Вынікі першага тура галасавання ў лістападзе 2024 года, у якім прарасейскі аўтсайдар Кэлін Джарджэску неадназначна ўтрымаў перамогу, ануляваў Канстытуцыйны суд краіны – у фінансаванні ягонай перадвыбарчай гонкі абвінавацілі Расею.
Галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі пачалося 4 траўня а 7-й гадзіне і скончыцца а 21-й. Прэзідэнта з 11 кандыдатаў сёння выбіраюць амаль 18 мільёнаў грамадзянаў.
На гэтыя выбары акрэдытавалі 159 міжнародных назіральнікаў, што амаль удвая перавышае колькасць назіральнікаў на выбарах у лістападзе 2024 года. Таксама павялічылася колькасць замежных журналістаў: 87 асобаў у параўнанні з 32 на папярэдніх выбарах.
Паводле стану на 14:00 яўка выбарнікаў перавысіла 27 %, а гэта больш за 4,8 мільёна румынаў. Аднак шанцаў, што прэзідэнта абяруць менавіта ў нядзелю, усё роўна мала: хутчэй за ўсё, ніхто не атрымае неабходнай абсалютнай большасці галасоў. У гэтым выпадку другі тур выбараў у Румыніі пройдзе 18 траўня.
Сітуацыя ў краіне нервовая: адхіленнем аднаго прарасейскага кандыдата не абышлося, і цяпер, упершыню пасля звяржэння дыктатара Нікалае Чаўшэску, фаварытам становіцца прарасейскі кандыдат.
Гэта 38-гадовы правы кандыдат Джордж Сіміён, які падазраецца ў сувязях з расейскай ФСБ і якому забаронены ўезд у Малдову і Украіну, але на ягоным баку кіраўніцтва ЗША і Расеі. Сіміён спадзяецца на падтрыманне тых, хто застаўся не задаволены адхіленнем Джарджэску, а таксама тых, хто расчараваўся карупцыяй асноўных партыяў.
Паспаборнічаць з ім на выбарах могуць толькі былы чалец Нацыянал-ліберальнай парты Крын Антанэску і мэр Бухарэсту Нікусар Дан. А вось Алена Ласконі, якая прайшла ў першым туре выбараў ад партыі «Саюз выратавання Румыніі», цяпер амаль не мае шанцаў на перамогу, бо яе партыя стала падтрымліваць мэра Бухарэсту.
Паводле звестак апытанняў грамадскай думкі, якія не сказаць, каб вельмі незалежныя, за Сіміёна цяпер 30 % выбарцаў, за Антанэску – 24 %, за Дана – 22 %, за Ласконі – 6 %.
Што здарылася на выбарах прэзідэнта Румыніі ў мінулым годзе?
Кэлін Джарджэску ўдзельнічаў у першым туры прэзідэнцкіх выбарах у Румыніі ў лістападзе 2024 года. У месяцы, што папярэднічалі выбарам, ён быў адносна невядомы: рэйтынг яго папулярнасці складаў ад 3 % да 5 %. Ён абвясціў пра нулявую бюджэтную кампанію, не меў выбарчага офісу і не ўдзельнічаў у традыцыйнай агітацыі, але потым рэзка пачаў набіраць вірусную папулярнасць у TikTok, дзе ездзіў конна ў традыцыйных румынскіх строях і займаўся дзюдо. Як вынік, за некалькі тыдняў да выбараў ён набраў амаль 23 % галасоў і прайшоў у другі тур разам з Аленай Ласконі.
Але вынікі першага туру былі ануляваныя ў снежні, за два дні да другога туру галасавання праз абвінавачанні ў расейскім умяшанні на карысць Джарджэску, якое Крэмль адмаўляў.
Прадстаўнікі TikTok тады заявілі BBC, што выдалілі больш за 27 тысяч падробных акаўнтаў, якія «выкарыстоўвалі падстаўныя асобы для публікацыі каментароў, звязаных з выбарамі ў Румыніі», а таксама «заблакавалі мільёны фальшывых узаемадзеянняў, выдалілі сотні тысяч спам-акаунтаў, што выдавалі сябе за палітычных кандыдатаў, і секцыі трох таемных сетак уплыву з абмежаваным ахопам».
А ў сакавіку 2025 года Цэнтральнае выбарчае бюро Румыніі забараніла Джарджэску ўдзельнічаць у паўторных прэзідэнцкіх выбарах у траўні. Пазней ён прайграў апеляцыю: канстытуцыйны суд краіны заявіў, што рашэнне было адзінагалоснае і канчатковае. Цяпер расследаванне працягваецца: разбіраюцца, хто менавіта незаконна даваў грошы Джарджэску на ягоную перадвыбарчую кампанію.
Сачыць за вынікамі выбараў можна тут.
Тэса Анэйда belsat.eu