навіны

«Настоящее Время. Беларусь» спыніла трансляцыю. Працаўнікоў адправілі ў адпачынак

Мікрафон тэлеканалу «Настоящее Время. Беларусь».
Мікрафон тэлеканалу «Настоящее Время. Беларусь». Фота: currenttime.tv
podpis źródła zdjęcia

Тэлеканал «Настоящее время» паведаміў пра спыненне трансляцыі сваёй часткі «Настоящее Время. Беларусь». Усіх працаўнікоў медыя адправілі ў адміністрацыйны адпачынак.

Тэлеканал «Настоящее время» ствараўся карпарацыяй «Radio Free Europe/Radio Liberty» (RFE/RL) пры ўдзеле «Голасу Амерыкі». Пайсці на крайнія захады цяпер давялося, бо праз спрэчку аб фінансаванні RFE/RL з Агенцтвам ЗША ў справе глабальных медыяў (USAGM) былі радыкальна скарочаныя выдаткі на тэлеканал.


Адгалінаванне каналу «Настоящее Время. Беларусь» было створанае два гады таму для расейскамоўнай аўдыторыі з Беларусі. Як распавядаў у інтэрв’ю Беларускай асацыяцыі журналістаў дырэктар «Настоящего Времени» Павел Буторын, перад праектам ставілася задача паведамляць беларусам цікавую і карысную інфармацыю без цэнзуры і абмежаванняў, а таксама распавядаць пра актуальныя праблемы, перш за ўсё ўнутры краіны, але таксама і за яе межамі.


Кіраўніцтва каналу сцвярджае, што 75 % яго гледачоў жывуць у Беларусі.

,,

«Цяпер мы вымушаныя прыпыніць сваю працу як мінімум на месяц. Увесь гэты час мы не зможам перадаваць навінаў, распавядаць гісторыяў, рабіць аналітыкі і размаўляць пра важнае са сваёй аўдыторыяй. Для кантэнт-праекту гэта раўнасільна коме – з кожным днём прастою ўсё менш шанцаў вярнуцца. Але мы спадзяемся захаваць сваю жыццяздольнасць», – паведаміла кіраўніца медыя «Настоящее Время. Беларусь».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: svaboda.org

Радыё «Свабода» адправіла частку рэдакцыі ў адпачынак

навіны

Радыё «Свабода» і «Голас Амерыкі» апынуліся пад пагрозай закрыцця пасля таго, як прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 14 сакавіка загадаў радыкальна скараціць штат USAGM, якое курыруе гэтыя медыі.


Карпарацыя RFE/RL падала ў суд на USAGM за спыненне фінансавання, якое было вылучанае Кангрэсам ЗША на 2025 фінансавы год.


Аднак, на распараджэнне ўраду ЗША, 3 красавіка быў адключаны спадарожнік, які трансляваў на тэрыторыю Расеі праграмы на расейскай мове радыё «Свабодная Еўропа» / радыё «Свабода» (RFE/RL). Гэтае рашэнне датычыць таксама кругладзённай расейскамоўнай трансляцыі медыя «Настоящее Время» на Расею, Украіну, Сярэднюю Азію, Усходнюю Еўропу і іншыя рэгіёны.


У красавіку сваю працу значна скарацілі беларуская і ўкраінская службы радыё «Свабода». Частку працаўнікоў адправілі ў адпачынак.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10