У канцы выходных аўтамабільныя чэргі на ўездзе ў Польшчу з Беларусі проста велізарныя – кіроўцы чакаюць 50 гадзінаў. З аўтобусамі сітуацыя 4 траўня спрыяльная для пасажыраў, але становіцца горшай, пішуць у тэматычных чатах.
А шостай вечара 4 траўня ўезду ў Польшчу праз адзіны працоўны пункт пропуску Берасце – Тэрэспаль чакала 1420 аўтамабіляў.
У такой чарзе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі традыцыйна абвінавачвае польскі бок – «кантрольныя службы Польскага памежнага пераходу «Тэрэспаль» не робяць захадаў для выканання нормаў пропуску транспарту і па-ранейшаму запаволена афармляюць аўтамабілі».
У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, кіроўцы распавядаюць, што толькі пасля рэгістрацыі ў зоне чакання да выкліку на мяжу праходзіла 45 гадзінаў, а нават і 51. Некаторыя падлічвалі, што за содні было выклікана каля 370 машын для праходжання пашпартнага і мытнага кантролю.
Таксама кіроўцы адзначалі, што рух мог спыняцца на некалькі гадзін.
Затое ў бок Беларусі з Польшчы чэргаў практычна няма. Адзін з кіроўцаў кажа, што беларускія спецыялісты правяралі ўсё ўважліва, але хутка.
Пра аўтобусныя чэргі ў бок Польшчы Дзяржпамежкамітэт Беларусі не паведамляе. Людзі ўдзень пісалі, што аўтобусы ўсё ж такі ёсць, але згадвалася чарга ў двары перад уездам да польскіх памежнікаў – сем аўтобусаў.
«Усё горш і горш робіцца», – апісвае сітуацыю на мяжы адзін з падарожнікаў.
Тыя, хто ехалі 4 траўня ў Беларусь з Польшчы, пішуць радасныя каментары – прайсці мяжу і ў палякаў, і ў беларусаў удавалася за 1,5–2 гадзіны.
Арсен Рудэнка belsat.eu