навіны

18 беспілотнікаў былі збітыя над Беларуссю з пачатку года

Дрон-камікадзэ «Shahed-136». Фота: mil.in.ua
Дрон-камікадзэ «Shahed-136». Фота: mil.in.ua
podpis źródła zdjęcia

Паветрана-абаронныя сілы Беларусі з пачатку года знішчылі 18 беспілотнікаў самалётнага тыпу. Пра гэта паведаміў камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч у эфіры тэлеканалу СТВ.

Паводле Андрэя Лук’яновіча, з пачатку 2025 года было зафіксавана 128 парушэнняў дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, перадае ягоныя словы БелТА.

,,

«У нас баявое ўжыванне [адбывалася. – Заўвага «Белсату»] 23 разы: нашыя дзяжурныя сілы знішчылі 18 беспілотных лятальных апаратаў самалётнага тыпу», – сказаў Андрэй Лук'яновіч.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 112.ua

«Беларускі Гаюн» спыніў працу, але беспілотнікі не спыніліся

навіны

Адметна, што падобную інфармацыю беларускія ўлады агучваюць вельмі неахвотна.

Так, віншуючы вайскоўцаў і ветэранаў войскаў супрацьпаветранай абароны з прафесійным святам 13 красавіка, Аляксандр Лукашэнка назваў СПА «надзейным шчытом Айчыны», аднак не згадаў залёту ў беларускае неба расейскіх дронаў і ракетаў.

У сакавіку намеснік міністра ўнутраных справаў і камандзір унутраных войскаў Мікалай Карпянкоў распавёў, што спецпадраздзяленні абараняюць краіну ад беспілотнікаў з дапамогаю сістэмаў CПА і РЭБ. Паводле ягоных словаў, над важнымі аб’ектамі створаны «купал бяспекі», і ўсе групы маюць сродкі для выяўлення і супрацьдзеяння дронам, а Лукашэнка надае гэтай праблеме вялікую ўвагу.

Але ў той жа час ён заявіў, што дроны часам падаюць на тэрыторыю Беларусі – гэта наступствы падзеяў на паўднёвых межах. Іх абясшкоджваюць сапёрныя падраздзяленні, і ніводзін дом пры гэтым не пацярпеў.

З самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне маніторынгам актыўнасці беспілотнікаў над Беларуссю займаўся праект «Беларускі Гаюн». Цягам 2024 года, паводле падлікаў «Гаюна», на тэрыторыю нашай краіны заляцелі 395 дронаў з Расеі і Украіны. Большая частка з іх – гэта так званыя шагэды (расейскія ўдарныя дроны). Сярод іх таксама было адзначана пяць выведных беспілотнікаў. З іх 196 БПЛА вярнуліся ва Украіну і Расею, 189 папросту зніклі (як кажуць вайскоўцы, былі лакацыйна страчаныя), 10 былі збітыя або ўпалі ў Беларусі і Латвіі.

5 лютага 2025 года праект «Беларускі Гаюн» паведаміў пра несанкцыянаваны доступ да чату тэлеграм-каналу, а праз дзень, 7 лютага, напісаў пра спыненне сваёй працы. Усяго за час назірання «Беларускі Гаюн» (да моманту спынення маніторынгу) налічыў 495 заходаў расейскіх БПЛА ў Беларусь, шэсць з іх заляталі ўжо ў лютым.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10