым жа чачэнцам, якіх проста фізічна знішчалі расейскія войскі, не было. Гуманітарную дапамогу дала ім толькі Нямеччына.
А вось апошняя вайна, якую развязала Расея, нарэшце прымусіла міжнародную супольнасць адрэагаваць жорсткімі захадамі. Страты для расейскай эканомікі пачаліся ўжо на пяты дзень поўнамаштабнай вайны. Гэтыя міжнародныя фінансава-эканамічныя санкцыі былі значна больш адчувальнымі за тыя, якія былі ўведзеныя ў 2014 годзе пасля захопу Расеяй Крыму і часткі Данбасу. Давайце параўнаем. У 2000 годзе ў эканоміцы Расеі адзначаўся рост ВУП, і ён складаў 10 %, у мінулым годзе – 4,3 %, а сёлета Цэнтральны банк РФ прагназуе рост ВУП толькі на 1,6 %. Тэндэнцыя відавочная.
Санкцыі прывялі да таго, што эканоміка пачала імкліва страчваць імпарт. А гэта ў сваю чаргу прывяло да прастояў на вытворчасці ў выніку недахопу камплектавальных, затрымкі заробкаў, знішчэння бізнесу, звальненняў і перабояў у забеспячэнні. Гэта хутка прывяло да інфляцыі. Расейскі рубель перастаў быць канвертаванай валютай. Дзякуючы санкцыям, актывы ў Расеі і рубель на фінансавых рынках імгненна ператварыліся ў смецце.
Расея ў валютным сэнсе адкінутая да пачатку 1990-х. Да ўсяго трэба дадаць адключэнне расейскага банкаўскага сектару ад SWIFT. А без гэтага немагчымыя экспартна-імпартныя аперацыі. Але яшчэ страшнейшае – замарожванне замежных актываў Цэнтральнага банку.
У цывільнай прамысловасці сітуацыя дрэнная. Дастаткова ведаць, што інвестыцыі пры Пуціне насамрэч ніколі не былі рэальным развіццём прамысловасці, а толькі так званым асваеннем грошай. На практыцы будавалі будынак і выкуплялі інтэлектуальную ўласнасць. Як тут не ўспомніць вывазу заводаў з усім абсталяваннем з захопленых тэрыторыяў Данбасу ў Расею? Выкрасці аказалася прасцей, чым стварыць сваё.
Расейскай эканоміцы сёння пагражае маштабны скачок карпаратыўных банкруцтваў. А гэта найбуйнейшыя кампаніі з сумарным доўгам 44 трлн рублёў. Рэцэсія. Гэты эканамічны тэрмін на практыцы апраўдвае сваё азначэнне: даходы насельніцтва падаюць, аб'ёмы вытворчасці зніжаюцца, беспрацоўе расце, інвестыцыі ў прыватны сектар скарачаюцца. І гэтая рэцэсія ў цывільнай прамысловасці ідзе ўжо поўнаю хадою. Людзі на большай частцы тэрыторыі Расеі цяпер купляюць прадукты на рынках і ў прыватных крамах. Лядоўня супраць тэлевізара. Насуперак заявам пра ўтаймаванне інфляцыі, цэны на шмат якія базавыя прадукты падвоіліся, гэта ўдарыць па бедных. Абвальваецца і рынак нерухомасці. У красавіку гэтага года кватэраў купілі на 23 % менш, чым у красавіку мінулага. А летась амаль на 20 % менш, чым пазалетась.
,,На рынку працы не хапае 1,5 млн кваліфікаваных працоўных рук. Узяць іх няма адкуль. Праблема развязваецца проста: закрываюцца прадпрыемствы, і, значыць, работнікі больш не патрэбныя. Да таго ж ідзе вайна і трэба яшчэ забяспечваць «сыравінай» мясныя штурмы.
Але самы сур'ёзны выклік для Крамля ў тым, што ён не ў сілах супрацьстаяць павышэнню здабычы нафты ў Саудаўскай Аравіі. Значыць, цэны на нафту будуць падаць і далей. Тым часам Цэнтральны банк Расеі папярэдзіў сваіх палітыкаў, што ЗША і ОПЭК змогуць цалкам напоўніць нафтавы рынак, а гэта можа прывесці да працяглага абвалу коштаў. Такое ўжо было ў 1980-х гадах. Тады гэта прывяло да падзення эканомікі СССР. Што было далей, мы ведаем. Сёння ўжо некалькі свідравінаў нерэнтабельныя, і іх колькасць расце.
Але пры гэтым урад РФ павялічыў выдаткі на замежнапалітычную ідэалагічную дзейнасць для прапаганды «русского мира» з 7,6 млрд рублёў у мінулым годзе да 169 млрд на гэты год. «Расейскія дамы» растуць па ўсім свеце на ўсіх кантынентах пад нявінным лозунгам вывучэння расейскай культуры і мовы. Але нядаўні скандал у «Расейскім доме» ў Кыргызстане, калі там вербавалі кантрактнікаў на вайну ва Украіне, паказаў сапраўдныя матывы гэтай дзейнасці.
Цяжка знайсці хаця б адзін станоўчы момант. Але ён ёсць. Выдаткі на вайну ў такой сітуацыі будуць змяншацца, бо проста не будзе грошай. Эксперты сцвярджаюць, што Расею зацягвае ў стагфляцыю. Да верасня стан пагоршыцца, і тады прыйдзецца нешта казаць народу. Народу, які нашпігаваны прапагандай і хварэе на «победобесие». Але і гаварыць з народам давядзецца людзям, якія прывыклі хлусіць. Каго яны гэтым разам прызначаць вінаватымі? Украіну? Захад? А можа, амаль 1300 палітвязняў? Пакуль жа раздаюцца медалькі і гучаць аркестры ў мажорнай танальнасці. Але кожны музыка ведае, як лёгка мажорная танальнасць транспануецца ў мінорную. Гучыць таксама прыгожа, але маршаваць ужо не вельмі весела.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
/ІР