Хрысціянскі свет рыхтуецца да Вялікадня – найбольш шанаванага свята. У гэтую нядзелю вернікі згадаюць пра ўваскрашэнне Ісуса Хрыста. Але вялікае сімвалічнае значэнне мае ўвесь тыдзень напярэдадні.
«Калі хрысціянін не перажыў гэтую таямніцу пакут Хрыстовых, калі ён не апынуўся ў сваіх думках, сваіх перажываннях каля крыжа Хрыстовага, то для яго не будзе мець такой радасці і такога напаўнення ўваскрэсенне Хрыстова», – кажа святар Георгій Рой.
У перадвелікодны чацвер у святынях ладзяцца адмысловыя службы ў памяць пра апошнюю вячэру Хрыста з дванаццаццю апосталамі. А ўдома ў гэты дзень наводзяць парадак: мыюцца, пякуць велікодныя пірагі і фарбуюць яйкі. Прытым, што фарбаванне яек – не рэлігійная, а народная традыцыя. Але царква на гэты конт мае толькі адно абмежаванне:
,,«Не трэба ўпрыгожваць налепкамі з іконамі, бо потым дзе гэтыя налепкі апынуцца? Яны апынуцца ў сметніцы і атрымаецца, што мы выкінулі вобраз Хрыста, багародзіцы ці кагосьці са святых», – кажа Георгій Рой.
Найчасцей для фарбавання выкарыстоўваюць адвар з лушпіння цыбулі, крапівы ці буракоў. Гэта звыклы нескладаны працэс. І такія яйкі называюцца крашанкі. А ёсць у народнай традыцыі больш доўгі і медытацыйны спосаб аздобіць яечкі – распісаць іх воскам. Пасля чаго вытрымліваюць у адвары ці фарбе. Захавалася традыцыя на Вялікдзень яйкі размалёўваць.
Акурат на пачатку велікоднага тыдня ў Вільні беларускія, украінскія і літоўскія майстры правялі адмысловую сустрэчу. У межах Суседскага фэсту любы ахвочы мог узнавіць аўтэнтычныя навыкі стварэння пісанак і маляванак.
«Асабіста я знаходжу шмат падабенства паміж гэтымі краінамі, бо ўсе яны звязаныя са старажытнаю рэлігіяй, якая, як я думаю, адзіная, бо ўсё звязана з прыродаю», – кажа адна з арганізатарак майстар-класу народная спявачка з Літвы Дораце Гірэя.
,,«Традыцыя маляванак заключаецца ў тым, што іх не ўжываюць у ежу як крашанкі. Іх можна камусьці падарыць або выкарыстоўваць як абярэг», – адзначае майстрыха з Украіны Валерыя.
Крашанкі ж – першае, з чаго пачынаецца святочны абед у нядзелю. Што рабіць, каб яйкі ды іншыя святочныя стравы, прыгатаваныя загадзя, не сапсаваліся? Гатаваць няшмат і захоўваць у лядоўні, раіць нутрыцыёлаг, спецыялістка ў харчовых паводзінах Алеся Трыфан:
«Напрыклад вараныя яйкі захоўваюцца не больш за 5-7 дзён пры ўмове што шкарлупіна не пашкоджаная. І вядома, пры найменшым падазрэнні – калі непрыемны пах ці ежа стала ліпкай ці змяніла колер – не рызыкаваць і не ўжываць такую ежу».
Пры фарбаванні яек, прызначаных для ежы, адмыслоўца раіць выкарыстоўваць натуральныя ці адмысловыя харчовыя фарбавальнікі. Калі ж вы не паспелі пафарбаваць яек сёння, для гэтага прызначаны яшчэ адзін дзень на перадвелікодным тыдні – субота.
Ірына Дарафейчук belsat.eu