ЗША разглядаюць магчымасць прызнання расейскага кантролю над Крымам у абмен на мірную дамову.
Вашынгтон можа пайсці на прызнанне кантролю Расеі над украінскім Крымам у рамках шырэйшага пагаднення наконт спынення вайны, паведамляе «Bloomberg» са спасылкаю на некалькі ананімных крыніцаў, знаёмых з перамовамі.
Як адзначае выданне, такая магчымая саступка з боку ЗША – сігнал таго, што адміністрацыя прэзідэнта Доналда Трампа імкнецца дасягнуць пагаднення наконт спынення агню. Гэта прагучала пасля таго, як Трамп і дзяржаўны сакратар Маркаў Руб’ёў заявілі пра магчымы выхад ЗША з перамоўнага працэсу, калі бакі не прадэманструюць гатовасці да кампрамісу.
Канчатковая пастанова ў гэтым пытанні яшчэ не прынятая, а Белы дом і Дзярждэпартамент пакуль адмаўляюцца ад каментароў.
На мінулым тыдні ЗША рэпрэзентавалі хаўруснікам у Парыжы праект мірнага пагаднення. Ён уключае ўмовы спынення агню і магчымасць змякчэння санкцыяў супраць Масквы. Сутнасць прапановы – замарозіць лінію фронту, што фактычна азначае захаванне расейскага кантролю над значнай часткай акупаванай украінскай тэрыторыі. Таксама не плануецца разглядаць далучэння Украіны да NATO.
Крыніцы «Bloomberg» падкрэсліваюць, што міжнароднае прызнанне расейскага суверэнітэту над Крымам было б значнаю перамогаю для Уладзіміра Пуціна, які з 2014 года дамагаецца легітымацыі анексіі паўвострава. Аднак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней неаднаразова заяўляў, што тэрытарыяльныя саступкі Расеі непрымальныя для Украіны.
Між тым у пятніцу Доналд Трамп выказаў нецярпенне адносна хады перамоваў. З ягоных словаў, калі адзін з бакоў будзе занадта ўскладняць працэс, ЗША «проста адыдуць убок».
Працяг перамоваў паміж заходнімі хаўруснікамі, у тым ліку прадстаўнікамі Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і Украіны, чакаецца на наступным тыдні ў Лондане.
Раман Шавель belsat.eu