навіны

«Бульбе гамон, уся чорная». Замаразкі знішчаюць пасевы беларусаў

Іней на лістах дрэў
Іней на лістах дрэў. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

На ноч з 8 на 9 траўня ў Беларусі абвешчанае штармавое папярэджанне пра небяспечную гідраметэаралагічную з’яву – замаразкі да -5 °C. Падобная сітуацыя захаваецца ўдзень у пятніцу, 9 траўня, магчымы мокры снег у асобных раёнах і парывісты паўночны вецер. Два дні таму начныя маразы шмат дзе знішчылі пасевы, дзеляцца беларусы ў сацсетках, а таксама распавядаюць, як рыхтуюцца да новых халадоў.

Тэмпературныя рэкорды і памаранчавы ўзровень небяспекі


Услед за красавіцкімі замаразкамі ў Беларусь прыйшлі травеньскія. Абсалютны рэкорд мінімальнай тэмпературы быў пабіты ў ноч з 5 на 6 траўня ў Бабруйску. Упершыню за 124 гады (назіранні за тэмпературай на метэастанцыі ў Бабруйску вядуцца з 1901 года) у траўні быў зафіксаваны мароз -4,5 °C. Папярэдні рэкорд быў у 1999 годзе – тады 6 траўня было -4,0 °C.


На глебе маразы былі яшчэ мацнейшымі. На метэастанцыях «Палеская» і «Бабруйск» тэмпература зніжалася да -9 °C. У сацсетках распавядаюць, што ўначы 6 траўня ў Гомлі мароз на глебе дасягаў аж -10 °C.


З 7 траўня Міністэрства надзвычайных сітуацыяў аж на тры дні абвесціла памаранчавы ўзровень небяспекі ў звязку з адмоўнымі тэмпературамі паветра ўначы – нават да -5 °C. Замаразкі на глебе могуць быць яшчэ мацнейшымі.


МНС папярэджвае: такія халады могуць быць пагібельнымі для гародніны. А ў Беларусі шмат хто ўжо высадзіў бульбу і караняплоды ў адкрыты грунт. Ратаўнікі раяць уцяпляць усе пасадкі спанбондам. Абавязкова трэба накрыць бульбу на палях.


Яблыні ў куртках, градкі пад пуховымі коўдрамі


Мы паглядзелі, што беларусы распавядаюць пра замаразкі ў сацсетках:


«Мсціслаў. Вінаград, грушы, грэцкі арэх – не будзе. У вішні няма завязі».


«У мяне і клубніцы замерзлі, і агрэст, і парэчкі, і ўсё астатняе».


«Яблыні хрустальныя проста стаяць, лісты і кветкі замерзлыя, барбарыс у інеі, замерз. Сёлета мароз захацеў дабіць канчаткова».

Вяскоўцы накрываюць градкі. Фота чытачоў
Вяскоўцы накрываюць градкі. Фота чытачоў

А напярэдадні новых замаразкаў беларусы кінуліся ратаваць тое, што яшчэ не памерзла. У хаду ідзе ўсё: і спанбонд, як раіць МНС, і сена, і вогнішчы, і свая вопратка, і пуховыя коўдры.

,,

«Пад пакрыццём – радыскі/цыбулі, клубніцы. Але перадусім пладовыя дрэвы, ім капут цалкам амаль: яблыкі, грушы, персікі, слівы, чарэшні. Каб сагрэць дымам, ганяюць мароз, паляць вогнішчы, але фішка ў тым, што як толькі замаразкі ўначы прыходзяць, то і дым пачынае ісці роўна ў неба, а не слацца, як пры плюсавай тэмпературы, то такое...» – распавядаюць чытачы «Белсату».


Некаторыя апранаюць дрэвы і кусты ў курткі і паліто, як вось гэтая жанчына, якая выклала ў TikTok незвычайны «паказ моды».





З ёй згодныя падпісчыкі:


«На яблыню можна было старую куртку апрануць. Ужо так два разы рабіла і ўратавала. А вось у першыя замаразкі не дадумаліся, як вынік – адмерзлі два персікі, сліва і чарэшня маладзенькія».


«Каб штосьці спыніць, трэба быць чараўніком»


А вось яшчэ спосабы ўратавання пасеваў:


«Спанбонд 60-ка ў чатыры слаі ратуе. Мінулыя замаразкі мы выстаялі, спадзяюся, і гэты раз не падкачаем».


«Мы таксама ўсё ўкрылі і каля дрэваў два мангалы распалілі, і ўсю ноч палілі».


«У мяне клубніцы пад пуховымі коўдрамі».


«Бульба ўзышла, сенам засыпала».




Аграном у Instagram зазначае, што замаразкі асабліва небяспечныя, калі расліны ў актыўнай фазе зялёнага росту:

,,

«З красавіцкімі замаразкамі мы паспяхова справіліся, а ў фазе актыўнага зялёнага росту, каб штосьці спыніць, трэба быць проста чараўніком. У актыўнай фазе зялёнага росту штосьці захаваць зможа, напэўна, толькі агонь, дым, і ўсё».


Аднак спецыяліст раіць не засмучацца і берагчы свае нервы і здароўе.


«Вінаград адновіцца з бакавых почак, дурніцы адновяцца з ніжніх почак, ружа – са спячых почак, маліна рэмантантная – ад каранёў. Клубніцы не захаваць, бо кветканосы чорныя. У Пінску ўвогуле быў моцны вецер, цяпер чорныя кветканосы. Гартэнзія таксама адновіцца, проста патрэбны будзе час», – распавядае адмыслоўца.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10