Дзіцячая акцыя арганізоўваецца праектам «Хуткая гуманітарная дапамога».
«Нават невялікі ўнёсак можа змяніць чыёсьці жыццё»
Дзіцячую акцыю ладзіць праект «Хуткая гуманітарная дапамога», у які ўваходзяць фонды «BYSOL», «By_Help», «Краіна для Жыцця» і «Dissidentby».
,,«Калі адзін з бацькоў апынаецца за кратамі, а другі вымушаны ратавацца за мяжой, пакутуюць у першую чаргу дзеці. Сёння сотні сем’яў палітвязняў жывуць у эміграцыі, сутыкаючыся з фінансавымі і побытавымі праблемамі. Іх дзеці пазбаўленыя свайго дому, сувязяў і часта самага неабходнага. Нават невялікі ўнёсак можа змяніць чыёсьці жыццё да лепшага. Будзем побач з імі, пакуль яны не ўдома!», – заклікаюць арганізатары збору.
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана 100 еўраў. Заяўкі на атрыманне дапамогі будуць прымацца да 18 траўня ўключна.
Сабраныя сродкі ідуць на:
• экскурсіі, паездкі, падарожжы, дзіцячыя летнікі;
• адукацыйныя гурткі: шахматы, маляванне ды інш.;
• спартовыя секцыі: басейн, тэніс, футбол;
• рыштунак для гульняў і спорту: мячы, красоўкі, самакаты, ровары і г. д.
Хто можа падаць заяўку на атрыманне дапамогі?
• сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў (ці абое) застаюцца ў зняволенні не менш за тры месяцы (у тым ліку, на «хіміі» з накіраваннем або без);
• былыя палітвязні з дзецьмі;
• бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію» – і пры гэтым маюць інваліднасць, або ёсць пенсіянерамі, або выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія жывуць як у Беларусі, так і за яе межамі.
Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць форму. Калі вы хвалюецеся за сваю бяспеку, то запаўняйце форму, не дасылаючы дакументаў. Арганізатары звяжуцца з вамі і ўдакладняць неабходную інфармацыю ў ліставанні.
Падтрымаць збор можна па спасылцы. Арганізатары запланавалі сабраць 20 тысяч еўраў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu