Паводле распараджэння ўраду ЗША быў адключаны спадарожнік, які трансляваў на тэрыторыю Расеі перадачы на расейскай мове «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода» (RFE / RL), паведаміў кіраўнік медыякарпарацыі Стывен Капус.
Пра адключэнне спадарожніка стала вядома 3 красавіка.
,,«Мы прыйшлі сёння на працу і ўбачылі, што спадарожнікавыя паслугі, якія ахопліваюць Расею, былі адключаныя агенцыяй ЗША па глабальных медыях (USAGM)», – распавёў генеральны дырэктар RFE / RL.
Гэтае рашэнне датычыць таксама кругласутачнага расейскамоўнага вяшчання медыя «Current Time» («Настоящее Время») на Расею, Украіну, Сярэднюю Азію, Усходнюю Еўропу і іншыя рэгіёны.
«USAGM паведаміла RFE / RL пра тое, што спадарожнікавыя кантракты на вяшчанне «Current Time» на Еўропу былі скасаваныя», – дадаў Капус.
Паводле дырэктара «Радыё Свабода», расейскія гледачы цяпер бачаць чырвоны экран з надпісам: «З жалем паведамляем вам, што Агенцыя ЗША па глабальных медыях (USAGM) прыняла рашэнне спыніць распаўсюд «Current Time».
Стывен Капус зазначыў, што ў радыё ёсць і іншыя спосабы ахапіць расейскую аўдыторыю.
«Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі» апынуліся пад пагрозай закрыцця пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 14 сакавіка загадаў радыкальна скараціць штат USAGM, якое курыруе гэтыя медыі.
Медыякарпарацыі падалі ў суд на USAGM. Суд забараніў спыненне фінансавання і звальненне супрацоўнікаў. 31 сакавіка RFE / RL адправіла значную частку супрацоўнікаў у вымушаны адпачынак у чаканні, калі USAGM выдзяліць грошы, неабходныя медыя для працягу працы да кастрычніка.
«Радыё Свабода» (RFE / RL) распачала сваю працу на пачатку 1950-х гадоў і фінансавалася Кангрэсам ЗША. На дадзены момант медыя ахоплівае амаль 50 мільёнаў чалавек у краінах з аўтарытарнымі рэжымамі, уключаючы Беларусь, Кітай, Іран і Расею.
Марыя Міхалевіч belsat.eu